Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ МЗС: “НАМ НЯМА Ў ЧЫМ АПРАЎДВАЦЦА”


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай на плянавай прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч адмовіўся адказаць на просьбу Беларускага тэлебачаньня пракамэнтаваць заяву Дзярждэпартамэнту ЗША пра мажлівасьць санкцыяў супраць Беларусі. Але роўна праз чатыры гадзіны прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка зноў запрасіў журналістаў, каб агучыць свой камэнтар. Варта толькі адзначыць, што першым пра заяву Рычарда Баўчара паведаміла агенцтва Reuters, на якое потым спасылаліся расейскія сродкі масавае інфармацыі.

(Латушка: ) “МЗС Беларусі ня будзе камэнтаваць тую інфармацыю, якую ініцыятыўна распаўсюджваюць расейскія СМІ. Хацелі б адзначыць, што ніякіх фактаў, якія б пацьвярджалі незаконны гандаль Беларусьсю зброяй, нам не было прадстаўлена ні падчас візыту дэлегацыі Кангрэсу ЗША, ні падчас знаходжаньня прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі, і нам няма ў чым апраўдвацца.

Што тычыцца камэнтара прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Рычарда Баўчара, на які вы спасылаецеся, вам лепш зьвярнуцца з гэтым пытаньнем да амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Майкла Козака, які браў удзел ва ўсіх сустрэчах прадстаўнікоў Кангрэсу й Дзярждэпартамэнту ЗША з афіцыйнымі асобамі Беларусі.

Мы яшчэ раз падкрэсьліваем, што Беларусь ніколі не гандлявала, не гандлюе й не плянуе гандляваць зброяй, абыходзячы санкцыі Рады Бясьпекі ААН або з краінамі, якія заўважаныя ў падтрымцы тэрарыстаў”.

Спадар Латушка дадаў, што на пытаньні адказваць ня будзе. Нагадаю, што амэрыканскі амбасадар у Менску Майкл Козак, да якога накіраваў журналістаў прэсавы сакратар беларускага МЗС, мінулае пятніцы на супольнай з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Стывэнам Пайфэрам прэсавай канфэрэнцыі так ахарактарызаваў адказы беларускіх чыноўнікаў на пытаньні пра гандаль зброяй са злачыннымі рэжымамі:

(Козак: ) “Мы не былі задаволеныя адказамі, і менавіта таму нам давялося ўздымаць гэта зноў у часе візыту кангрэсмэнаў і ў часе цяперашніх перамоваў. Такім чынам, сустрэчы такія былі, але мы не задаволеныя адказамі”.

Аднак афіцыйны Менск працягвае заяўляць, што амбасадар Козак застаўся задаволены. Сёньня старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі гэтак званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец зноў цытаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію “Wall Street Journal” пра тое, што амбасадар ЗША ў Беларусі асабіста атрымаў усю інфармацыю на гэты конт з афіцыйных беларускіх крыніцаў, быў ёю задаволены і ўпэўніўся, што няма ніякіх падставаў для абвінавачаньняў на адрас Беларусі.

Пасьля брыфінгу Паўла Латушкі я патэлефанаваў у амбасаду ЗША ў Менску ды папрасіў пракамэнтаваць разьвіцьцё падзеяў. Вось што заявіў супрацоўнік інфармацыйнае службы амэрыканскае амбасады Аляксей Саламаха:

(Саламаха: ) “Амбасадзе ЗША няма чаго дадаць да той заявы, якая была зробленая прэсавым сакратаром Дзярждэпартамэнту Рычардам Баўчарам”.

Аднак спадар Саламаха ня выключыў, што амбасадар Козак усё ж выступіць з новым камэнтаром.


XS
SM
MD
LG