Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАСТОЦКІЯ АНАРХІСТЫ ВЫСТУПІЛІ СУПРАЦЬ ЗАВЯДЗЕНЬНЯ ВІЗАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток

У той жа час прадстаўнікі польскага ўраду запэўніваюць, што зробяць усё, каб візавы рэжым не перашкаджаў турыстам і бізнэсоўцам з Усходу наваедваць Польшу.

У часе пэрфомэнсу пад назовам “Няма нелегальных людзей” , які наладзілі мінулае нядзелі некалькі дзясяткаў сябраў анархісцкіх арганізацыяў зь Беластоку, маладыя людзі спрабавалі паказаць, як увядзеньне візаў будзе ускладняць беларусам, украінцам і расейцам перасячэньне польскай мяжы.

На тратуары ў цэнтры Беластоку удзельнікі акцыі зрабілі надпіс “Дзяржаўная мяжа”, а потым, падзяліўшыся на чаўнакоў з торбамі і памежнікаў, дэманстравалі працэс перасячэньня мяжы, у часе якога чаўнакі давалі памежнікам хабар.

А тых, хто ня меў у “пашпарце” “візаў”, памежнікі заварочвалі назад.

Над імправізаваным памежным пераходам лунаў сьцяг Эўрапейскага Зьвязу. Потым удзельнікі акцыі сыбмбалічна зьнішчылі дзяржаўную мяжу.

“Увядзеньне візаў мы лічым праявай расізму і ксэнафобіі з боку цяперашняга ўраду. Мы разумеем, што гэткія дзеяньні зьвязаныя з пашырэньнем Эўразьвязу і ягоным жаданьнем узмацніць свае ўсходнія межы перад канкурэнцыяй з Усходу”, - паведаміў прысутным адзін з арганізатараў акцыі Гжэгож Сулеўскі.

Нагадаю, што паводле пастановы польскага ўраду, візавы рэжым для беларусаў, украінцаў і расейцаў будзе ўведзены ад 1 ліпеня 2003 году.
Увядзеньне візаў для ўсходніх суседзяў гэта адна з умоваў далучэньня Польшчы да Эўразьвязу.

Аднак прадстаўнікі польскага ўраду шматкротна заяўлялі, што зробяць усё магчымае, каб наведваньне Польшчы турыстамі і бізнэсоўцамі з Усходу засталося максымальна простым. Прыкладам, паводле міністра замежных справаў Польшчы Володзімежа Цімашэвіча, адным з вырашэньняў гэтай праблемы могуць быць шматразовыя доўгатэрміновыя візы, за якія ня трэба будзе шмат плаціць.

Варта адзначыць, што ў 2000-м годзе польскую мяжу перасяклі каля 14 мільёнаў грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, сярод якіх беларусаў – амаль 6 мільёнаў.

Паводле падлікаў экспэртаў польскага міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, пасьля ўвядзеньня візаў, па іх атрыманьне зьвернецца каля аднаго мільёна асобаў, бо большасьць са згаданых 14 мільёнаў – гэта дробныя чаўнакі, якія з цыгарэтамі і гарэлкай наведваюць Польшчу, часам, некалькі разоў на дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG