Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАНАК У ТРАДЫЦЫЙНАЙ МАДЭЛІ СЬВЕТУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Ракіцкі: ) “Напэўна, кожнага з нас наведвае час ад часу навязьлівая думка, што мы не самастойныя ў сваіх дзеяньнях. Што намі нехта кіруе. Мы апрацоўваем глебу, гадуем дзяцей, але намі кіруюць. Мы кладземся спаць, праваліўшыся ў бездань сноў, але намі кіруюць. Мы садзімся за стол, прызнаемся ў каханьні — і гэта робім паводле дыктаваных кімсьці схемаў. Нарэшце, мы проста прачынаемся, толькі расплюшчваем вочы — і ўжо пазбаўленыя свабоды.

Дзень пачынаецца нібыта паводле напісанага сцэнару, а мы ўсё адно як робаты альбо зомбі. Мы — зомбі? Але хто кіруе намі? Хто дыктуе, як нам устаць, і куды пайсці, і што сказаць? Хто? І чаму?”

(Валодзіна: ) “Чалавек намагаецца вырвацца з жорсткіх рамак традыцыі і зрабіць па-свойму. Але яны, гэтыя рамкі, не адпускаюць, сьціскаюць, бо яны спрэсаваныя тысячагадовым цяжарам традыцыі і закутыя ў замкі міталягічных законаў.

Намі кіруюць продкі. Гэта яны, іхныя некранутыя ўстановы сьціскаюць нашую падсьвядомасьць. І толькі адзін закон — чалавек сваім нараджэньнем і ўсім жыцьцём, кожным сваім годам і кожным днём паўтарае тую адну, вызначальную, галоўную архетыпічную дзею – пачатак Сусьвету.

У такой строгай цыклічнасьці — заклад гармоніі і стабільнасьці. Чалавек мусіць трымацца спрадвечных, касмалягічна вывераных законаў і штодзень — разам з Сонцам — праходзіць іх агульны шлях”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем – этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

Пра нашую несвабоду ды падуладнасьць міталягічным схемам; пра чалавечае жыцьцё, сфакусаванае ў невялічкім часавым адрэзку — у адной гадзінцы ранку — і пойдзе нашая размова. Давайце паспрабуем прасачыць парадак нашага дня, пачаўшы з самога прачынаньня. Прасачыць і ўбачыць міталёгію, магію ці рэлігію, убачыць дыктат продкаў…”

(Валодзіна: ) ”Прачынаньне ў структуры дня, сутак — гэта першы міні-пераход, першае пераадоленьне мяжы паміж дзьвюма досыць аўтаномнымі часткамі рэчаіснасьці, у дадзеным выпадку, паміж двума адрэзкамі часу. Кожны ж пераход у нашым жыцьці ўлучае і вызваленьне ад уплываў і ціску папярэдняга, і пераадоленьне яго магчымых узьдзеяньняў. Для ранку ж такім папярэднікам выступае ноч”.

(Ракіцкі: ) “Ноч…Ноч і для сучаснага гараджаніна — час асаблівы, не такі, нейкі таямнічы, хаця і прыцягальны адначасна”.

(Валодзіна: ) “І не дарма, бо лічылася ноч часам ня толькі проста цёмным, але і небясьпечным, бо актывізуецца нежыць усіх рангаў і званьняў.

Сьпячы чалавек знаходзіцца ва ўладараньнях царства ночы, а шматлікія павер'і паказваюць нават на тое, што душа яго, адзьдзяліўшыся ад цела, вандруе дзесьці воддаль. Таму першай забаронай выступае непажаданасьць раптоўнага абуджэньня, каб душа пасьпела вярнуцца да цела.

