Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКАЯ ВЭРТЫКАЛЬ ШУКАЕ ПАРАЗУМЕНЬНЯ З АПАЗЫЦЫЯЙ


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 4 сакавіка)

Гомельскі аблвыканкам наладзіў сустрэчу з кіраўнікамі рэгіянальных палітычных арганізацыяў. Адкрываючы яе, намесьніца старшыні аблвыканкаму Раіса Ціханская патлумачыла, што сустрэча мусіць паспрыяць стабільнасьці й паразуменьню ў рэгіёне.

На сустрэчу былі запрошаныя літаральна ўсе кіраўнікі рэгіянальных партыйных арганізацыяў, у тым ліку і сапраўды апазіцыйных – Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Ад аблвыканкаму прысутнічалі ажно тры намесьнікі старшыні, а таксама начальнікі камітэту эканомікі, фінансавай, адукацыйнай управаў, аховы здароўя ды іншых.

“Вэртыкальныя” чыноўнікі не хавалі, што сытуацыя ў эканоміцы рэгіёну надзвычай цяжкая. Намесьнік старшыні аблвыканкаму ў пытаньнях сельскай гаспадаркі Георгі Дашкоўскі інфармаваў, што на веснавую сяўбу патрэбна 140 мільярдаў рублёў. Дзе столькі ўзяць – праблема.

Начальнік фінансавай управы Андрэй Круглей занепакоены тым, што за два месяцы гэтага году ў абласны бюджэт паступіла толькі 60% грошай ад заплянаванага.

Уладзімер Патупчык як намесьнік абласнога “вэртыкальнага” кіраўніка ў справе эканомікі заявіў, што без рэфармаваньня цяпер ні адна галіна гаспадарчага комплексу рэгіёну ўжо ня можа абысьціся.

І галоўнае зараз – пошук інвэстара, уласьніка, які б мог абнаўляць зношаныя асноўныя фонды і эфэктыўна распараджацца імі. Гэта і дало падставу прадстаўніку Партыі камуністаў Беларускай Уладзімеру Сякерку на адмысловую рэпліку: цяперашняя ўлада аказалася ня здольнай на кіраваньне дзяржаўнай маёмасьцю і шукае добрага гаспадара.

ЦІ сапраўды ўладныя структуры зацікаўленыя ў тым, каб зьявіўся новы гаспадар, у тым ліку і на гомельскіх прадпрыемствах? Пра гэта пытаюся ў старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леаніда Арлова.

(Арлоў: ) “Магчыма, уласьнік і цікавіць іх. Але яны гэту ўласнасьць ня хочуць і адпускаць са сваіх рук. Тады кіраваць гэтай уласнасьцю будуць не яны, а тыя, хто ёй будзе валодаць. Адпаведна ўплыў улады на грамадзтва будзе меншым. Аднак сама эканоміка заганяе ўлады ў куток. Яна мусіць штосьці такое рабіць альбо рабіць выгляд, што яна нешта робіць, нешта шукае”, – сказаў спадар Арлоў.

Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы – старшыня рэгіянальнай суполкі Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі Віктар Раманішка выказвае сваё стаўленьне да спробы наладзіць дыялёг з палітычнымі партыямі. Наколькі ён патрэбны ўладам? Ці не хаваецца за гэтым боязь уладаў – баяцца нестабільнай сытуацыі ў калектывах з-за цяжкага стану эканомікі й хранічных нявыплат заробку?

(Раманішка: ) “Я схільны верыць, што гэта так. Відавочна, стан эканомікі й краіны ўвогуле сьведчыць пра тое, што іншага шляху проста няма. Я хочу верыць, што гэта не адпрацоўка нейкага нумару ці проста “галачка”, а гэта дастаткова сур'ёзны падыход, каб мы знайшлі паразуменьне і нейкае больш разумнае выйсьце з сытуацыі”, – лічыць спадар Раманішка.

XS
SM
MD
LG