Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ “ПАЛІМІРА” ПРАВЁЎ МІТЫНГ ПРАТЭСТУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Мітынг ладзіўся Незалежным прафсаюзам вытворчага аб’яднаньня «Палімір» — арганізацыі, што налічвае ў сваіх шыхтах звыш тысячы сябраў. Фармальнай нагодай для яго правядзеньня была славутая ўрадавая пастанова, якая забараняе безнаяўнае пералічэньне прафсаюзных складак, аднак мітынгоўцы не абмежаваліся абмеркаваньнем толькі гэтага пытаньня.

Яны абураліся бескантрольным ростам цэнаў, невыкананьнем уладамі сваіх абяцаньняў і адсутнасьцю інфармацыі, датычнай акцыянаваньня іхнага прадпрыемства. Акцыянаваньне, як было сказана, яшчэ не пачыналася, а заводзкае кіраўніцтва ўжо склала сьпісы на скарачэньне 120 паліміраўцаў.

Казалі выступоўцы і пра тое, што многія работнікі аб’яднаньня атрымліваюць такую зарплату, якая не дазваляе ім харчавацца ў сталоўцы, і сталоўка сёньня на мяжы закрыцьця. Ну а спробы разгону прафсаюзаў пры зьмене формы ўласнасьці прадпрыемстваў былі названыя антынароднай акцыяй.

Ад імя салігорскіх шахтараў мітынг вітаў старшыня Незалежнага прафсаюзу Беларускага Віктар Бабаед, а старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікола Канах, які таксама браў слова, выказаў сваю радасьць з таго, што ў Наваполацку ёсьць людзі, здольныя і гатовыя змагацца за свае правы. Агульную думку мітынгоўцаў выказаў рабочы «Паліміру» Генадзь Варона, які, ад імя прафсаюзу і ад імя сваіх таварышаў па працы запатрабаваў ад ураду тэрміновага скасаваньня ганебнай пастановы, спыненьня росту цэнаў і забесьпячэньня дакляраванай празрыстасьці працэсу акцыянаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG