Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА: “МАГЧЫМА, І БЫЛІ НЕЙКІЯ ПАМЫЛКІ НЕСТРАТЭГІЧНАГА ХАРАКТАРУ, АЛЕ ЎВОГУЛЕ Я БЯЗГРЭШНЫ…”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Пасьля сямі гадоў, якія ён знаходзіцца ва ўладзе, былы старшыня калгасу Аляксандар Лукашэнка бегае, плавае, катаецца на ролікавых каньках ды гуляе ў хакей. Прынамсі дзьве з паловай гадзіны штодня атакуе сваіх крытыкаў як у Беларусі, так і за мяжой з бессаромным смакам? – піша “Wall Street Journal”.

У сваім першым за гэтыя сем гадоў вялікім інтэрвію амэрыканскай газэце Лукашэнка не зьвяртае ўвагі на сваю рэпутацыю аўтакрата. “Які дыктатар гуляе ў хакей ці бегае?” – пытаецца ён і называе сваіх айчынных крытыкаў “няўдалымі і збанкрутаванымі палітыкамі”. Што да Вашынгтону, Лукашэнка лічыць, што ЗША “фармуюць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі праз бачаньне апазыцыі: усе яны гавораць, які дрэнны Лукашэнка.” І сапраўды, піша “Wall Street Journal”, апанэнты Лукашэнкі малюць яго толькі чорнымі фарбамі, на што ён адказвае: “Магчыма, і былі нейкія памылкі нестратэгічнага характару, але ўвогуле я бязгрэшны”.

Лукашэнка закрануў і праблему новага балянсу паміж вядучымі краінамі, што склаўся пасьля 11 верасьня, перадусім блізкага партнэрства паміж ЗША і Расеяй. “Чаму Ўладзімер Уладзімеравіч (маецца на ўвазе Пуцін) ваш сябар, а Лукашэнка па-ранейшаму дыктатар?” – пытаецца ён з назолай у голасе і неразуменьнем статусу Беларусі як пархатай авечкі. “Раней Пуцін быў дрэнным чалавекам, дыктатарам, і раптам стаў сябрам”. Як адзначае “Wall Street Journal”, у той час, калі Буш абдымае Пуціна, Лукашэнку, наадварот, трымаюць на аддаленасьці, уведзенай у 1997 годзе. Палітыка “выбарачных адносінаў” не дазваляе афіцыйным асобам ЗША мець кантакты зь беларускім прэзыдэнтам, якога Дзяржсакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл назваў “адзіным эўрапейскім ізгоем”. Эўрапейскія краіны, хоць і менш адназначныя ў крытыцы, але таксама ставяцца да Беларусі з холадам.

“Wall Street Journal” адзначае, што Расея апошнім часам схіляецца да Захаду, што стварае клопаты для Беларусі, якая 90 адсоткаў энэргіі і па ніжэйшых коштах атрымлівае ад Расеі, і якая апошнімі гадамі ідзе да магчымага ўзьяднаньня зь ёй. Хоць Лукашэнка акрэсьліў развал Савецкага Саюза “ненатуральным”, ён сказаў, што плянаваны, але прыпынены саюз з Расеяй ня ёсьць спробай аднавіць яго, бо гэта, “на жаль, абсалютна немагчыма зрабіць.”

Пакуль Масква ня выявіла ніякіх прыкметаў павароту супраць Лукашэнкі, які мае шмат саюзьнікаў сярод вайскоўцаў і парлямэнтароў у Расеі, але любая далейшая нерашучасьць расейскай падтрымкі будзе для Лукашэнкі цяжкім ударам, – піша “Wall Street Journal”.

Замест пацяпленьня ў халодных адносінах з Захадам, якія маглі ўзьнікнуць пасьля 11 верасьгя, зьявіўся яшчэ адзін слой ільду. Два тыдні таму ў Менску знаходзілася дэлегацыя амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якія выказалі трывогу з нагоды інфармацыі з заслугоўваючых даверу крыніцаў, што Беларусь пастаўляе зброю краінам, якія падтрымваюць тэрарызам, і навучаюць вайскоўцаў краінаў, зьвязаных зь ім.

Лукашэнка адмаўляе гэтыя абвінавачаньні, заяўляючы, што “ніводзін ірацкі ваенны спэцыяліст не навучаецца і не навучаўся ў Беларусі пасьля краху СССР”. Ён дадаў, што Беларусь зарабляе грошы, прадаючы танкі і іншае ўзбраеньне, што засталося ў краіне ад савецкага войска. Але выконвае ўсе рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН у абмежаваньні гандлю зброяй зь Іракам і іншымі краінамі. Лукашэнка сказаў: “Гандаль зброяй абсалютна прыймальны бізнэс. Тое, што мы зарабляем у параўнаньні з Амэрыкай, толькі кропля ў акіяне”. А паведамленьні пра навучаньне ірацкіх вайскоўцаў Лукашэнка назваў “правакацыяй, сплянаванай ягонай унутранай апазыцыяй, якая жыве паводле прынцыпу, чым горш для іхнай краіны, тым лепей для іх. Такім чынам, яны хочуць дайсьці да ўлады”.

Ён сказаў, што абмеркаваў праблему навучаньня з амбасадарам ЗША ў Менску Майклам Козакам і “пакінуў яго ўпэўненым, што гэтая інфармацыя зусім беспадстаўная”. Газэта піша, што Козак сказаў, што ён ніколькі не перакананы. На ягоную думку, беларускія ўлады хочуць, каб іх прынялі ў прыстойнае таварыства, але яны не жадаюць рабіць неабходныя рэчы, каб гэтага дасягнуць”. Так сказаў амэрыканскі амбасадар, пераконваючы Лукашэнку ініцыяваць “рэформы, якія б былі адпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам”.

Беларускі лідэр сфармуляваў сваё бачаньне амэрыканскіх “двайных стандартаў”: “Вы маеце сяброўскія сувязі з тымі краінамі, якія ня маюць апазыцыі, ня маюць свабоднай прэсы, але маюць газ ці нафту. Вы ніколі не гаворыце, што яны дыктатары. Як гэта разумець?”

У гэтым інтэрвію Лукашэнка таксама сказаў, што ў яго зараз як ніколі раней добрыя адносіны зь Міжнародным Валютным Фондам, але ён не патрабуе і ня хоча ягоных крэдытаў. Ён падкрэсьліў, што Беларусь запрашае заходніх інвэстараў, але толькі на яе ўмовах. “Форд” пакінуў Беларусь, але застаўся “МакДональдз”, адзіны прадстаўнік высока-профільных амэрыканскіх карпарацыяў. Лукашэнка сказаў, што прыватызацыя неабходная, але “не зладзейская, калі прадпрыемствы пераходзяць у рукі злачынцаў”. Стратэгічныя прадпрыемствы ня будуць аддадзеныя пад кантроль прыватным асобам. Інакш яны звольняць пэрсанал. “Мы ніколі ня будзем мець прыватызацыі расейскага стылю,” – сказаў Лукашэнка.

“Учора, 10 гадоў таму, 100 гадоў таму мы былі часткай Эўропы. Беларусь ня можа быць ізаляванай, – сказаў ён. – Вы павінны быць партнэрам у дыялогу з намі, замест таго, каб сілай паставіць нас перад вамі на калені.”

Лукашэнка пасьмяяўся над крытыкай беларускай выбарчай сыстэмы. “Вы ведаеце, як адбываліся выбары ў ЗША, – сказаў ён, маючы на ўвазе падлік галасоў у Флярыдзе. – Але я імгненна павіншаваў Буша зь ягонай перамогай. Ён жа так і не павіншаваў мяне як прэзыдэнта. Гэта цывілізаваныя адносіны?”


XS
SM
MD
LG