Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРХЕОЛЯГ МІХАСЬ ЧАРНЯЎСКІ ПРА БУДУЧЫНЮ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук археоляг Міхась Чарняўскі не спадзяецца на тое, што пры цяперашняй ўладзе стануць вядомыя імёны тых, хто аддаваў загады й расстрэльваў бязьвінных людзей у Курапатах, як, дарэчы, і імёны іхных ахвяраў. Але ў будучыні, калі будуць рассакрэчаныя архівы КГБ, праўда стане вядомай.

(Чарняўскі: ) "Калі ведаць па сьпісах, хто тут расстраляны, то паводле генэтычных кодаў можна будзе вылічыць, узяўшы аналіз тканак жывога чалавека — унука ці праўнука. Гэта вялікія грошы. Але каб такое не паўтарылася, трэба й грошы выдаткаваць. Тады ўжо нейкую вялікую сьцяну трэба рабіць, і на гэтай сьцяне пісаць усе прозьвішчы... Можа, нават і зараз за межамі Курапацкага комплексу, у агароджы дзе-небудзь ля падземнага пераходу зрабіць вялікую сьцяну. І на ёй — тысячы прозьвішчаў расстраляных у Менску ў 1937-41 годзе".

Міхась Чарняўскі бачыць будучы мэмарыял у Курапатах такім:

(Чарняўскі: ) “Ня варта нешта будаваць на саміх магілах, бо сам лес, схілы й ямы напоўненыя пакутамі. Гэтая мясьціна ўжо ёсьць мэмарыялам. Там толькі павінна быць чысьценька, і людзі павінны хадзіць моўчкі са зьнятымі капелюшамі. І канешне, каб гэтыя магілы былі нейкім чынам пазначаныя".

Паводле археоляга Міхася Чарняўскага, трэба пэўным чынам пазначыць тэрыторыю ўрочышча там, дзе яе перасякае кальцавая дарога:

(Чарняўскі: ) "Там будуць рабіць апорныя сьценкі. Я там паставіў бы знак — ня больш за 60 км хуткасьці. І вось на гэтых сьценках проста выклаў бы велізарнымі літарамі "Курапаты" зь левага й з правага боку, каб кожны, хто ехаў, прыпыняў рух. І людзі, асабліва чужыя, якія ўпершыню едуць празь Беларусь, бо гэта будзе транскантынэнтальная магістраль, бачылі, што тут месца пакутаў беларускага народу".

Сам Міхась Чарняўскі ўпершыню даведаўся пра Курапаты ў другой палове 70-ых гадоў ад Зянона Пазьняка, які працаваў тады ў аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі. Тады археолягі сьцерагліся казаць пра трагедыю ў Курапатах, бо баяліся, што ўлады зробяць з Курапатаў чарговы кар'ер.

(Чарняўскі: ) "Як быццам ніхто ня ведае, дзе расстрэльвалі, але чамусьці, калі выдзяляюць зямлю пад кар'ер, дык як раз там, дзе растрэльвалі".

Паводле Міхася Чарняўскага, гэткі кар'ер быў зроблены пад Вялейкай, дзе ў 1941 годзе перад наступам немцаў расстрэльвалі палітычных вязьняў, і яшчэ шмат дзе ў Беларусі. Што да Курапатаў, якія ўлады не пасьпелі й ня здолелі зраўняць з зямлёй, то Міхась Чарняўскі дагэтуль памятае свае пачуцьці, калі ўпершыню трапіў ва ўрочышча:

(Чарняўскі: ) "Успомніў нашых археолягаў, нашую інтэлігенцыю найперш. І была такая думка, што вот тут — нашае Адраджэньне 1920-х гадоў".

Сам Міхась Чарняўскі таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў. У 70-я гады, калі ва Ўкраіне пачаліся рэпрэсіі ў дачыненьні да мясцовых патрыётаў, якіх называлі "нацыяналістамі", Міхась Чарняўскі распачаў збор грошай у іх падтрымку. За гэта яго пакаралі папраўчымі працамі — больш за год давялося разгружаць цэмэнт і працаваць муляром. Пасьля гэтага шмат гадоў імя Міхася Чраняўскага выкрэсьлівалі з розных навуковых працаў і не давалі магчымасьці надрукавацца.
XS
SM
MD
LG