Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЎЕ. КУРБАН-БАЙРАМ


Ягор Маёрчык, Іўе-Менск

Кульмінацыя сьвята Курбан-Байрам. Ля мячэту ў Іўі мула чытае малітву. Пасьля заключных словаў “Слава Алаху!” чалавек бярэ звычайную жалезную касу і пераразае горла быку, якога папярэдне зьвязалі й павалілі на зямлю галавою да Мэкі.

Ужо на звычайным вясковым падворку з жывёліны здымаюць скуру. Яшчэ цёплае мяса рубяць на кавалкі й частуюць суседзяў. У сьвята Курбан-Байрам у кожнай татарскай хаце павінен быць кавалак быка, барана альбо пеўня, ахвяраваных Алаху. Разам з адмысловымі сьвяточнымі поліўкамі й пяльменямі на стале будзе садага — ласункі ў памяць продкаў.

Я знаходжуся на мізары — гэта мусульманскія могілкі. Хутка сюды прыйдуць людзі й будуць чытаць Каран на тым месцы, дзе пахаваныя іхныя крэўныя. Нябожчыкаў тут не кладуць у труну, а загортваюць у саван. У мусульманскім сьвеце выявы чалавека забароненыя, таму на помніках няма фотаздымкаў памерлых. Беларускія прозьвішчы Радкевіч, Шабановіч, Багдановіч спалучаюцца з мусульманскімі імёнамі Рахіль, Хатва, Алі, Мустафа. Некаторыя магільныя камяні пакрыліся імхом, і разабраць надпісы проста немагчыма. Могілкам больш як чатыры стагодзьдзі.

Цяпер у Беларусі жыве 30 тысяч мусульманаў, траціна зь іх — татары. Самае вялікае кампактнае пасяленьне ў мястэчку Іўе — 550 чалавек, 270 хатаў. Тры татарскія вуліцы з назвамі Савецкая, Леніна ды Дружбы.

Паводле старшыні тамтэйшай суполкі Мустафы Радкевіча, за 600 гадоў жыцьця на тэрыторыі Беларусі татары згубілі мову, аднак захавалі веру, асноўныя прынцыпы якой засталіся непахісныя. На падворках тут росьцяць бараноў. Трымаюць у лядоўнях і сьвіное сала — але выключна каб частаваць гасьцей-хрысьціянаў. Больш складаная сытуацыя з алькаголем, ужываньне якога лічыцца цяжкім грахом.

(Радкевіч: ) “Сухога закону мы не выконваем. Як і ўсе людзі — ужываем, але з абмежаваньнямі, каб было весялей. Самі разумееце, што бяз гэтага не абысьціся. Між іншым, ужываем толькі напоі дзяржаўнай вытворчасьці, а падпольнай — гэта ў нас ня ў модзе”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму? Ці ня ўсё адно, што піць — тое, што робяць людзі, ці тое, што робіць дзяржава?”

(Радкевіч: ) “Мы лічым, што дзяржава вырабляе больш якасны прадукт. А тут — хто яго ведае, як яно зроблена. Можна сёньня выпіць, а заўтра памерці. Жыцьцёвы ўзровень ня вельмі-та добры. Заробкаў няма, жывем з агародаў. Палітыкай мы не цікавімся. Нам усё добра: і так добра, і так добра”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваеце вы ад улады нейкую дапамогу?”

(Радкевіч: ) “Такую, каб моцную, дык не. Нас ніхто ня крыўдзіць, а гэта галоўнае”.

Да Другой усясьветнай вайны ў Беларусі налічвалася 19 мячэтаў. Захаваўся толькі адзін — у Іўі. Ён працаваў нават за савецкім часам. Людзі сталага веку ўзгадваюць, што тагачасныя ўлады неаднойчы спрабавалі зачыніць яго. Ад старога мулы нават патрабавалі даведку, што ён сапраўды можа чытаць Каран і ладзіць набажэнствы. Наведваць храм у той час вернікі вымушаныя былі падпольна. Сытуацыя зьмянілася толькі ў 1990-я гады.

Адрозна ад сваіх дзядоў і бацькоў, 10-гадовы Бэкір бесьперашкодна штопятніцу ходзіць у мячэт, а па выходных — на заняткі ў нядзельную школу.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вас вучаць у школе?”

(Бэкір: ) “Маліцца”.

(Карэспандэнт: ) “А заняткі падабаюцца?”

(Бэкір: ) “Нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава?”

(Бэкір: ) “А-га”.

(Карэспандэнт: ) “А можаш што-небудзь прачытаць сваё любімае?”

Бэкір чытае малітву па-арабску.

(Карэспандэнт: ) “А пра што гэтая малітва?”

(Бэкір: ) “Як да мячэту падыходзяць”.

Вучыць дзяцей маліцца на мове продкаў Эмір Шчасновіч. За восем гадоў існаваньня школы спадар Шчасновіч даў пачатковую рэлігійную адукацыю дзясяткам хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер шмат хто зь іх вучыцца ў мусульманскіх унівэрсытэтах на захадзе і на ўсходзе ад Беларусі.

(Шчасновіч: ) “Яны арабскай мовы ня ведаюць, таму цяжка навучаньне даецца. Гэта ўсё трэба вучыць напамяць. Яно хутка забываецца, і таму калі ён паўтарае, ён будзе помніць. Яны імкнуцца да ведаў, толькі ім часу не хапае. Вельмі цяжка: вялікая праграма ў школе. І яны кожны дзень сядзяць па 7–8 гадзінаў. Таму ў нас толькі заняткі па нядзелях”.

Усе свае грахі беларускія татары замольваюць ня пяць разоў на дзень, а толькі ў пятніцу. Праўда, даўжэй, чым ва ўсім сьвеце. Ажно 3 гадзіны безь перапынку. У працоўны дзень хвалу Алаху ўзносяць збольшага людзі сталага веку. Мужчыны й жанчыны моляцца асобна. На набажэнства трэба прыходзіць абсалютна чыстым. У храме нельга быць у абутку і зь непакрытай галавой.

Узімку вернікі апранаюць як мага болей цёплай вопраткі, бо будынак мячэту не ацяпляецца. Захутаныя ў пацёртыя палітоны, у трусіных шапках на галаве — на мове продкаў яны па чарзе і разам чытаюць радкі, якім ужо шмат стагодзьдзяў.

Пасьля тэрарыстычных актаў у Злучаных Штатах Амэрыкі й антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Афганістану, беларускія мусульмане адчулі чарговую хвалю ўвагі да сябе.

Імам Іўеўскага мячэту Ізмаіл Шабановіч жартуе, што калі б за кожную размову з журналістам ён браў па тысячы рублёў, дык суполка даўно б змагла адрамантаваць храм. Спадар Шабановіч чарговы раз акрэсьлівае сваё стаўленьне да рэлігійнага экстрэмізму, Усамы бін Лядэна і сытуацыі на Блізкім Усходзе:

(Шабановіч: ) “Мы ў палітыку ня лезем, а гэтая справа палітычная. Шкада і тых тысяч бязьвінных амэрыканцаў, якія загінулі. І ўсё ж Буш няправільна зрабіў. Трэба яму Лядэна злавіць, а ён цэлы Афганістан бамбуе. Калі вам трэба, дык вы найміце выведнікаў і злавіце гэтага Лядэна. І рабіце зь ім, што заўгодна. І цяпер што здарыцца — усё на мусульманаў”.

(Карэспандэнт: ) “Як жывецца татарам у Беларусі?”

(Шабановіч: ) “Жывецца нядрэнна. Трэба толькі працаваць — і жыць можна. Праблемы вось якія: мы вырошчваем агародніну. Ну а пасьля цяжка прадаць яе. Цяпер так зрабілі, што на Камароўку і носу ня сунеш: там закупленае месца, там закупленае месца, а нашы людзі ня маюць дзе збыць свой тавар. Прыедуць на гуртовы рынак, а там ганяюць. Калі ўначы прадасі, дык і добра. Вось такія праблемы.

А так жыць можна. Пэнсія ў мяне — 40 давалі тысяч, а цяпер ужо 50. Калі на даляры, дык ня ведаю, ці будзе 20 даляраў. За Лукашэнку бальшыня галасавала. Людзі думаюць (асабліва пэнсіянэры): на хлеб, соль і цукар ёсьць — ну і дзякуй Богу”.