Здаровым і найбольш прымальным ёсьць натуральнае прачынаньне. Нездарма мы так і не палюбілі монстраў цывілізацыі — гучныя будзікі. Зь іншага боку, сымбалічнае прыпадабненьне сну да сьмерці вызначае разуменьне ночы як падарожжа чалавека на той сьвет. У народзе гэтак і кажуць:

“Як чалавеку сьніцца, што дзе далёка быў або што рабіў, то гэта такі праўда, што быў і рабіў, бо як чалавек засьне, то зь яго душа вылезе, то ходзіць усюды і ўсё робіць, а потым як назад у цела вернецца, то і чалавек прачхнецца”.

Арганічнымі таму бачацца рытуалы ачышчэньня, вызваленьня з-пад узьдзеяньняў ночы і яе насельнікаў. Калі ўбачылі дрэнны сон, хрысьціліся і казалі тры разы: “Куды ноч, туды і сон,” а таксама глядзелі ў акно, а г.зн. зьвярталіся па дапамогу да сьветланоснага пачатку, што зможа нэўтралізаваць шкодныя наступствы ночы”.

(Ракіцкі: ) “Так, прачнуліся. Устаем. І што тут падказвае традыцыя?”

(Валодзіна: ) “Уранку, абудзіўшыся, чалавеку належыць адразу ж аддаць перавагу станоўчаму. Станоўчае ж рэалізуецца ў больш прыватных катэгорыях, прыкладам, ва ўсім правым у процівагу леваму.

Хрысьціянства толькі напоўніла канкрэтнымі пэрсанажамі гэтую архаічную пару левага і правага, калі зьмясьціла з правага боку ў нас анёла, што апякуе, а зь левага — чорта-спакушальніка, на якога і сплёўваем мы часам празь левае плячо. Гэтаксама і рана перавага за правым бокам:

“Устаючы рана з пасьцелі, няможна станавіцца на зямлю перш леваю нагою, бо цалюсенькі дзень будзеш злаваць як паганы сабака альбо гад; перш трэба абуваць і правую нагу, тагды перш прыступіцца анёл і адгоніць ліхую сілу, каторая заўжды вартуе зь левага боку; хто рана ў першы раз ступіць на левую нагу, таго спаткае якоесь няшчасьце”.

(Ракіцкі: ) “Нездарма кажуць — мусіць, зь левай нагі ўстаў. А калі сьпіш на жываце, то тады як?”

(Валодзіна: ) “У традыцыйнай мадэлі сьвету левае сынанімічна ніжняму альбо задняму, і таму забараняецца ўставаць ня толькі зь левай нагі, але і сьпінаю ўверх. І пра таго скажуць: ліхі, бо, мусіць, устаў ракам. Хадзьба задам наперад успрымалася як рух у прастору за сьпіной, а г.зн., на той сьвет, у антыпрастору, дзе чакаюць чалавека ўсе адпаведныя падзеі”.

(Ракіцкі: ) “Наступны этап — апрананьне. І гэта такая звыклая і будзённая дзея аздабляецца пэўнымі прадпісаньнямі і правіламі. А бывае ж і сёньня, што, у жаху паглядаючы на гадзіньнік, апранеш штосьці, скажам, навыварат…”

(Валодзіна: ) “Што ж, гэта значыць – сёньня цябе нехта паб'е, альбо, зыходзячы з законаў імітатыўнай магіі, чакае цябе прыкрасьць з нагоды таго, што ад цябе гэтак жа адвернуцца твае знаёмцы. Калі ж у час апрананьня залупіцца подал, то ў той самы дзень будзеш п'яны. Як і калісьці, сучаснік успрымае выпадковасьці як пэўныя знакі, якія ён расшыфроўвае зыходзячы з тых ці іншых асацыяцыяў ці аналёгіяў".

(Ракіцкі: ) “Далейшы істотны пункт будзённага распарадку — умываньне. Гэтае дзеяньне сёньняшнімі гэтак званымі акультнымі навукамі разглядаецца ня толькі ў сваім фізыялягічным аспэкце, а і як ачышчэньне духоўнае, змываньне граху. А ў народнай традыцыі?”

