Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫПЛЯМАТЫЧНЫЯ ДЭМАРШЫ ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ З НАГОДЫ ЗАТРЫМКІ З ПРЫЗНАЧЭНЬНЕМ КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Як мы ўжо распавядалі, праблема вакансіі кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску ёсьць прадметам абмеркаваньня для Эўрапейскага Зьвязу. Адна з 15 краінаў Эўразьвязу — Партугалія, якая старшынюе цяпер у АБСЭ, дзе налічваецца 55 дзяржаваў, — вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да сваёй суседкі Гішпаніі, якая старшынюе цяпер у Эўрапейскім Зьвязе.

Вось што паведаміў супрацоўнік партугальскага МЗС Луіш Кабаса:

(Кабаса: ) “Эўрапейскі Зьвяз заняў пазыцыю падтрымкі Партугаліі, дзейнага старшыні АБСЭ, у гэтай сытуацыі. Я ўжо пераказваў вам гэтую пазыцыю: мандат КНГ ня ёсьць прадметам для перамоваў, мы хочам прызначыць амбасадара Хайкена як мага хутчэй. І гэта таксама пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу. І Эўрапейскі Зьвяз ужо зрабіў некалькі дэмаршаў у Менску”.

Паколькі амбасады Гішпаніі ў Менску няма, цяпер Эўразьвяз у Беларусі рэпрэзэнтуе Вялікая Брытанія. Сёньня брытанскага амбасадара ў Менску не было, ён вернецца ў Беларусь толькі заўтра, таму ягоныя калегі вырашылі пакуль не камэнтаваць зробленых дэмаршаў.

Адметна, што афіцыйны Менск яшчэ ні разу ня выступіў супраць кандыдатуры Эбэргарда Хайкена, якога дзейны старшыня АБСЭ прапанаваў на пасаду кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску. Гэта пацьвердзіў супрацоўнік партугальскага МЗС Луіш Кабаса.

(Кабаса: ) “Не, не. Ніколі. Яны не сказалі “не”. Беларусы не адхілілі ягонае імя”, — заявіў спадар Кабаса, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG