Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 СТАРОНКІ СПРАВАЗДАЧЫ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША ПРЫСЬВЕЧАНЫЯ БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў гадавую справаздачу пра стан правоў чалавека ў сьвеце за 2001 год. Гэты дакумэнт публікуецца ад 1977 году, падрыхтавала яго Бюро ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Сёлетняя справаздача Дзярждэпу ЗША ахоплівае 195 краінаў сьвету.

Паводле справаздачы, сытуацыя з правамі чалавека ў 2001 годзе заставалася дрэннай і яшчэ пагоршылася. Пра некаторыя факты больш падрабязна я папрашу расказаць майго калегу Кастуся Бандарука:

(Кастусь Бандарук: ) “Большасьць фактаў пра Беларусь, якія згадвае справаздача, добра знаёмыя нашым слухачам – мы пра іх паведамлялі. Важна аднак, што тыя факты могуць быць не вядомыя амэрыканскім палітыкам і грамадзтву.

У дакумэнце кажацца, што беларускія ўлады абмяжоўвалі права грамадзянаў на зьмену кіраўніцтва краіны, і тут маюцца на ўвазе найперш парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, якія паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША былі недэмакратычныя і несправядлівыя.

У вялізным пераліку канкрэтных парушэньняў гаворыцца, што ў часе прэзыдэнцкай кампаніі кіраўнічы рэжым зрабіў усё магчымае, каб запэўніць перамогу Лукашэнку. Адпаведныя органы зьдзекаваліся з канкурэнтаў Лукашэнкі, зь незалежных назіральнікаў, блякавалі доступ да сродкаў масавай інфармацыі, запалохвалі незалежных назіральнікаў на выбарах. А праз датэрміновае галасаваньне ўлады папросту забясьпечылі перамогу Лукашэнку”.

(Алена Радкевіч: ) “Наколькі мы ведаем, апошнія гады ў справаздачах Дзярждэпартамэнту ЗША стала прысутнічае тэма зьніклых беларускіх палітыкаў і вядомых людзей. Дзярждэпартамэнт ЗША зазвычай выказвае заклапочанасьць тым, што беларускія ўлады недастаткова актыўна шукаюць гэтых людзей. Ці сёлета гэтая тэма прысутнічае ў справаздачы?”

(Кастусь Бандарук: ) “Пытаньню зьніклых апазыцыянэраў прысьвечана вельмі шмат увагі. Справаздача кажа ня толькі пра тое, што беларускія ўлады нічога не рабілі ў гэтай справе, галоўнае, што яны нічога ўрэшце не зрабілі.

Расьсьледаваньні зацягваліся, сьледзтва блыталася, ігнаравалася нявыгадная для ўладаў інфармацыя пра зьніклых – напрыклад, заявы былых сьледчых успрынятыя былі як паклёп і правакацыя.

Мабыць, галоўнае, што скарыстоўваючы манаполію на сродкі масавай інфармацыі, улады не дазволілі, каб шырокія колы грамадзтва даведаліся пра гэта”.
XS
SM
MD
LG