Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛОВАСЬЦЬ ГУБЛЯЕ І РАСЕЙСКІ РЫНАК


Казімер Яноўскі, Гомель

Фінансава-эканамічная сытуацыя ў лёгкай прамысловасьці сёньня стала нагодай для сумеснага разьбіральніцтва аблвыканкаму і канцэрну “Беллегпрам”. Адбылося гэта на фабрыцы “8 Сакавіка”, дзе зараз працуе каля 2 тысяч жанчын.

Раней фабрыка прыкладна 70% сваіх трыкатажных вырабаў, панчох, бялізны, дзіцячых строяў адпраўляла на продаж у Расею і краіны СНД. Цяпер да суседзяў накіроўваецца ўсяго толькі 5% вырабаў. Прадпрыемству прыйшлося закрыць сваё прадстаўніцтва ў Маскве, фірмовыя крамы ў Курску, Ёшкар-Але.

Паводле расповеду дырэктаркі фабрыкі Валянціны Станкевіч і яе намесьніцы ў пытаньнях эканомікі Антаніны Суржыкавай, спрычынілася да гэтага найперш беларускае заканадаўства. Нават з той часткі выручкі ў расейскіх рублях, якая ішла на ўтрыманьне крамаў і зарплату замежным прадстаўнікам фабрыкі, 30% грошай трэба было вяртаць у Беларусь і прадаваць Нацыянальнаму банку.

Зараз экспарт беларускіх вырабаў у Расею асабліва стрымліваюць цэны. Распавядае Антаніна Суржыкава:

(Суржыкава: ) “Узровень цэн на нашы вырабы вышэйшы, чымсьці на аналягічныя вырабы расейскіх вытворцаў. Энэргарэсурсы ў нас даражэйшыя, падатковая нагрузка фонду аплаты працы ў нас вышэйшая, і наогул усе падаткі большыя, чым у Расеі. Таму нашы тавары робяцца неканкурэнтаздольнымі”.

Расейцы прапануюць гамельчукам зьнізіць цэны на тавары на 30– 40%. Аднак фабрыка ня можа гэтага зрабіць з-за надзвычай нізкага ўзроўню рэнтабэльнасці.

Яшчэ на адну перашкоду ў беларуска-расейскім гандлі зьвярнуў увагу генэральны дырэктар швейнага аб’яднаньня “Камінтэрн” Вячаслаў Лягчылін. Гэта — уведзенае статыстычнае дэкляраваньне вывазу прадукцыі.

(Лягчылін: ) “Магчыма, на ўзроўні дзяржавы гэта і прынесла карысьць, я ня ведаю. Зьвестак такіх я нідзе ня бачыў. Аднак на ўзроўні прадпрыемстваў гэта прывяло да таго, што мы пазбавіліся расейскіх пакупнікоў. На расейскі рынак ішло 80 тысяч мужчынскіх касьюмаў. Цяпер у чатыры разы меней.

Які расейскі пакупнік будзе марнаваць на статыстычнае дэкляраваньне тры дні, каб купіць 15–20 касьцюмаў “Камінтэрну”. Гэтаксама як і іншых нашых прадпрыемстваў. У самой Расеі такія ўгоды афармляюцца за гадзіну”, — сказаў Вячаслаў Лягчылін.


XS
SM
MD
LG