(Валодзіна: ) “Продкі нямытага чалавека прыпадабнялі да “нячыстага” ў шырокім разуменьні гэтага паняцьця. Узгадаем адно з іншаказальных найменьняў чорта — нямыцік. І што важна, нямыты чалавек успрымаўся як асабліва падуладны чорту, які мог беспакарана зрабіць яго сваёй ахвяраю.

І пра што не хацелася б узгадваць — нашыя папярэднікі адмоўна ставіліся да фарбаваньня твару, прычынаю чаму было нэгатыўнае стаўленьне да ўсяго ненатуральнага ды сакральны статус чысьціні наагул. Лягічны працяг умываньня — выціраньне — таксама сталася рэглямэнтаваным. Катэгарычна забараняецца выціраць твар чымсьці непрыдатным, скажам, анучаю, бо спрацуе закон аналёгіі — людзі стануць табой пагарджаць".

(Ракіцкі: ) “Памыліся. Далей — прычэсваемся, упарадкоўваем валасы. Валасы ж ва ўсіх культурах надзяляюцца рознымі сэнсамі. Дык, можа, ня толькі з эстэтычных меркаваньняў патрэбныя нам грабянцы?”

(Валодзіна: ) “Ня толькі. Валасы распушчаныя, непакрытыя і ўскудлачаныя лічыліся характэрнай прыкметай пэрсанажаў нячыстай сілы, выступалі сымбалем хаосу і чужасьці.

Прычасаныя, упарадкаваныя валасы, у сваю чаргу, сымбалізуюць прыналежнасьць да культуры, соцыюму. Само прычэсваньне валасоў тлумачыцца як пераход з пэўнага стыхійнага стану да культурнага існаваньня. Гэтаксама і раніцай патрабавалася вызваліцца з-пад уладаў ночы, калі забаўляліся з валасамі розныя нашыя нябачныя суседзі:

“Расказваюць, што дамавік, як залюбіць хазяйку, дык пачне к ей ноччу хадзіць. Валасы пазаплятае, касічак наробіць, не разьдзераш. І Пятніца такая была, як баба, хадзіла па хатах, дык хто ў пятніцу праў, таму валасы ўзаб'е, як кудзелю, ды каўтун напусціць”.

Вось таму і патрабавалася замацаваць пераход да дня, сьвету і культуры ўпарадкаваньнем валасоў".

(Ракіцкі:) “Такім чынам, пачатак працоўнага дня, як і шмат-шмат гадоў таму, так і сёньня выглядае прыблізна так: прачынаньне, уставаньне з ложку, апрананьне, абуваньне, умываньне-выціраньне, прычэсваньне, ранішняя малітва. І як вынікае — гэты звыклы будзённы парадак асьвечаны нейкім вышэйшым сэнсам? У чым ён?”

(Валодзіна:) “Асноўнай сэмантычнай дамінантай як кожнага зь міні-рытуалаў, так і ўсяго ранішняга комплексу выступае ідэя пераходу — пераходу ад дня да ночы, ад цемры да сьвятла, ад сну да бадзёрасьці і, у выніку, ад напаўпрыроднага, амаль хаатычнага і блізкага да іншасьвету стану ў сьвет культуры і сацыяльных дачыненьняў.

У традыцыйнай культуры розныя часавыя цыклі ў сваім значэньні тоесныя адзін аднаму. Так і ранак у сутачным цыклі раўнуецца да нараджэньня, родаў, пачатку жыцьця чалавека. Атрымліваем, чалавек, як і навародак, штораніцы вызваляецца з-пад ціску іншасьвету, змывае ўсё старое і нячыстае і, апрануўшыся ды прычасаўшыся, уваходзіць у соцыюм".

(Ракіцкі:) “А, прасьцей кажучы, як бы нараджаецца ізноў. І так штораніцы. Устае сонца, прачынаецца чалавек — жыцьцё працягваецца…”
XS
SM
MD
LG