Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАШЭНЬНЕ ЎРАДУ ЗША ІСТОТНА ПАДВЫСІЦЬ ТАРЫФЫ НА ІМПАРТНУЮ СТАЛЬ ВЫКЛІКАЛА НЭГАТЫЎНУЮ РЭАКЦЫЮ


Юры Дракахруст, Прага

“Чакаецца, што рэакцыя Эўразьвязу, Японіі, Бразыліі й Карэі будзе вельмі жорсткай. Я мяркую, што гэта стане выклікам Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, і гэтае рашэньне можа быць адмененае Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыяй.

Эўрапейцы гавораць пра адплату, маючы на ўвазе, што яны могуць падвысіць тарыфы на амэрыканскія тавары. І атрымацца можа вельмі кепска”, – такі прагноз наступстваў рашэньня амэрыканскага ўраду падвысіць на 30% тарыфы на імпартную сталь даў аналітык амэрыканскага Інстытуту эканамічнай стратэгіі Клайд Прэштавіц.

Замежныя ўрады і вытворцы сталі пагражаюць эканамічнымі й юрыдычнымі контрамерамі адказаць на прынятае адміністрацыяй Джорджа Буша рашэньне падвысіць на 30% тарыфы на сталь, што ўвозіцца ў ЗША з-за мяжы – піша “Wall Street Journal”.

Урад ЗША тлумачыць, што гэтая мера былі прынятая дзеля абароны амэрыканскай сталеліцейнай прамысловасьці ад наплыву таннай замежнай сталі. Аднак, як паведамляе “Wall Street Journal”, замежныя вытворцы сталі кажуць, што ў гэтай сытуацыі Амэрыцы варта было б праводзіць мадэрнізацыю сваёй прамысловасьці й закрываць неэфэктыўныя заводы.

Эўразьвяз ужо абвесьціў, што зьвернецца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю са скаргай на гэтае рашэньне Вашынгтону, якое Эўропа лічыць парушэньнем правілаў справядлівага гандлю. Пра намер далучыцца да гэтай скаргі паведамілі таксама Японія і Паўднёвая Карэя.

Вось меркаваньне прадстаўніка Эўразьвязу Эркі Ліканэна:

(Ліканэн: ) “Гэта вельмі драматычнае рашэньне для міжнародных рынкаў і для сталеліцейнай прамысловасьці ў Эўропе. Мы мусім зрабіць захады, каб абараніць канкурэнтныя пазыцыі нашай прамысловасьці й нашых рабочых, гэта наша пытаньне”.

Як паведамляе “Wall Street Journal”, адначасна Эўразьвяз разглядае магчымасьць падобных захадаў для абароны свайго рынку сталі, на які можа хлынуць расейская і азіяцкая сталь, якая ня знойдзе збыту ў Амэрыцы.

Рашэньне ЗША ўжо выклікала істотнае (на 3-6% ) падзеньне курсаў акцыяў эўрапейскіх сталеліцейных кампаніяў.

Бразыльскія прамыславікі кажуць, што ахвяраю новых амэрыканскіх тарыфаў на імпартную сталь могуць стаць пляны стварэньня адзінай зоны свабоднага гандлю на тэрыторыі абедзьвюх Амэрык. “Wall Street Journal” нагадвае пра нядаўнія гандлёвыя канфлікты паміж Бразыліяй і ЗША і піша, што падвысіўшы тарыфы на сталь, Вашынгтон наступіў на “хворы мазоль” Бразыліі.

Японскі міністар гандлю Гіранума назваў рашэньне Вашынгтону “вельмі сумным”.

Расейскае міністэрства замежных справаў адзначыла, што крок ЗША можа сур’ёзна паўплываць на расейска-амэрыканскія дачыненьні. Прэм’ер-міністар Расеі Касьянаў заявіў, што падвышэньне тарыфаў адмоўна паўплывае на расейскую сталеліцейную прамысловасьць, аднак дадаў, што рашэньне Вашынгтону ня мусіць выклікаць гандлёвай вайны.

“Wall Street Journal” прыводзіць словы кіраўніка расейскага мэталюргічнага заводу ў Наваліпецку Андрэя Петрасяна, які мяркуе, што крок ЗША пашкодзіць спажыўцам самой Амэрыкі, пацягне сустрэчныя захады ў Эўропе і Японіі і створыць велізарную няпэўнасьць на міжнародным рынку сталі.

“Wall Street Journal” піша, што цяперашняе рашэньне ЗША адносна імпарту сталі абвастрыла яе гандлёвы канфлікт з Расеяй, які ўзьнік пасьля забароны Масквы экспартаваць амэрыканскую птушку ў Расею, – рашэньне, якое пазбавіла работы нямала людзей у 38 штатах Амэрыкі. Прадстаўнікі ЗША таксама заявілі, што гэтае рашэньне расейскага ўраду будзе мець сур’ёзныя наступствы для двухбаковых эканамічных адносінаў, – піша “Wall Street Journal”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG