Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПЫНЯЕ ВЫХАД НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА "ГОЛАС ПРУЖАНАЎ"


Алег Супрунюк, Берасьце

Апошнi нумар незалежнай газэты "Голас Пружанаў" выйшаў летась у верасьнi, але толькi зараз рэдактар выданьня Iосiф Машкала вымушаны быў абвесьцiць, што з сакавiка выхад газэты прыпыняецца. Адначасова спадар Машкала распавёў пра прычыны, якiя перашкаджаюць выдаваць газэту.

Паводле рэдактара, мясцовая вэртыкаль вельмi нэрвова адрэагавала на некаторыя леташнiя публiкацыi у "Голасе Пружанаў". Напрыклад, журналiсты газэты паведамлялi пра факты раскраданьня бюджэтных грошай у былых вайсковых гарадках Шэрашава i Ружаны. Газэта таксама рэзка крытыкавала стаўленьне ўладаў да адкрыцьця помнiка нацыянальнаму герою Беларусi Кастусю Калiноўскаму ў Ружанскай пушчы. Падчас прэзыдэнцкай кампанii "Голас Пружанаў" друкаваў на сваiх старонках паведамленьнi пра парушэньнi ўладамі выбарчага заканадаўства.

Адразу пасьля выбараў рахунак газэты быў заблякаваны, а пружанскiя ўлады пачалi шукаць падставы для закрыцьця выданьня. Гаворыць Iосiф Машкала:

(Машкала: ) "Яны — райвыканкам i КГБ — нават напiсалi лiст у Камiтэт у справах друку, што мы знаходзiмся не па сваiм юрыдычным адрасе. Камiтэт у справах друку вынес нам папярэджаньне. Мы паслалi iншыя паперы i даказалi, што знаходзiмся па тым самым адрасе, але пакуль прыпыненая дзейнасьць у сувязi з такiмi рэчамi. Камiтэт у справах друку прыслаў загад, што скасоўвае сваё папярэджаньне. А далей пайшла падатковая праверка: незаплачаных падаткаў налiчылi ўсяго на 66 000 рублёў, а санкцыяў — амаль на тысячу даляраў".

Падатковая iнспэкцыя тлумачыць накладзены штраф тым, што некаторыя нумары "Голаса Пружанаў" рэдакцыя надрукавала за кошт атрыманых ахвяраваньняў, а падатак з гэтых ахвяраваньняў ня быў сплочаны. Адначасова пружанскiя ўлады прымусiлi мясцовы цэнтар рэабiлiтацыi iнвалiдаў скасаваць дамову аб перадачы ў арэнду рэдакцыi некалькiх памяшканьняў”.

Гэтыя падзеi й прымусiлi рэдактара газэты Iосiфа Машкалу афiцыйна папярэдзiць пра спыненьне выхаду "Голасу Пружанаў". Як зазначыў спадар Машкала, у 1931-м годзе падобны лёс напаткаў газэту, якая выходзiла з той жа назвай, але на габрэйскай мове. Яна таксама спынiла сваё iснаваньне пад цiскам тагачасных уладаў.
XS
SM
MD
LG