Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖОДЗІНСКІЯ ЎЛАДЫ ЗАБАРАНІЛІ МЯСЦОВЫМ АКТЫВІСТАМ ТБМ ПРАВЕСЬЦІ Ў ШКОЛАХ І ДЗІЦЯЧЫХ САДКАХ АПЫТАНЬНЕ ПРА СТАН БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Паводле прызнаньня старшыні Жодзінскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Аляксея Лапіцкага, гэтая забарона стала для яго поўнай нечаканасьцю. Бо месяц таму ў лісьце на імя старшыні ТБМ Алега Трусава намесьнік начальніка ўправы адукацыі Менскага аблвыканкаму Мікалай Башко паабяцаў спрыяньне ў растлумачальнай працы сярод бацькоў дзеля адкрыцьця ў навучальных установах беларускамоўных клясаў.

Тады было вырашана, што першымі ў сталічнай вобласьці такую працу распачнуць менавіта жодзінскія сябры Таварыства. Арганізацыя рыхтавалася да круглага стала, каб абмеркаваць гэтыя праблемы. Тэрмінова былі распрацаваныя анкеты дзеля распаўсюду сярод настаўнікаў, выхавацеляў і вучняў.

Задаваліся такія, напрыклад, пытаньні: "Ці ведаеце Вы, што ў Жодзіне няма ніводнага цалкам беларускамоўнага гуртка ў дзіцячых садках і беларускамоўнай першай клясы ў школах?" або "Ці лічыце Вы нармальным, калі грамадзяне Беларусі ня ведаюць роднай мовы, а дзяржава не падтрымлівае яе развіцьцё і ўмацаваньне?" і гэтак далей.

Былі атрыманыя першыя вынікі. У прыватнасьці, дзьве траціны выкладчыкаў і вучняў сярэдняй школы № 6 выказаліся за поўны перавод сваёй установы на беларускую мову.

Як жа паставіліся тут настаўнікі да анкетаваньня? На пытаньне Радыё Свабода адказала намесьнік дырэктара сярэдняй школы №6 Тацяна Каралёва:

(Каралёва: ) "Станоўча. І дзеці вельмі добра адгукнуліся на гэтую анкету. Ніхто іх не прымушаў. Гэта была выключна добраахвотная справа. Я так думаю, што ўсё добра”.

Аднак іначай думаў кіраўнік аддзелу адукацыі Жодзінскага гарвыканкаму Яўген Горыд. Пасьля правядзеньня анкетаваньня ў школе №6 ён канфіскаваў у школах і дзіцячых садках яшчэ неапрацаваныя анкеты, а сваіх падначаленых дакараў за тое, што яны гэтыя анкеты прынялі з рук актывістаў ТБМ.

Па сьлядах падзеяў сакратар Жодзінскай арганізацыі ТБМ Сьвятлана Лапіцкая патэлефанавала Яўгену Горыду са свайго офісу. Выпадкова я стаўся сьведкам гэтай размовы. Вось вытрымка з дыялёгу, які адбыўся між імі:

(Горыд: ) "А цяпер ідзеце да старшыні Жодзінскага гарвыканкаму і зь ім узгадніце гэтую справу, таму што гэтай справай ужо займаюцца, ну, я не знаю як, — органы”.

(Лапіцкая: ) "Вы што, нават дайшло да такога?"

(Горыд: ) "А што, вас не выклікалі?"

(Лапіцкая: ) "А што, нас павінны былі выклікаць ?"

Сёньня ўвечары лідэры філіі Таварыства беларускай мовы маюць намер наведаць старшыню Жодзінскага гарвыканкаму і апратэставаць у службовым парадку дзеяньні Яўгена Горыда.

XS
SM
MD
LG