Шмат хто з татараў маладзейшага веку жыве з чаўночнага бізнэсу. Выратоўваюць дзьве блізкія мяжы — польская і літоўская. Некалькі гадоў таму, распавядвае адзін маладзён, паспрабаваў распачаць сваю справу. Але хутка зразумеў, што гэта нявыгадна, нават стратна — значная частка прыбытку ішла на аплату падаткаў. І таму вырашылі зарабляць грошы неафіцыйным чынам.

Што да пэнсіянэраў — яны трымаюцца за зямлю, як і іхныя продкі цягам шасьці стагодзьдзяў. Фэрмэр Алей Ільясевіч:

(Ільясевіч: ) “Чатыры з паловай гектара зямлі ўзяў і раблю. Кароваў пару трымаю, каня, гусей, кур — вось такая гаспадарка. Як фэрмэр разбагацець я, вядома, не разбагацею, але есьці маю”.

(Карэспандэнт: ) “А цяжка быць фэрмэрам у Іўі?”

(Ільясевіч: ) “Не, няцяжка! Бяры больш, кідай далей. Ну, бывае праблема з камбайнам, калі ўраджай трэба ўбіраць”.

(Карэспандэнт: ) “Не шкадуеце, што заняліся ўласнай гаспадаркай?”

(Ільясевіч: ) “Гэта як валізка бяз ручкі: і кепска несьці, і кінуць шкода”.

Усходняя хітрыня ў характары татараў спалучаецца з агульнабеларускім настроем няпэўнасьці. Яны прызнаюцца, што хоць і захавалі нацыянальныя адметнастці, але шмат што перанялі ад беларусаў.

Прычыну схаванай апазыцыйнасьці й адкрытай апалітычнасьці тлумачыць старшыня мясцовай суполкі БНФ Франс Лемза:

(Лемза: ) “У іх ёсьць сваё гледзішча. Былі выбары. І з татараў былі наглядальнікі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму тады існуе афіцыйная апалітычнасьць?”

(Лемза: ) “Напэўна, гэта зьвязана з рэлігійным станам. Кожная ўлада па-рознаму ставіцца да іхных набажэнстваў. Цяпер стан нармалёвы. Можа, троху яны і баяцца: такі час настаў”.

Староньняму чалавеку кідаецца ў вочы вялікае нежаданьне жыхароў татарскага Іўя размаўляць пра палітычныя падзеі ў Беларусі. Прыкладам, людзі сталага веку наўпрост кажуць, што іх задавальняе сёньняшняя ўлада, бо яна ня чыніць перашкодаў для наведваньня мячэту.

Ніхто з татараў ня скажа, каго ён пакінуў у бюлетэні на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах. І пры гэтым спашлецца на тое, што галасаваньне было тайным. Амаль усе пры нагодзе зазначаць, што зусім не цікавяцца палітыкай.

Паказальна, што з усёй суполкі ў назіраньні за выбарамі бралі ўдзел толькі два чалавекі. Алі Ялісевіч рабіў гэта, бо непакоіцца за будучыню сваіх дзяцей.

(Елісевіч: ) “Мясцовая ўлада ставіцца нармалёва. Цкаваньняў адкрытых няма, але праточваецца халадок: чалавек іншай веры. Заўсёды, і цяпер асабліва, адчуваецца стаўленьне: людзі трэцяга гатунку. Раней быў большы ўплыў татараў на ўладу. У нас вялікая суполка, мы маглі б на любых выбарах моцна процістаяць партыі ўлады. Але імкнуцца татараў не пускаць нікуды.

Не хапае арганізатара. Калі чалавек нешта можа зрабіць і сказаць, яго лічаць вельмі разумным і абыходзяць яго: лепей не ісьці да яго і ня слухаць, што ён табе скажа. Трэба нешта рабіць, бо сядзець склаўшы рукі й чакаць, пакуль нешта прыйдзе — зьдзек зь сябе і са сваіх дзяцей. Беларусь можа згубіць свой галоўны козыр — гэта свой сувэрэнітэт. А калі яго згубім, то наша беларуская нацыя ня будзе існаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG