Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАСПАЧАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ "ЛЕСЬБІЙСКІ РУХ: БЕЛАРУСЬ І ЗАМЕЖНЫ ДОСЬВЕД"


Галіна Абакунчык, Менск

Арганізатары прымеркавалі адкрыцьцё двухдзённай канфэрэнцыі да 8 сакавіка, каб прадэманстраваць, што лесьбіянкі лічаць сябе ня горшымі за іншых беларускіх жанчын і гэткім чынам адзначаюць жаночае сьвята. А па-другое — у выхадны дзень значна меншая рызыка перасьледу з боку ўладаў.

На пытаньне, ці сапраўды ў Беларусі існуе дыскрымінацыя сэкс-мяншыняў, адна з арганізатараў форуму й кіраўнікоў "Лямбды" Ірына Гушча адказала наступнае:

(Гушча: ) "А як вы думаеце? У нас лесьбіянкі могуць адкрыта жыць, хадзіць у тэатры, рэстараны альбо наведваць нейкія прыёмы? У Беларусі канечне ж няма такога. Некалькі гадоў таму быў выпадак, калі жанчыны прыйшлі зь лесьбійскага фэстывалю да нашага мэра й спыталіся, ці можна паказаць фільм пра лесьбіянак. Мэр на гэта адказаў, што ў Беларусі лесьбіянак няма. Таму трэба паказаць гэтую праблему, пераадолець крызыс лесьбійскага руху, бо адзінокіх жанчын у краіне вельмі шмат".

Дэманстрацыяй крызысу руху сэкс-мяншыняў сталася бадай што й адкрыцьцё міжнароднай канфэрэнцыі, на якой сабраліся каля двух дзясяткаў чалавек разам з гасьцямі са Швэцыі й ЗША.

Паводле арганізатараў, прычынай таму — боязь і стэрэатып мысьленьня саміх лесьбіянак, непрызнаньне іх у грамадзтве, а галоўнае — нэгатыўнае стаўленьне ўладаў. Да прыкладу, Дзяржкамдрук забараняў друкаваць часопіс "Лямбда", а шматлікія спробы зарэгістраваць арганізацыю закончыліся безвынікова. Гаворыць міжнародны сакратар Беларускай лігі сэксуальных мяншыняў "Лямбда" Сяргей Трапачоў:

(Трапачоў: ) "У нас увогуле сытуацыя з сэксуальнымі меншасьцямі вельмі цяжкая. Яны ня маюць таго, што мае большасьць. І калі ў замежных краінах існуюць, да прыкладу, у парлямэнтах нават фракцыі геяў-сацыял-дэмакратаў, дык у нас да гэтага яшчэ далёка".

Летась, падчас правядзеньня міжнароднага фэстывалю сэкс-мяншыняў, улады Беларусі чынілі ўдзельнікам мноства перашкодаў. Пачатак цяперашняй акцыі "Лямбды" прайшоў без інцыдэнтаў. Канфэрэнцыя завершыцца 9 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG