Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ ВЫБІРАЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГІМН


Альгерд Невяроўскі, Менск

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сябры грамадзкага Аргкамітэту ў справе сьвяткаваньня гадавіны БНР Вінцук Вячорка й Аляксей Марачкін распавядалі, дзеля чаго неабходны гэты сход. Гаворыць вядомы мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Нашая задача — каб прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, партыяў і рухаў не засталіся ў баку й правялі такі сход, мэта якога — канчаткова вызначыцца ў справе гімну Беларусі. Паколькі мы спавядаем традыцыйныя гімны, "Пагоню" й бел-чырвона-белы сьцяг, то ў гэтым працяг, пераемнасьць, і мы павінны вызначыцца, якім быць гімну Беларусі”.

Мяркуецца, што на грамадзкае абмеркаваньне будуць вынесеныя як мінімум 4 варыянты гімну Беларусі — гэта "Магутны Божа", "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", "Пагоня" й "Радзіма мая дарагая". Ня выключана, што да гэтых варыянтаў будзе далучаная песьня "Маладая Беларусь" на словы Янкі Купалы.

Удзельнікі сходу рэйтынгавым галасаваньнем мусяць вызначыць твор-пераможцу. Пасьля гэтага будзе створаны Грамадзкі камітэт гімну Беларусі, які павінен адстойваць абраны варыянт перад дзяржаўнай камісіяй. На думку арганізатараў, абраць адзіны варыянт гімну — справа нялёгкая, бо нават у асяродзьдзі інтэлігенцыі няма адзінай думкі наконт гэтага. Гаворыць сябра Аргкамітэту, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Сэнс падзеі 10-га — па магчымасьці падвесьці рысу пад дыскусіямі. Насамрэч ня так важна, які з твораў будзе рэйтынгавым галасаваньнем вызначаны. Бо ўсе яны добрыя. Галоўнае, каб людзі, якім дарагі лёс Бацькаўшчыны, услухаліся самі ў сябе, праслухаўшы творы, услухаліся ў Беларусь, вызначыліся, і адгэтуль мы бы прынамсі паміж сабой ведалі, што ад 10 сакавіка сьвядомая, нацыянальна адказная Беларусь мае адказ на пытаньне, якім быць нацыянальнаму гімну”.

Абраны на сходзе варыянт дзяржаўнага гімну ўпершыню ў такой якасьці прагучыць 24 сакавіка ў парку Я.Купалы, дзе пройдзе ўрачысты мітынг і канцэрт з нагоды Дня незалежнасьці БНР.

Тым часам у адпаведную дзяржаўную камісію пры міністэрстве культуры паступіла каля 300 прапановаў варыянтаў дзяржаўнага гімну. Палова зь іх была дасланая яшчэ з 1995 году, палова — зь сёлетняга студзеня. Паводле галоўнага спэцыяліста ўправы мастацтва Мінкульту Тацьцяны Пархамовіч, большасьць выступае за захаваньне мэлёдыі старога гімну БССР з новымі словамі, альбо з адрэдагаваным тэкстам Міхася Клімковіча. Хаця ёсьць сярод прапановаў "Магутны Божа", палянэз Агінскага ды іншыя творы.

Удзельнікі грамадзкага сходу таксама адашлюць прыняты варыянт гімну ў дзяржаўную камісію, хаця й ня надта спадзяюцца, што ўлады прымуць іхную прапанову.
XS
SM
MD
LG