Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ЗАЯВУ ПРАДСТАЎНІКА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ РЫЧАРДА БАЎЧЭРА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Усе мае суразмоўцы адзначалі, што міжнародная супольнасьць ужо не аднойчы папярэджвала ўлады Беларусі пра недапушчальнасьць продажу зброі краінам, да якіх ужытыя санкцыі ААН. Таму магчымае ўвядзеньне санкцыяў ЗША супраць Беларусі ёсьць лягічным і абгрунтаваным з гледзішча інтарэсаў міжнароднай бясьпекі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які адным зь першых уздымаў праблему нелегальнага гандлю беларускімі ўладамі зброяй на розных міжнародных форумах, лічыць, што для адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі гэта вельмі моцнае папярэджаньне, бо гандаль зброяй быў асноўнай крыніцай папаўненьня г.зв. прэзыдэнцкага фонду. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэтая заява мае надзвычай важнае значэньне. І прагназую, што беларускія ўлады будуць вельмі нэрвова на яе рэагаваць. Увядзеньне санкцыяў можа азначаць, што ўсе транспартныя калідоры Беларусі могуць быць узятыя пад кантроль, вельмі пільны. Гэтай праблеме будуць надаваць увагу спэцыяльныя структуры й падразьдзяленьні, якія будуць назіраць за магчымасьцямі выкарыстаньня пасярэднікаў — тых, якія б маглі займацца пасярэдніцтвам у гандлі беларускай зброяй. Гэта вельмі істотна, і я прагназую, што падзеі нас чакаюць вельмі цікавыя”.

На думку спадара Лябедзькі, пасьля магчымага ўвядзеньня санкцыяў беларускім уладам пагражае выключэньне зь міжнародных арганізацыяў. Аднак лідэр АГП ня думае, што карныя меры ЗША сур’ёзна паўплываюць на становішча звычайных беларусаў, бо наўрад ці яны закрануць сфэры гуманітарнай дапамогі ды іншыя.

А вось меркаваньне намесьніка старшыні БСДП “Народная Грамада”, былога вайскоўца Ўладзімера Нісьцюка:

(Нісьцюк: ) “Вельмі шмат часу ўсе міжнародныя арганізацыі папярэджвалі Беларусь, што гуляць з думкай міжнароднай супольнасьці нельга. Таму мне бачыцца першае наступства — можа быць, гэта эканамічны ціск на Беларусь. А па-другое, палітычныя акцэнты зьменяцца шмат у каго ня толькі ў Злучаных Штатах, але й у Эўропе”.

Уладзімер Нісьцюк, які ёсьць спэцыялістам і ў справе міжнародных дачыненьняў, таксама не выключае, што магчымыя амэрыканскія санкцыі могуць перкрыць доступ на міжнародныя рынкі ня толькі вайсковай, але й звычайнай беларускай прадукцыі — угнаеньняў, тэкстылю ды іншых тавараў.

А вось былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, генэрал Мечыслаў Грыб лічыць, што магчымае ўвядзеньне Амэрыкай карных санкцыяў прывядзе да пагаршэньня дачыненьняў між Беларусьсю й Расеяй.

(Грыб: ) “Мне здаецца, найбольш сур’ёзна, што могуць ускладніцца адносіны Беларусі з Расеяй. Расея, якая цяпер імкнецца на Захад, да добрых стасункаў з ЗША, — яна будзе абмежаваная ў стасунках з той краінай, да якой амэрыканцы ўводзяць санкцыі. І калі Расея будзе сябраваць і аб’ядноўвацца з гэтай краінай, то пра Расею будуць рабіць пэўныя высновы ЗША і ўвесь Захад”.

Спадар Грыб адзначае, што карныя санкцыі ЗША вельмі сур’ёзна паўплываюць на беларускую эканоміку, але ўскладае адказнасьць за такое разьвіцьцё падзеяў на беларускія ўлады.

XS
SM
MD
LG