Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ НЕФАРМАЛЬНАГА САМІТУ СНД У ЧЫМБУЛАКУ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Мэрхат Шарыпжан, Віталь Портнікаў.

(Дракахруст: ) “Сп-р Шарыпжан, што на Ваш погляд стала галоўным вынікам саміту СНД у Чымбулаку?”

(Шарыпжан: ) “Мне падаецца, што галоўны вынік – гэта заявы Пуціна і Шэварнадзэ напярэдадні выніковай прэсавай канфэрэнцыі. Пуцін сказаў, што зьяўленьне амэрыканскіх войскаў у Грузіі не зьяўляецца трагедыяй. Гэта выклікала велізарнае зьдзіўленьне ня толькі ў журналітаў, але, мяркую, і ў некаторых прэзыдэнтаў. Пры гэтым Пуцін дадаў, што Грузіі варта было б інфармаваць Расею пра такія крокі. Шэварнадзэ, можа ня вельмі дыпляматычна, адказаў, што Грузіі няма чаго хаваць ад Расеі, і што Тбілісі ўвесь час інфармаваў Маскву пра сытуацыю ў Панкіскай цясьніне. Гэтыя заявы абязброілі шэраг мэдыяў як у Цэнтральнай Азіі, гэтак і ў СНД увогуле, якія сьцьвярджалі, што прысутнасьць войскаў краінаў НАТА на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі супярэчыць супрацоўніцтву ў межах СНД і, у прыватнасьці, дамове СНД аб калектыўнай бясьпецы”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Портнікаў, як Вы мяркуеце, якія наступствы для краінаў СНД будзе мець сёньняшняя заява расейскага прэзыдэнта пра тое, што прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Грузіі не зьяўляецца трагедыяй?”

(Портнікаў: ) “Прэзыдэнт Пуцін чарговы раз праявіў сябе рэалістам. На самой справе Расея ніяк ня можа перашкодзіць амэрыканскай дапамозе Грузіі ў справе барацьбы з тэрарызмам. Калі Расея хоча, каб з тэрарызмам змагаліся, няма ніякай розьніцы паміж Цэнтральнай Азіяй і Закаўказьзем, і тут прэзыдэнт Пуцін абсалютна мае рацыю. Я хачу зьвярнуць увагу на важны нюанс – паводле словаў Пуціна, Расея была незадаволеная не самім фактам зьяўленьня амэрыканскіх вайскоўцаў у Грузіі, а тым, што Тбілісі не паінфармаваў пра гэта Маскву. Расея сапраўды нэрвуецца з прычыны таго, што навідавоку зьніжэньне яе ролі на постсавецкай прасторы. І гэта – галоўны вынік саміта ў Чымбулаку. Я б сказаў, што вынік – зьнікненьне постсавецкай прасторы, як такой. Раней шмат гаварылася пра нямогласьць СНД, але ня ставілася пад сумнеў існаваньне постсавецкай прасторы. Цяпер большасьць постсавецкіх краінаў – Цэнтральная Азія, Закаўказьзе – адыходзяць ад Расеі да іншых гэапалітычных прастораў. Расея захоўвае свой пэўны ўплыў толькі на Малдову, Украіну і Беларусь. Але нават у Беларусі гэты ўплыў мае часовы характар – ён будзе існаваць роўна да таго часу, пакуль Аляксандар Лукашэнка будзе захоўваць уладу”.

(Дракахруст: ) “Часам адсутнасьць нейкай падзеі – зьява ня менш значная, чымсьці яе наяўнасьць. На працягу апошніх тыдняў Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў публічна абураўся зьяўленьнем войскаў краінаў НАТА на тэрыторыі дзяржаваў Садружнасьці. Беларускі кіраўнік казаў, што краіны, што ўдзельнічаюць у дамове СНД аб калектыўнай бясьпецы, даўшы дазвол на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі войскаў заходніх краінаў без узгадненьня з Беларусьсю, груба парушылі гэтую самую дамову аб калектыўнай бясьпецы. Лукашэнка абяцаў, што абавязкова ўздыме гэтае пытаньне падчас саміту ў Чымбулаку. Ці зьдзейсьніў сп-р Лукашэнка гэты свой намер? Сп-р Шарыпжан, Вам пытатаньне”.

(Шарыпжан: ) “Я лічу, што заява Лукашэнкі на гэты конт гучала крыху сьмешна. Прыгадаем 1999-2000 гады, калі на тэрыторыю Кыргызстану ўварваліся ўзброеныя тэрарыстычныя групоўкі, асноўнаю мэтаю якіх быў прарыў у Фэрганскую даліну і ўсталяваньне там ісьлямскага халіфату. І дзе тады была тая дамова? На дапамогу прыйшлі толькі Казахстан і Ўзбэкістан і тое даволі ўмоўна. Узбэкістан разбамбіў некалькі мірных кыргызскіх вёсак, Казахстан пачаў дапамагаць толькі тады, калі крызыс ўжо пайшоў на скон. Дамова СНД аб калектыўнай бясьпецы якраз і не працуе, і людзі ў Кыргызстане, Таджыкістане, Узбекістане ўспрымаюць прысутнасьць амэрыканскіх войскаю як рэальную абарону ад такіх нападаў з Афганістану. Мы гаворым – “блізкае замежжа”, але хто бліжэй, прыкладам, да Казахстану – Кітай, Афганістан ці Беларусь? Мне здаецца, што пытаньне, узьнятае Лукашэнкам, магло абмяркоўвацца, але падчас кулюарных двухбаковых перамоваў. Паводле нашай інфармацыі, на пленарным пасяджэньні яно не абмяркоўвалася”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Портнікаў, чаму праблема, якая так непакоіла спадара Лукашэнку, ўвогуле не абмяркоўвалася на сустрэчы ў вярхах?”

(Портнікаў: ) “Я мяркую, што на нефармальным ўзроўні гэта маглі абмяркоўваць, але вырашылі не выносіць на суд журналістаў. Але я, не жадаючы абразіць вашых слухачоў, заўважу, што ад думкі Аляксандра Лукашэнкі зараз увогуле мала што залежыць. Нават Расея пасьля 11 верасьня стала аб’ектам, а не суб’ектам ўсясьветнай палітыкі. Праблема заходніх краінаў зараз палягае ў тым, як найхутчэй інтэграваць Расею ў заходнія структуры бясьпекі. Што ж тычыцца Беларусі, то пасьля 11 верасьня яна стала краінаю, лёс якой будзе вызначаны шляхам перамоваў паміж Захадам і Расеяй. І таму меркаваньні беларускага кіраўніка на саміце ў Чымбулаку ня мелі аніякага значэньня, адзінае што было важным – якую ацэнку прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Грузіі дасьць расейскі прэзыдэнт. Прэзыдэнт Пуцін сваёй заяваю паказаў, што ён адэкватна ацэньвае сытуацыю. Аляксандар Лукашэнка мог бы прадэманстраваць сваю неадэкватнасьць, калі б яму далі магчымасьць выказаць ягоную думку, але ён быў пазбаўлены і гэтай магчымасьці”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG