Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ МЭЦЭНАТ ПАДАРАВАЎ ВІЦЕБСКАМУ МУЗЭЮ ШАГАЛА КАЛЯ ТЫСЯЧЫ КНІГ І АЛЬБОМАЎ


Юрась Барысевіч, Менск

Віцебскі музэй Марка Шагала атрымаў у падарунак каля тысячы кніг і альбомаў па сучасным мастацтве ад нямецкага прыхільніка творчасьці Шагала, доктара мэдыцыны Гайнрыха Мандэля. Некалькі гадоў таму доктар Мандэль падараваў музэю літаграфіі славутага мастака. Урачыстае адкрыцьцё бібліятэкі музэю, якая цяпер налічвае больш за дзьве тысячы кніг, мае адбыцца ў пачатку ліпеня, калі ў Віцебску будуць сьвяткавацца 115-ыя ўгодкі з дня нараджэньня Шагала.

У сядзібе БНФ зьявілася ў продажы кніга варшаўскага прафэсара Юрыя Туронка “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем”. Выйшла яна накладам 300 асобнікаў у бібліятэчцы часопісу “Беларускі гістарычны агляд”. Аўтар дае падрабязныя зьвесткі пра ўсе 117 беларускамоўных кніжак, што выйшлі пад немцамі ў гады другое ўсясьветнае вайны, а ў паваенны час былі забароненыя.

З нагоды 130-х угодкаў з дня нараджэньня Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які лічыцца лепшым беларускім пэйзажыстам, у магілёўскім музэі мастака адчынілася выстава ягоных сяброў і настаўнікаў, клясыкаў расейскага жывапісу. А 4 сакавіка ў Менску, у Нацыянальным мастацкім музэі, мае адчыніцца выстава твораў самога Бялыніцкага-Бірулі. Выстава складаецца з эцюдаў мастака, але бальшыня зь іх — гэта самастойныя скончаныя творы, што й натуральна для тае імпрэсыяністычнае манэры, у якой Бялыніцкі-Біруля працаваў усё сваё доўгае жыцьцё.

У віцебскай бібліятэцы імя Горкага адчыніўся аддзел украінскае літаратуры. Аснову гэтае калекцыі склалі кнігі й пэрыёдыкі, падараваныя бібліятэцы гарадзкім аб’яднаньнем украінцаў “Родислав”. Асобны аддзел украінскае літаратуры адчыніўся і ў менскай краме “Акадэмкніга”. Тут можна набыць навуковую і даведачную літаратуру ўкраінскіх выдавецтваў.

Студыя “Каўчэг” выпусьціла кампакт-дыск з запісамі канцэртнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Усе 11 песень у альбоме “Пад родным небам” напісаў кампазытар Эдуард Зарыцкі. Сьпяваюць Алена Саўленайтэ, Аляксандар Хлястоў, Юлія Скараход ды іншыя салісты аркестру. Усе восем салістаў разам выконваюць песьню “Мара Скарыны”.

У Музэі сучаснага мастацтва праходзіць выстава псыхадэлічных абразоў Андрэя Вацуры "Ўсё маё будзе тваім". Вацура — адзін з заснавальнікаў мастацкае суполкі "Жоўты дом", дзе зьядналіся творцы, што імітуюць псыхічныя хваробы. Абразы, напісаныя Вацурам, нагадваюць таксама дзіцячыя малюнкі й маюць адпаведныя назвы, накшталт "Самалёт духоўнасьці".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG