Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПА СТАРОЙ САВЕЦКАЙ ТРАДЫЦЫІ СЬВЯТКУЕ МІЖНАРОДНЫ ЖАНОЧЫ ДЗЕНЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

На галоўным праспэкце гораду, які па-ранейшаму носіць імя Леніна, я сустракаў найбольш жанчын з заклапочанымі тварамі. Тыя ж гаспадарчыя сумкі ў руках, тыя ж будзённыя праблемы. Праўда, у адрозьненьне ад звычайнага дня, на вуліцах часьцей трапляліся мужчыны, якія несьлі букеты кветак. Часьцей за ўсё – галінак мімозы.

Тут жа, па праспэкце, пытаюся, ці вырашаная зараз у беларускім грамадзтве праблема роўнасьці жанчын і мужчынаў? Распавядае Сьняжана Ягорава:

(Ягорава: ) “Я лічу, што сама мэта не зусім зразумелая. Немагчыма дасягнуць роўнасьці. Дый навошта гэта, калі моц жанчыны — у яе слабасьці. З другога боку, мне б хацелася, каб мужчыны і жанчыны мелі роўныя правы. Напрыклад, пры выбары працы альбо пры заняцьці нейкіх пасадаў. Гэта важна. Калі жанчына можа, калі яе розум дазваляе, то ня трэба ставіць нейкія парогі. Але, на жаль, так здараецца вельмі часта”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што ў нашым грамадзтве жанчына не займае належнага месца?”

(Ягорава: ) “На жаль, так часам бывае. Калі ёсьць выбар паміж жанчынай і мужчынам, перавагу аддаюць мужчыне”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба зрабіць, на вашую думку, каб правы жанчыны былі на належным узроўні?”

(Ягорава: ) “Напэўна, перш за ўсё — зьмяніць сьвядомасьць грамадзтва. Але гэта даволі доўгі шлях. Адразу тут шмат ня зробіш. Можна зьмяніць праўную базу, але выхаваньне і сьветапогляды людзей – яны адразу не мяняюцца”.

80-гадовая пэнсіянэрка Ганна Саньнікава лічыць, што беларускім жанчынам бракуе лідэрства:

(Саньнікава: ) “Мужчыны часьцей імкнуцца выбіцца ў лідэры, чым жанчыны. Магчыма, таму, што жанчына больш загружаная — дзеці, сям’я, праца. Але ў нас шмат жанчын разумных, цікавых, і яны зусім маглі б быць лідэрамі”.

Ева Кір’янава на праблему роўнасьці глядзіць па-свойму:

(Кір’янава: ) “Роўных правоў у жанчыны і мужчыны ніколі ня будзе. Такое ў нас жыцьцё. Я нарадзіла пяцёх дзяцей, вырасьціла. Пайшла на пэнсію, мне за іх ні капейкі не даплацілі. Ні капейкі! Вось зараз жанчыны не нараджаюць — яны, пэўна, разумныя”.

Аднак больш за ўсё мяне ўразіла прызнаньне кранаўшчыцы будаўнічага трэсту Надзеі Пучковай:

(Пучкова: ) “Ведаеце, у нас у гэтым годзе жанчын нават не павіншавалі з 8 сакавіка. Сказалі: выбачайце, жанчыны, няма грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ў якой арганізацыі так сказалі?”

(Пучкова: ) “У будаўнічым трэсьце №14. Заробак і тое нам затрымліваюць”.

(Карэспандэнт: ) “А за які месяц з вамі разьлічыліся?”

(Пучкова: ) “Нам выплацілі за сьнежань “кашолку” — 56 тысяч. І за студзень таксама “кашолку”.

Спадарыня Пучкова лічыць, што зараз амаль любой жанчыне нашмат цяжэй, чым мужчыну:

(Пучкова: ) “На жанчыну зараз звалілася больш абавязкаў — і дома трэба, і на лецішчы, каб штосьці вырасла, каб менш трэба было купляць, бо купляць няма за што”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG