Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ: "ЭКАНАМІЧНЫЯ САНКЦЫІ — САМЫЯ НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"


Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканскія самалёты ўчора нанесьлі ўдары па аб'ектах ірацкае супрацьпаветранае абароны, прычым камандаваньне ЗША падкрэсьліла, што гэта было зроблена толькі пасьля таго, як самалёты былі абстраляныя зь зямлі зэнітнымі ўстаноўкамі.

За апошні тыдзень прадстаўнікі ЗША некалькі разоў заявілі, што іракцы могуць выкарыстоўваць зэнітныя ракеты толькі для абстрэлу самалётаў, якія патрулююць беспалётную зону ў гэтай краіне.

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Стывэн Пайфэр у часе знаходжаньня ў Менску ня выключыў, што адпаведныя ірацкія спэцыялісты навучаліся ў Беларусі. Гэтую заяву нечакана падтрымала дэпутатка гэтак званае палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, якая ў інтэрвію агенцтву "Інтерфакс-Запад" заявіла, што рашэньне пра навучаньне ў Беларусі ірацкіх вайскоўцаў было "памылкай з боку беларускага кіраўніцтва", а Міністэрства замежных справаў мусіла папярэдзіць кіраўніцтва краіны пра мажлівыя "нэгатыўныя замежнапалітычныя наступствы такога кроку".

Такім чынам, Вольга Абрамава фактычна пацьвердзіла тое, што ўвесь час абвяргаюць афіцыйныя прадстаўнікі выканаўчае ўлады Беларусі.

Пра тое, што ён мае ўскосныя пацьверджаньні беларускага гандлю зброяй з тэрарыстычнымі рэжымамі, заявіў і Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету. Сёньня я папрасіў спадара Шушкевіча канкрэтызаваць гэтыя ўскосныя пацьверджаньні.

(Шушкевіч: ) “Не, я не магу нічога канкрэтызаваць. Калі я гаварыў пра ўскосныя сьведчаньні, я гавару пра тое, што бачыў, як тут "абшываюцца", як кажуць па-беларуску, шэраг прадстаўнікоў тых краін, якія мы адносім да тэрарыстычных, да схільных да тэрарызму, і ня ведаю, што ім рабіць у Менску, акрамя як шукаць зброю".

Гэтая зброя, на думку Станіслава Шушкевіча, перадусім расейская.

(Шушкевіч: ) "У Беларусі сучаснай зброі няма, яна яе не прадукуе. Відавочна, што гэта зброя расейская. Гэта добры канал для расейскіх колаў, якія зарабляюць на гэтым".

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і лідэр АГП Анатоль Лябедзька сёньня нагадаў, што ягоная партыя зьвярталася да міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова й прасіла абнародваць тыя "лічбы й факты", якія былі пададзеныя дэлегацыі амэрыканскіх кангрэсмэнаў у прысутнасьці амбасадара ЗША Майкла Козака. Адказу з МЗС пакуль няма.

Не змаглі скарыстацца парадай беларускага дыпляматычнага ведамства й журналісты, якіх учора афіцыйна перанакіравалі па камэнтар да амбасадара Козака. Ён, як паведамілі ў амэрыканскай амбасадзе, знаходзіцца па-за межамі Беларусі — паводле нашых зьвестак, у суседняй Літве.

Таму скандал вакол заявы прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША наконт мажлівасьці санкцыяў супраць Беларусі сёньня працягу не атрымаў. Але Станіслаў Шушкевіч зазначае:

(Шушкевіч: ) "Гэта ня штучны скандал. Я ня думаю, што супраць Беларусі могуць быць уведзеныя санкцыі ваеннага пляну альбо іншага. Эканамічныя могуць быць санкцыі — яны самыя небясьпечныя для Беларусі. І самая вялікая бяда ў тым, што яны адаб'юцца найгоршым чынам не на рэжыме, а на простым беларускім людзе.

І я б хацеў, каб тут была нейкая памяркоўнасьць і нейкае разуменьне: трэба падзяляць рэжым — і беларусаў, насельніцтва Беларусі. Спадзяюся, што амэрыканцы будуць паступаць разумна".


XS
SM
MD
LG