Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЭРЫЯ ХОЧА ЗРАБІЦЬ МЕНСК ЭЎРАПЕЙСКІМ ГОРАДАМ, ЗЬЛІКВІДАВАЎШЫ ДРОБНЫ ГАНДАЛЬ


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што распавяла нашаму радыё пра гэтую кампанію прадпрымальніца Ніна Аўдзеева:

(Аўдзеева: ) “Да траўня распарадзіліся прыбраць з цэнтральных вуліцаў прадпрымальніцкія шапікі, а да чэрвеня 2003 году раздробны гандаль мусіць наогул спыніць сваё існаваньне. На маю думку, прычына гэтых плянаў — канкурэнцыя ў гандлёвай сфэры. Менгарвыканкам вырашыў, што мы яму не патрэбныя, бо ў нас ніжэйшыя цэны.

Я рабіла запыт да гарадзкіх чыноўнікаў: навошта гэта робіцца. У адказ пачула, што наш мэр Паўлаў мяркуе зрабіць Менск эўрапейскім горадам. Іх не цікавіць, што нельга на тым жа вакзале набыць у дарогу тавары першай неабходнасьці, што людзі застаюцца бяз працы. Беспрацоўнымі ўжо сталі чалавек трыста прадпрымальнікаў, а за імі яшчэ тыя, хто пакуль працуе”.

Шапікі прадпрымальніцы Ніны Аўдзеевай сталічныя ўлады ўжо зьліквідавалі. І зараз спадарыня Аўдзеева ня ведае, што рабіць далей.

А вось як кампанію ўладаў пракамэнтаваў нашаму радыё сябар Рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) “Іншых шапікаў у тых людзей ня было. Аўтаматычна яны робяцца беспрацоўнымі. Бо яны нічым іншым, апроч гандлю, не займаліся. Як пакупніку мне ўсё гэта не падабаецца. Многія тавары ў арганізаваным гандлі даражэйшыя, чым у неарганізаваным. Дык якое ж тут паляпшэньне?!”

Наступ на свой бізнэс адчуваюць у Менску ня толькі гаспадары шапікаў на сталічных вуліцах, але й прадпрымальнікі шэрагу рынкаў. Найперш гэта тычыцца рынку “Байкальскі”, які летась сталічныя ўлады паабяцалі зьнесьці. Рынак пакінулі — дзякуючы акцыям пратэсту прадпрымальнікаў і жыхароў мікрараёну Паўночны. Аднак зараз у дачыненьнях гандляроў і ўладаў зноў узьнікла напружанасьць.

Вось што паведаміла лідэрка прадпрымальнікаў “Байкальскага” Вольга Селязьнёва:

(Селязьнёва: ) “Па-новаму мы пачалі змагацца. Зараз зьбіралі заявы ад грамадзянаў за захаваньне рынку. За чатыры гадзіны падпісаліся 1400 чалавек. Учора мы накіравалі подпісы ў Менгарвыканакам да мэра Паўлава, а таксама зьвярнуліся ў Заводзкі райвыканкам, Камітэт архітэктуры. Бо нам заявілі, што рынак будзе зачынены 1 кастрычніка і паабяцалі выдзеліць новы кавалак зямлі пад рынак ужо ў студзені. Але ніякай зямлі пакуль няма. Усе зацікаўленыя, каб рынак застаўся на гэтым месцы”.
XS
SM
MD
LG