Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ УГЛЯНІЦА: ЗВАЛЬНЕНЬНЕ МЯНЕ З КГБ НІЧОГА НЕ ЗЬМЯНІЛА


Алена Ціхановіч, Прага

(Угляніца: ) “Я амаль кожны дзень чытаю газэты, слухаю радыё і чытаю інтэрнэт. Я бачыў там, што спадар Котаў заявіў, быццам бы я праходжу па нейкай крымінальнай справе. Я ня ведаю, што там можа быць за справа, калі я існую, я тут, у Нарвэгіі, ніхто мяне ня скраў, і я ня ведаю, што яны па той справе хочуць знайсьці, якога злачынцу”.

(Карэспандэнтка: ) “Генадзь, што азначае зьмена статусу – раней вы былі супрацоўнікам КГБ (хоць вас не было на месцы), а потым вас звольнілі. Статус афіцэра КГБ, ці даваў ён вам нейкую ахоўную грамату? Што гэта мяняе? Цяпер вы былы супрацоўнік КГБ”.

(Угляніца: ) “Я ня думаю, што нешта істотна зьмянілася. Супрацоўнікам КГБ я быў у Беларусі, але пасьля таго, як я адтуль зьехаў, і нават той месяц, як я адсутнічаў на працы, я ўжо не лічыў сябе супрацоўнікам КГБ, бо першы крок я ўжо зрабіў. Не магу сказаць. што жыцьцё, калі я працаваў у КГБ, было дрэннае жыцьцё. Гэта была добрая жыцьцёвая школа”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы нефармальныя сувязі са сваімі былымі калегамі?”

(Угляніца: ) “Не. Справа ў тым, што мае паплечнікі і сябры застаюцца афіцэрамі КГБ, а мяне ў сьценах КГБ, відаць, лічаць здраднікам, а можа хто і інакш думае…Я не хачу кампрамэтаваць людзей, да якіх добра стаўлюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ведаючы КГБ і яго мэтады, яго доўгія рукі, ці лічыце вы, што вам пагражае небясьпека, нават у Нарвэгіі?”

(Угляніца: ) “Я не лічу, што я тут у поўнай бясьпецы, але са свайго боку прымаю ўсе захады для таго, каб бясьпека была”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну і якую яшчэ інфармацыю можаце пра сябе падаць?”

(Угляніца: ) “Інфармацыя – гэта дапаможнік для людзей, якія хочуць да мяне дабрацца…Магу сказаць, што я тут сябе адчуваю добра, у мяне тут шмат новых знаёмых, не адчуваю сябе ў ізаляцыі і жыву нармальным жыцьцём. Нічога страшнага, што мяне звольнілі. Я маю яшчэ некалькі спэцыяльнасьцяў і магу працаваць нават тут. Адна праблема – гэта вывучыць нарвэскую мову, чым я і займаюся зараз актыўна”.


XS
SM
MD
LG