Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС АДРЭАГАВАЛА НА СПРАВАЗДАЧУ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША ПРА СТАНОВІШЧА З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Адказваючы сёньня на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра афіцыйную рэакцыю Міністэрства замежных справаў на даклад дзярждэпартаменту ЗША, прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка заявіў наступнае:

(Латушка: ) “Нічога новага ў ім для сябе мы не даведаліся. Мы зьвяртаем увагу на тое, што некаторыя факты, прыведзеныя ў гэтым дакладзе, надуманыя. Мы параўноўваем ацэнкі дзярждэпартамэнту ЗША па іншых краінах СНД і краінах Усходняе Эўропы”.

Павал Латушка паабяцаў, што МЗС накіруе запыт у адпаведныя дзяржаўныя ўстановы Беларусі, каб тыя падрыхтавалі юрыдычныя ацэнкі што да адпаведных накірункаў іхнай дзейнасьці. Таму падрабязная рэакцыя беларускага боку на справаздачу дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША будзе прыблізна празь месяц.

(Латушка: ) “Зь іншага боку, мы таксама чытаем штогадовыя справаздачы арганізацыі Аmnesty Іnternational і зьвяртаем увагу на прыклады парушэньня правоў чалавека ўласна ў Злучаных Штатах Амэрыкі, даем адпаведныя ім ацэнкі. Мы зьвяртаем увагу на тое, што колькасьць зьняволеных у Злучаных Штатах Амэрыкі налічвае больш за 2 мільёны чалавек. І ў працэнтных адносінах да насельніцтва мы ня можам параўнаць гэтую лічбу зь якой-небудзь іншай краінай сьвету”.

Павал Латушка паведаміў таксама, што 10 сакавіка міністар замежных спраў Міхаіл Хвастоў паедзе ў Беласток на запросіны Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы, каб прысутнічаць на гала-канцэрце агульнапольскага фэстывалю “Беларуская песня 2002”.

Гэты фэстываль пройдзе пад ганаровым патранатам польскага міністра замежных справаў Уладзімера Цімашэвіча, зь якім спадар Хвастоў у нядзелю плянуе правесьці рабочую сустрэчу. Папярэдняя сустрэча двух міністраў адбылася ў Бухарэсьце, дзе спадар Цімашэвіч даволі рэзка выказаў беларускаму калегу незадавальненьне з нагоды невыканьня Менскам умоваў АБСЭ й нераскрыцьця справаў зьніклых палітыкаў.

Міхаіл Хвастоў сустрэнецца з кіраўніцтвам арганізацыі польскіх беларусаў. Паводле МЗС, беларускія ўлады надаюць праблемам беларусаў Польшчы значную ўвагу.

Зь Беластоку, нягледзячы на тое, што 12 сакавіка ў Менску пройдзе паседжаньне саюзнага Савету міністраў на чале з расейскім прэм'ер-міністрам Міхаілам Касьянавым, беларускі міністар паедзе ў Кіеў, дзе менавіта 12 сакавіка пачнецца ягоны візыт ува Ўкраіну.

Заплянаваныя сустрэчы Міхаіла Хвастова з украінскімі прэзыдэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам замежных справаў. Чакаецца падпісаньне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж двума МЗС, а таксама міжурадавага мэмарандуму аб прынцыпах непрымяненьня спэцыяльных захадаў ва ўзаемным гандлі да тавараў, якія імпартуюцца з мытнай тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны. У Кіеве спадар Хвастоў таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары Ўкраіны.

Ня выключана, што ў Кіеве будуць абмеркаваныя таксама праблемы беларускіх стасункаў з эўрапейскімі арганізацыямі. Вось што заявіў напярэдадні візыту Міхаіла Хвастова ўкраінскі амбасадар у Менску Анатоль Дронь:

(Дронь: ) “Гэта рабочы візыт, нармальны рабочы візыт у адказ. Бо тут двойчы былі міністры замежных справаў Украіны. Трэба высьветліць пазыцыі Ўкраіны й Беларусі на міжнароднай арэне, у тым ліку й эўрапейскія справы, і справы СНД. Трэба ўзгадніць нашыя пазыцыі й мажлівыя дзеяньні, узаемную падтрымку нашых краінаў у ААН, іншых міжнародных арганізацыях, дзе Беларусь і Ўкраіна прадстаўленыя. Мы выступалі й працягваем выступаць за тое, каб Беларусь была паўнавартасным сябрам усіх міжнародных арганізацыяў. Мабыць, і на гэтую тэму будзе размова – ёсьць пра што разамаўляць кіраўнікам замежнапалітычных ведамстваў”.
XS
SM
MD
LG