Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВАЯ АКЦЫЯ “БЕЛАРУСЬ — У ЭЎРОПУ!” ПАСЬПЯХОВА ПРАЙШЛА ВА ЎСХОДНІХ РЭГІЁНАХ БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя “Беларусь — у Эўропу!” распачалася 14 лютага, на Дзень сьв. Валянціна ў Менску, і будзе працягвацца тры месяцы, ахопліваючы ўсе абласныя й раённыя гарады, а таксама мястэчкі Беларусі.

Сёньня лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і ягоны намесьнік Аляксей Шэін падсумоўвалі вынікі гэтай кампаніі, што прайшла ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Цягам 12 дзён маладафронтаўскія акцыі прайшлі ў Гомелі, Крычаве, Мсьціславе, Шклове, Горках, Касьцюковічах, Чавусах ды іншых гарадах.

Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, які лічыць, што кампанія праходзіць пасьпяхова:

(Севярынец: ) “Практычна паўсюль, дзе мы ставім за мэту праінфармаваць моладзь, абудзіць яе да думаньня й дзеяньня, абудзіць яе пасьля апатыі й дэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх вабараў 9 верасьня, паўсюль практычна гэта ўдаецца. Ва ўсіх гэтых 14 гарадах усходняй Магілёўшчыны моладзь сустракае кампанію прыязна, цёпла. І практычна паўсюль удаецца дасягнуць таго эфэкту, на які мы спадзяваліся”.

Маладафронтаўцы ў гэтых гарадах праводзілі лятучыя пікеты з раздачай апазыцыйнай літаратуры, шоў, віктарыны, дыскатэкі, а таксама апытаньне сярод моладзі — пра стаўленьне да інтэграцыі Беларусі ў аб'яднаную Эўропу і да іншых актуальных праблемаў.

Амаль ва ўсіх гарадах большасьць моладзі абірала эўрапейскі шлях для Беларусі, галасавала за бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” ды казала, што на мясцовых выбарах будзе галасаваць за БНФ. Выключэньнем стаў толькі Шклоў, дзе больш як палова апытаных маладых людзей падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку й ягоную інтэграцыю з Расеяй.

Ва ўсіх гарадах, акрамя Гомеля, дзе міліцыя затрымала некалькі ўдзельнікаў акцыі, мерапрыемствы прайшлі спакойна.

Па часе хваля акцыяў “Беларусь — у Эўропу!” перамесьціцца ў гарады цэнтральнай Беларусі. Празь Менск яна пройдзе 2 красавіка, на дзень г.зв. яднаньня Беларусі й Расеі. А скончыцца маратон 14 траўня масавым вывешваньнем нацыянальных сьцягоў ва ўсіх гарадах Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG