Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАРАДЗКІ СУД АДМАЎЛЯЕЦЦА ПРЫМАЦЬ НА РАЗГЛЯД СПРАВУ АБ ТРАГЕДЫІ НА НЯМІЗЕ, У ЯКОЙ ЗАГІНУЛІ 53 ЧАЛАВЕКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ён лічыць, што злачынства, у якім абвінавачваюцца адказныя супрацоўнікі гарадзкой міліцыі Віктар Русак і Міхаіл Кандрацін, адпавядае ўзроўню раённага суду, і таму гэтую справу няма сэнсу разглядаць ў гарадзкім судзе. У выніку цяпер справа знаходзіцца ў судзе Цэнтральнага раёну, але пракуратура не спыняе намаганьняў, каб яе разглядалі менавіта ў гарадзкім судзе. Старшы пракурор Сьцяпан Міхальчук заявіў Радыё Свабода:

(Міхальчук: ) "Гарадзкі суд адмовіўся прыняць у нас гэтую справу і наш кур'ер вымушаная была яе адвезьці назад, а потым ў Цэнтральны суд. Аднак мы адразу даслалі хадайніцтва ў гарадзкі суд, што ім варта гэтым заняцца. Толькі пацярпелых па справе праходзіць больш за 300 чалавек, а дзе іх разьмясьціць у раённым судзе?”

Старшыня рады грамадзкага аб'яднаньня "Няміга-99" Натальля Навакоўская, маці адной з загінулых на Нямізе дзяўчат, галоўным аргумэнтам на карысьць гарадзкога суду лічыць вялікі грамадзкі рэзананс трагедыі:

(Навакоўская: ) "Гэтая справа асаблівай важнасьці, шмат загінулых, шмат пацярпелых, а таксама вельмі істотна тое, як будзе ацэненая ў ёй роля ўладаў. Таму мы, бацькі і сваякі загінулых ,катэгарычна супраць таго, каб працэс правялі ў раённым судзе. Гэта расцэньваецца намі як спроба схаваць вынікі гэтай гісторыі".

Да пазыцыі Натальлі Навакоўскай далучаецца і старшыня грамадзкага цэнтру прававой дапамогі насельніцтву Алег Воўчак. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што да адказнасьці прыцягваюцца кіраўнікі гарадзкой міліцыі:

(Воўчак: ) "Канешне, яны былі б зацікаўленыя, каб іх справу разглядаў раённы судзьдзя, замест калегіі гарадзкіх судзьдзяў".

Між тым стала вядома, што гарадзкія ўлады пагадзіліся з камітэтам "Няміга-99" аб ўсталяваньні на месцы трагедыі мэмарыяльнай дошкі зь імёнамі ўсіх 53 загінулых. Гэтая дошка будзе адкрытая на трэцюю гадавіну трагедыі, 30 траўня 2002 году.
XS
SM
MD
LG