Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў МЕНСКУ НА МІТЫНГУ ЛЯ ЯМЫ ГАВАРЫЛІ ПРА АНТЫСЭМІЦКІЯ РЭЦЫДЫВЫ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Прысутныя на мітынгу ў так званай Яме, на месцы масавага забойства, гаварылі, што ганебныя рэцэдывы тых часоў паўтараюцца й у нашыя дні, у тым ліку й у Беларусі.

Прамоўцы найперш узгадвалі змаганьне габрэйскага народу за існаваньне сваёй дзяржавы, абвастрэньне збройнага канфлікту ў Ізраілі. Лідэры некаторых грамадзкіх габрэйскіх арганізацыяў лічаць, што мінулыя й цяперашнія падзеі ў сьвеце ў іншай форме, але паўтараюцца сёньня й у Беларусі. Гаворыць лідэр Усясьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман:

(Гутман: ) "Я расцэньваю разбурэньне будынку сынагогі на Дзімітрова й цяперашнюю дату, як "крыштальную ноч па-лукашэнкаўску”. А што яшчэ яднае гэтыя падзеі, дык гэта тое, што ўвесь сьвет маўчыць. На разбурэньне сынагогі адрэагавала толькі амбасада ЗША”.

Праўдзівасьць заявы прадстаўніка дзяржкамітэту ў справе нацыянальных меншасьцяў пра свабоднае нацыянальна-культурнае разьвіцьцё ў Беларусі габрэйскай народнасьці паставіў пад сумнеў прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня габрэяў — былых вязьняў гета Міхаіл Трэйстэр. Паводле ягоных словаў, у Беларусі яшчэ дастаткова фактаў антысэмітызму, на якія ўлада глядзіць з маўклівай абыякавасьцю:

(Трэйстэр: ) "Яркім такім прыкладам ёсьць "Вайна па законах подласьці" пад апекай Чартовіча. Па беларускаму радыё у свой час Чайка вычваралася, дэпутат парлямэнту Касьцян. Ёсьць антысэміты. Наш урад павінны гэта разумець і ў такіх выпадках, калі антысэмітызм вырываецца ў СМІ, перапыняць яго як шкодную для краіны тэндэнцыю”.

За гады другой усясьветнай вайны ў Беларусі загінула 800 тысяч габрэяў. Другое істотнае скарачэньне габрэйскай дыяспары сталася магчымым у нашыя дні. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія гады краіну пакінулі 30 тысяч габрэяў, прыкладна гэткая ж колькасьць іх засталася. Істотнае скарачэньне габрэйскага насельніцтва міжволі прадэманстраваў і жалобны мітынг у так званай Яме: да месца масавага забойства сваіх суродзічаў прыйшлі некалькі сотняў чалавек, тады як яшчэ ў 80-х тут зьбіраліся тысячы габрэяў. Акрамя таго, ня так даўно ўрад Ізраілю прыняў адмысловую пастанову, якая спрасьціла вяртаньне на гістарычную радзіму. Таму габрэяў у Беларусі, магчыма, стане яшчэ менш.
XS
SM
MD
LG