Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БТ — ЧАРГОВАЯ РАТАЦЫЯ КАДРАЎ


Ігар Карней, Менск

Адным зь першых звольнены старэйшы супрацоўнік тэлебачаньня, старшыня прафкаму БТ, кіраўнік дырэкцыі спартовага вяшчаньня Ўладзімер Шпітальнікаў. Некаторыя (ужо былыя) калегі Шпітальнікава кажуць, што такім чынам ён падзяліў адказнасьць за няўдалы выступ беларускіх спартоўцаў на зімовай Алімпіядзе, дзе ўзначальваў здымачную групу БТ.

Яшчэ тыдзень таму кіраўнік спартовае дырэкцыі БТ Уладзімер Шпітальнікаў нават не падазраваў, што менавіта такім чынам спыніцца ягоная больш чым 20-гадовая кар'ера на тэлебачаньні. Але разам з тым ён кажа, што гэта цалкам у стылі новага кіраўніцтва кампаніі: паставіць перад фактам, ня даўшы нават мінімуму часу дзеля новага працаўладкаваньня.

На жаль, камэнтаваць сытуацыю больш падрабязна спадар Шпітальнікаў адмовіўся, спаслаўшыся на шокавы стан ды рэзкае пагаршэньне здароўя.

Калегі Шпітальнікава маюць падазрэньне, што кіраўніцтва ня толькі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, але й краіны (а старшыня кампаніі Ягор Рыбакоў учора ўзгадняў звальненьне Шпітальнікава з Аляксандрам Лукашэнкам) убачыла ў ім саўдзельніка алімпійскіх няўдачаў беларускіх спартоўцаў. Маўляў, на тле гучных скандалаў вакол судзейства ды перадузятых адносінаў да “неамэрыканцаў” у расейскіх СМІ, беларускія тэлевізійнікі выглядалі як быццам усім задаволенымі.

Да таго ж, многім не давала спакою дзейнасьць Шпітальнікава як кіраўніка прафкаму тэлебачаньня, і канфлікты пачаліся яшчэ тады, калі Рыбакоў быў першым намесьнікам у тагачасных кіраўнікоў тэлебачаньня — Чыкіна ды Скварцова. Вось што кажа спартовы камэнтатар БТ Аляксандар Пуціла:

(Пуціла: ) "30-ці гадовы Ягор Рыбакоў прыйшоў да міністэрскае пасады са сваімі правіламі гульні і прынцыпамі станаўленьня тэлебачаньня. Таму ня дзіўна, што не знайшлося паразуменьня паміж ім і 54-гадовым Уладзімерам Шпітальнікавым. А тут яшчэ падасьпелі негалосныя распараджэньні наконт зьмены пакаленьняў у калектыве кампаніі і скарачэньня штатаў некаторых бюджэтных арганізацыяў.

На выгляд не пэнсійнага ўзросту, Шпітальнікаў быццам мог пачувацца спакойна на пасадзе адной з самых дзейсных дырэкцыяў. У яго вельмі вялікі аўтарытэт як старшыні прафкаму, наагул як чалавека. Звальненьне стала поўнай нечаканасьцю і для калектыву і, зразумела, для самога Шпітальнікава.

Ведаючы, што Ўладзімер Шпітальнікаў мае праблемы з сэрцам, мы ўсе жадаем яму менш адчувальна ўспрымаць тое, што здарылася і што павярнуць назад нельга: загад аб звальненьні быў падпісаны адразу ж".

Спадар Шпітальнікаў ня хоча верыць, што ў звальненьні ёсьць нейкі палітычны падтэкст, але супрацоўнікі тэлебачаньня прыгадваюць, што яшчэ ў часе кіраваньня Генадзя Бураўкіна Шпітальнікаў быў сярод тых, хто ствараў на тэлебачаньні суполку БНФ, а таксама ініцыяваў выпуск усіх сюжэтаў (улучна са спартовымі) па-беларуску. Праўда, пасьля 1994 году кан’юнктура зьмянілася, і сёньня ў тэлефоннай размове спадар Шпітальнікаў прызнаў, што ў сэнсе беларускай мовы ў эфіры ён таксама аказаўся непасьлядоўным.

Між іншым, у калідорах тэлебачаньня кажуць: пасьля звальненьня гэткага аксакала лёс іншых супрацоўнікаў выглядае зусім незайздросным. Яшчэ адно меркаваньне Аляксандра Пуцілы:

(Пуціла: ) "Сёньня ў кампаніі ніхто ня можа пачувацца застрахаваным ад звальненьня. Якім будзе тэлебачаньне наагул і спартовая рэдакцыя, пакуль прадказаць немагчыма. Ці прыйдзе нейкі пераемнік Шпітальнікава, ці дырэкцыя будзе зьліквідаваная наагул; а тыя, хто робіць спартовыя навіны ды праграмы, пяройдуць пад уладу АТН? — гэта, падкрэсьлю яшчэ раз, невядома. Чакаем, што хутка штосьці вырашыцца больш канкрэтна".

Неўзабаве сваіх месцаў могуць пазбавіцца болей за тры сотні супрацоўнікаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
XS
SM
MD
LG