Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫЯ ІНВАЛІДЫ Ў БЕЛАРУСІ НЯ МАЮЦЬ ПЭРCПЭКТЫВЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, стан маладых інвалідаў у Беларусі бяспраўны й беспэрспэктыўны.

Найвастрэйшая праблема дзіцячай інваліднасьці ў Беларусі — адсутнасьць пэрспэктываў працаўладкаваньня. Да прыкладу, сёньня ў краіне амаль 30 тысяч маладых людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, і толькі 10% зь іх здолелі працаўладкавацца. Да прыкладу, у эканамічна разьвітых дзяржавах працуе да 60% маладых інвалідаў.

Гаворыць адна з арганізатарак канфэрэнцыі, намесьніца кіраўніка “Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям і маладым інвалідам” Марыя Сінякевіч:

(Сінякевіч: ) “Згодна з законам, усе маюць права на працу, а з рэалізацыяй гэтых законаў існуюць вялікія праблемы. Бо ў нас законы напісаныя, але яны ня дзейнічаюць. Калі ў нас малады чалавек мае першую групу інваліднасьці ў 18 гадоў, то яму пэўна не дадуць магчымасьці працаваць”.

У 18-гадовым узросьце быць выкрасьленым з жыцьця — гэта ня толькі матэрыяльныя, але найперш маральныя пакуты. У краінах Эўропы для такіх людзей на дзяржаўным узроўні ствараюцца адмысловыя цэхі, рэзэрвуюцца вытворчыя лініі. Да прыкладу, у Нямеччыне створаны нават горад у горадзе — таварыства Бэтэль. Тут адразу 350 тысяч інвалідаў жывуць, вучацца, працуюць, ствараюць сем’і. Гаворыць Гербэр Вальх’ютэр, сьвятар і кіраўнік таварыства:

(Вальх’ютэр: ) “Яшчэ 30 гадоў таму ў Нямеччыне былі інваліды, якім патрэбны быў догляд. За апошнія 20 гадоў дзяржавай створаныя працоўныя месцы для кожнага чалавека, які мае абмежаваныя магчымасьці”.

У Беларусі праблемамі працаўладкаваньня інвалідаў пакуль займаюцца грамадзкія арганізацыі і царква. Таму й посьпехі тут больш чым сьціплыя. Гэтак, Клецкая цырульня прыняла тэхнічнымі работніцамі некалькі дзяўчат з разумовай адсталасьцю, у Століне адчыняецца швэйны цэх на некалькі працоўных месцаў.

Каля 10 чалавек працуюць у швейнай майстэрні пры менскай царкве “Усіх смуткуючых радасьць”. Гаворыць пратаярэй царквы Ігар Карасьцялёў:

(Карасьцялёў: ) “Людзі з разумовымі й фізычнымі абмежаваньнямі ўвогуле закінутыя. Калі мы ўпершыню трапілі ў дзіцячы інтэрнат у Навінках, першае, што мы сталі рабіць — мыць палаты. Гэта быў жахлівы бруд, шмат тараканаў. І адпаведна дзеці: нэрвовыя, злыя. Тыя, што ў нас працуюць, — зусім іншыя. Гэта вельмі асаблівая катэгорыя: яны адчуваюць, калі іх любяць”.

Цяпер у Навінках ёсьць жаночы кляштар, паслужніцы якога працуюць з разумова адсталымі ў шпіталі. А ў царкве плянуюць адкрыць 140 працоўных месцаў для дзяцей-інвалідаў. Але, паводле айца Ігара, безь дзяржаўнай дапамогі царкве зрэалізаваць гэтую задуму будзе надзвычай складана.

Пра стаўленьне цяперашніх уладаў Беларусі да праблемаў інвалідаў гаворыць і такі факт: прывітаць удзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі ад Нямеччыны прыйшоў амбасадар Гельмут Фрык. Ад уладаў Беларусі — шараговыя супрацоўнікі структураў сацыяльнай апекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG