Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ АРГАНІЗАЦЫІ "РЭПАРТЭРЫ БЯЗЬ МЕЖАЎ" АЦЭНЬВАЮЦЬ СЫТУАЦЫЮ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ СМІ ЯК "НЕСУЦЯШАЛЬНУЮ"


Ігар Карней, Менск

Але ніякай рэакцыі на гэтую праблему цягам ужо некалькіх гадоў у Беларусі няма: паводле саміх праваабаронцаў, ніводзін зь лістоў, якія былі накіраваныя беларускім уладам, відавочна, ня быў нават прачытаны, і такое адчуваньне, што лісты з Парыжу адразу ж траплялі ў сьметніцу. Можа якраз таму арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” гэтак імкнулася патрапіць у Менск. Вось што кажа каардынатар дасьледаваньняў арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" Аляксандар Леві:

(Леві: ) "Калі ўзяць любы дапаможнік, які кажа пра правы чалавека (гэта ня толькі "Рэпартэры бязь межаў", "Аmnesty International"ці "Human Rights Watch"), і калі вы потым трапляеце ў Беларусь, то сытуацыя падаецца вельмі дзіўнай. Пра гэта вельмі яскрава кажуць і факты. Людзі зьнікаюць, людзі баяцца; ёсьць газэты, якія не выдаюцца, не друкуюцца, альбо друкуюцца зь белымі плямамі. Гэта крыху дзіўна, калі мы ведаем, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. "Рэпартэры бязь межаў" — гэта арганізацыя абароны свабоды друку, адпаведна і журналістаў — і ў гэтым кантэксьце мы маем нармальныя і патрэбныя сустрэчы".

Сапраўды, нават двух дзён адмыслоўцам хапіла, каб зрабіць папярэднюю выснову наконт несуцяшальнай сытуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў краіне. Але спадар Леві ўсё ж ня кідае надзеі, і кажа, што нават такога кароткага тэрміну дастаткова, каб зрабіць пэўныя прагнозы адносна будучыні недзяржаўнай прэсы ў Беларусі. Я прашу спадара Леві параўнаць становішча недзяржаўнай прэсы ў Беларусі зь якімсьці яшчэ рэгіёнам сьвету.

(Леві: ) "Гэта, як кажуць, вельмі небясьпечны спорт — параўноўваць сытуацыі. Мы прыехалі (гэткая магчымасьць здарылася ўпершыню), каб паглядзець на ўсё ўласнымі вачыма. За мяжой вобраз Беларусі крыху карыкатурны. І гэтаму можна верыць, калі вам не даюць магчымасьць наведаць гэтую краіну, пажыць тут хоць некалькі дзён, паглядзець, як канкрэтна людзі працуюць.

Мы прыйшлі паглядзець, ці ёсьць гэтая карыкатура насамрэч. Але я не хачу пакуль рабіць высноваў. Але ўсе нашыя размовы, сустрэчы пераканалі мяне ў адным: беларусы, беларускі народ, моладзь хоча ісьці ў Эўропу. Тое, што менталітэт тут эўрапейскі (дакладна як у вас, ці ў мяне), у гэтым я цалкам перакананы".

Учора ды сёньня экспэрты ў пытаньнях мас-мэдыяў сустрэліся з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдактарам гарадзенскай "Пагоні" Міколам Маркевічам ды рэдактарам "Советской Белоруссии" Паўлам Якубовічам. Заўтра, паводле папярэдняй дамовы, францускіх адмыслоўцаў абяцаў прыняць міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, а на вечар у іх заплянаваная сустрэча з жонкай апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, Сьвятланай.

Візыт сяброў праваабарончай арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" працягнецца да чацьвярга, і ўсе іхныя назіраньні пасьля вяртаньня ў Парыж увасобяцца ў адмысловую працу па выніках наведваньня Беларусі.

XS
SM
MD
LG