Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬПІНІСТКА ІРЫНА ВЕЛЯНКОВА СТАЛА ПЕРШАЙ БЕЛАРУСКАЙ, ІМЯ ЯКОЙ ТРАПІЛА Ў КНІГУ РЭКОРДАЎ ГІНЭСА


Ігар Карней, Менск

Над ложкам Ірыны Велянковай — вялізны каляровы плякат з выявай адной з самых непрыступных вяршыняў Тыбэту — гары Даўлагіры. Шэсьць гадоў таму гэтая вяршыня магла ў літаральным сэнсе стаць апошнім прытулкам беларускай альпіністкі, калі з прычыны дрэннага надвор'я яна не пасьпела вярнуцца на базу і з надыходам цемры засталася на вузкім (мэтар на мэтар) выступе лядовага схілу на вышыні болей за 8 000 мэтраў.

Цягам наступных 13 гадзінаў Велянкова скакала, прысядала, танчыла, губляла прытомнасьць ад недахопу кіслароду, зноў рабіла практыкаваньні. А пасьля, зьнясіленая, самастойна вярнулася ў лягер. Экстрэмальны начлег у гарах каштаваў дорага: абмаражэньні 3-й і 4-й ступеняў, ампутацыя пальцаў ног і пятачных касьцей, пратэзаваньне...

Нават адмыслоўцы альпінізму былі ў шокавым стане, бо зь людзей, якія траплялі ў падобныя сытуацыі, дагэтуль жывым не вяртаўся ніхто: літаральна некалькі гадзінаў у разрэджаным паветры — гэта сьмерць. Таму зараз Велянкова — бы навуковы дапаможнік для ўсіх вышыньнікаў сьвету.

Але толькі цяпер, праз шэсьць гадоў, фэномэн Велянковай знайшоў адлюстраваньне ў галоўнай кнізе ўсясьветных рэкордаў. Ірына, натуральна, усьцешаная, але ня верыць, што гэты факт неяк адаб'ецца на ейных наступных задумах.

(Велянкова: ) "У нас многія людзі на словах падтрымліваюць беларускую ідэю, асабліва, калі беларусы дзесьці могуць першыя сказаць сваё слова, могуць зрабіць нешта значнае, пра што будзе вядома ў сьвеце. Але мой досьвед зносінаў, асабліва што да праектаў, якія ты сапраўды імкнесься рэалізаваць упершыню ў сьвеце, пераконвае: усё застаецца на словах. Хто ўдзельнічае ў такіх праектах, кожны езьдзіць за асабістыя сродкі: адкладзеныя, пазычаныя. Грошай заўсёды бракуе, даводзіцца шмат у чым сабе адмаўляць — абы толькі ўкласьціся ў пэўную суму".

Вяртаньня Велянковай у вялікі спорт ніхто не чакаў. Але два гады фізычнае рэабілітацыі пераканалі ў тым, што пляны ў яе на гэты конт зусім іншыя. Пасьля трох, так бы мовіць, "трэніровачных" узыходжаньняў на Эльбрус, летась яна першай зь беларусаў скарыла найвышэйшую вяршыню Паўночнай Амэрыкі — пік Мак-Кінлі.

Ад тае пары ейныя пляны вельмі акрэсьленыя: падняцца на найвышэйшыя вяршыні ўсіх кантынэнтаў. Сярод амбіцыйных плянаў фігуруе пік Аканкагуа, што ўздымаецца над Паўднёвай Амэрыкай. Але ці спраўдзіцца задума — цалкам залежыць ад фінансаваньня. На жаль, дзяржава ніяк ня ўдзельнічае ў праектах, якія надаюць краіне куды больш вядомасьці, чым іншая дыпляматыя.

(Велянкова: ) "Я даўно зразумела, што зьвяртацца, прыкладам, у Фэдэрацыю альпінізму, якая грамадзкай арганізацыяй пры Міністэрстве спорту, дарэмна. Яна ня мае грошай. Дзеля чаго яна існуе? У 1998 годзе, калі апошні раз былі выдаткаваныя спонсарскія грошы, праводзіўся сапраўды сур'ёзны адбор у Прыэльбрусьсе, было ўзыходжаньне ў вельмі суровых умовах. Пасьля гэтага не было нічога.

Кожнае лета зьбіраецца невялікая група, хлопцы выяжджаюць самастойна на Каўказ. Я лічу, што гэта каб толькі патусавацца, зрабіць некалькі ўзыходжаньняў, адпачыць. Гэта несур'ёзная падрыхтоўка перад сур'ёзнымі гарамі — пры тым, што ўвесь час лунаюць мроі кшталту "зьбіраемся ў Гімалаі, на Эвэрэст". Гэта зусім несур'ёзна".

Калі я вярнуўся ў бюро, Ірына патэлефанавала і са словамі "забылася на самае важнае", распавяла: летась яе, адзіную ад Беларусі, улучылі ў склад кіраўніцтва "Міжнароднай асацыяцыі альпіністаў" — ІМА. І ўжо пры канцы гэтага году пад эгідай ІМА яна зьбіраецца рэалізаваць яшчэ адзін праект у Гімалаях — бескіслароднае ўзыходжаньне на васьмітысячнік Чуу-Ю. Але, апроч бел-чырвона-белага сьцяга, яна зьбіраецца туды ўзяць і нешта іншае:

(Велянкова: ) "На вяршыню заўсёды нясуць якуюсьці атрыбутыку: як правіла, гэта сьцягі сваіх краінаў, альбо значкі. Украінцы несьлі на Канчынджангу "Кабзар" Шаўчэнкі. Але ніхто і ніколі не стаяў на найвышэйшых вяршынях у нацыянальным адзеньні (вось сказала і зараз хвалююся, каб у мяне гэтую ідэю раптам ня скралі).

Я гэта хачу зрабіць дзеля таго, каб мая справа мела шырокі розгалас сярод усіх беларусаў, якія неабыякавыя да нацыянальнай атрыбутыкі. Мару проста на вяршыні апрануць гэтае адзеньне, зьняцца на якасную высотную відэатэхніку.

Калі з восеньскім праектам на Чуу-Ю атрымаецца, то будзе й наступны. Роўна праз год — паўстагодзьдзя ад першага пасьпяховага ўзыходжаньня на Эвэрэст. Прадстаўнік афіцыйнай асацыяцыі альпіністаў Няпалу Анг Цэрынг запрасіў усіх, хто калі-небудзь узыходзіў на Эвэрэст, а таксама сябраў асацыяцыі ІМА. Паводле ідэі, усе ўдзельнікі праекту будуць у нацыянальных строях. Так, узяўшыся за рукі, мы будзем стаяць у найвышэйшым пункце плянэты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG