Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны культуры


Юрась Барысевіч, Менск

Маскоўскі клюб інтэлектуалаў “Авторник” наладзіў канцэрт экспэрымэнтальнае музыкі, у якім узялі ўдзел маскоўскі гурт “Независимый профсоюз” і менскі “Засралі казарму”. У рэпэртуары маладога, але ўжо скандальна вядомага менскага гурта пераважаюць беларускамоўныя песьні, сярод якіх — “Марат Казей”, “Песенька тутэйшых”, “Аналіз калу”. Пасьля канцэрту міліцыя затрымала на Беларускім вакзале лідэра гурта Віктара Жыбуля: міліцыянтам падалося, што паэт хавае ў дзіўным футарале не балалайку з гітараю, а выбуховыя рэчывы. Пасьля вобшуку Жыбуля адпусьцілі, аднак балалайку цяпер давядзецца рамантаваць.

У Гомелі прайшла нарада супрацоўнікаў гарадзкіх установаў культуры. Сярод іншых праблемаў абмяркоўваўся аварыйны стан Палацу культуры Цэнтральнага раёну, які не рамантаваўся ўжо 40 гадоў. Улады прымушаюць установы культуры ўзьнімаць плату за паслугі, і ў выніку рэзка скарацілася колькасьць навучэнцаў школаў мастацтваў. Грошай, што сёлета выдаткавалі гомельскія ўлады на культуру, хопіць толькі на 8-10 месяцаў. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Кузьняцоў патлумачыў крызысны стан гомельскага бюджэту заняпадам прамысловых прадпрыемстваў.

У Музэі Беларускае акадэміі мастацтваў адчынілася выстава кніг і альбомаў, створаных выбітнымі мастакамі ХХ стагодзьдзя. У Беларусі зусім мала мастакоў, якія спрабуюць канцэптуальна асэнсаваць сваю творчасьць, мала хто піша кнігі ды маніфэсты, і гэта — адна з прычынаў кансэрватызму й правінцыйнасьці беларускага жывапісу. На Захадзе ж, як сьведчыць выстава, ледзь ня кожны вядомы мастак прадае не карціны, а ідэі, шукае не кліентуру, а аўдыторыю. Наладзілі выставу нямецкія Інстытут міжнародных сувязяў і Інстытут Гётэ.

Выйшла ў сьвет ужо сотая кніга гісторыка-краязнаўчае сэрыі “Памяць”. Усе 700 старонак кнігі прысьвечаныя гісторыі Асіповіцкага раёну. Сярод гістарычных мясьцінаў згадваецца вёска Вязьзе, дзе пэўны час жыў з братамі й маці Максім Багдановіч. Сёлета ў сэрыі “Памяць” мае выйсьці яшчэ каля 20 тамоў, а апошні, 145-ы, том сэрыі выйдзе праз тры гады.

Пецярбурскі рэжысэр Кірыл Капіца зьняў на студыі “Беларусьфільм” 4-сэрыйную тэлевізійную стужку “Сяброўка восень”. Сцэнар сэрыялу пра “пазбаўленых вульгарнасьці жанчын” напісала беларускі драматург Юлія Вашко, бальшыня актораў — таксама беларускія. Стваральнікі фільму прапанавалі Першаму Нацыянальнаму тэлеканалу бясплатна паказаць сэрыял у якасьці падарунка беларускім жанчынам 8-га і 9-га сакавіка, аднак вольнага месца ў вяшчальнай сетцы для яго не знайшлося. Таму прэм’ера стужкі адбудзецца на адным з расійскіх тэлеканалаў у красавіку.

У Музэі гісторыі беларускае літаратуры праходзіць выстава аднаго з найлепшых беларускіх акварэлістаў Вячаслава Паўлаўца. Аўтар даў выставе назоў “Адлюстраваньне”: падчас працы аркуш паперы, набрынялы вадзянымі фарбамі, уяўляецца мастаку люстэркам. У майстэрні ў гэтых “люстэрках” можа ўбачыць самога сябе аўтар, а на выставе — глядач. Сюжэты акварэляў Паўлаўца — быццам бы звычайныя беларускія краявіды, але імкнуўся мастак паказаць Нутраную Беларусь — краіну, якую кожны носіць дзесьці ў душы.
XS
SM
MD
LG