Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ШПАРКІМІ ТЭМПАМІ ІДЗЕ БУДАЎНІЦТВА ПАДЗЕМНАГА ПЕРАХОДУ


Ганна Соусь, Менск

(Будаўнік: ) "Бэтаніраваць усё будзем, потым гідраізаляцыю рабіць, засыпаць і гэтак далей".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі часу гэта ўсё зойме?"

(Будаўнік: ) "Раней за дарогу ня зробіш".

(Карэспандэнтка: ) "А Вы ведалі пра тое, што ў Курапатах людзі жывуць ужо пяць месяцаў?"

(Будаўнік: ) "Хто тут ведаў..."

(Карэспандэнтка: ) "А як Вы ставіцеся да таго, што моладзь гэткім чынам пратэстуе, сочыць за будаўніцтвам, пад бульдозэры клаліся раней... Як Вы лічыце, варта гэта рабіць?"

(Будаўнік: ) "Канешне, трэба".

(Другі будаўнік: ) "Гісторыю абараняць трэба. А тое, што Лукашэнка... У "Комсомолке" пішуць, што зарплата падвысілася да 100 даляраў. Асабіста я атрымліваю 120 тысяч. Тут няма 100 даляраў, хай ня хлусяць, што заробкі цяпер — 100 даляраў. Ніхто такога ня мае".

Калі дождж крыху сьціх, некаторыя будаўнікі падышлі да стэнду "Курапаты — дарога сьмерці" ля намёту валанцёраў і пачалі чытаць пра гісторыю гэтага месца.

У намёце абаронцаў цяпер стала больш утульна. Зьявілася невялічкая канапа, якую надоечы прывез у лягер Вадзім Кішкурна. Ля намёту складзеныя дровы, якія валанцёры пілавалі ўчора. Але жыцьцё ў лягеры не выглядае спакойным. Гаворыць актывіст Цімур Сугака, які правёў у Курапатах ужо больш за два з паловай месяцы:

(Сугака: ) "Учора быў вельмі напружаны дзень. Тры разы прыходзілі нейкія п’яныя. Усе яны прапаноўвалі нам выпіць. Казалі нам: "Чаго вы тут сядзіце? Гэта ўсё роўна нічога ня вырашыць. Гэтыя выпадкі нагадваюць нам тое, што было перад падзеямі 8 і 9 лістапада..."

Сёньня ў лягеры я засьпела Антося Шкурынскага. Учора лекары паставілі яму дыягназ — вострая форма бранхіту. Я запыталася ў Антося, як ён сябе адчувае:

(Шукурынскі: ) "Нармалёва, толькі кашляю, жару ўжо няма".

(Карэспандэнтка: ) "З такой хваробай Вам напэўна тут нельга знаходзіцца?"

(Шкурынскі: ) "Там настойваюць на шпіталізацыі, але я мяркую, што калі буду лекавацца дома ці на нейкай кватэры, вынік будзе той жа самы".

(Карэспандэнтка: )"А лекі маеце?"

(Шкурынскі: ) "Ёсьць антыбіётыкі й вітаміны".

(Карэспандэнтка: ) "Як паставіліся лекары да Вас, калі даведаліся, што Вы абараняеце Курапаты?"

(Шкурынскі: ) "Там сказалі: "Мы ведаем, хто ты такі". А ў іх на стале "Белорусская газета" ляжыць з рэпартажам пра абаронцаў".
XS
SM
MD
LG