Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМОЧНІЦУ ПРАКУРОРА ХОЧУЦЬ ПАЗБАВІЦЬ БАЦЬКОЎСКІХ ПРАВОЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Памочнік пракурора Менскай вобласьці Ўладзімер Стэльмашэнка, які дасьледуе справу Тамарай Князевай, адмовіўся паведаміць, якім артыкулам Крымінальнага кодэксу могуць быць кваліфікаваныя дзеяньні ягонай калегі й ці ўвогуле магчымы пачатак крымінальнай справы. Дакладную характарыстыку гэтаму выпадку дала загадчыца аддзелу апекі Маскоўскага раёну Вольга Барадзіна, якая перакананая, што хлопчыка трэба тэрмінова забраць у апякункі. Гаворыць Вольга Барадзіна:

(Барадзіна: ) “Я падрыхтавала ўсе нарматыўныя дакумэнты для суду паводле 85 артыкулу — тэрміновае адабраньне пры жорсткім абыходжаньні зь дзіцем. Далей вырашыць суд: пазбаўляць бацькоўскіх правоў альбо не. Факт жорсткага абыходжаньня зь дзіцем прызнаны”.

Факт прызнаньня дзяржструктурамі катаваньня хлопчыка стаўся магчымым, дзякуючы актыўнасьці бацькоўскага камітэту 2-й “Б” клясы, дзе вучыцца Мікіта, які зьвярнуўся па прававую дапамогу ў Беларускі Гельсынскі камітэт. Нямала сілаў і мужнасьці каштавала гэта й настаўнікам школы №219.

Днямі ў аддзел адукацыі Маскоўскага раёну наведаліся супрацоўнікі Менскай райпракуратуры, дзе працуе памочнікам пракурора Тамара Князева. Адкуль выкладчыкам параілі сьмецьце з хаты не выносіць. Гаворыць сацыяльны пэдагог Ніна Чумак:

(Чумак: ) “Гэтая сыстэма яшчэ раз даказвае, што цісьне са страшнай сілай. Гэта засмучае найбольш. Страх згубіць сваё месца спрацоўвае: я вось думаю, а ці варта ўвогуле працаваць і займацца гэтым. Таму што гэта нэрвы”.

Тым часам 10-гадоваму хлопчыку сёньня няма на каго спадзявацца, як толькі на сацыяльную апеку: прыёмная маці наведала Мікіту ў шпіталі толькі двойчы за тры тыдні, дзе ён працягвае заставацца. Паводле лекараў Дзіцячага хірургічнага цэнтру, фізычныя й маральныя траўмы для Мікіты не прайшлі дарма: малому патрэбная ня толькі мэдычная, але й псыхічная рэабілітацыя.

Гаворыць загадчык аддзяленьня траўматалёгіі Дзіцячага хірургічнага цэнтру Мікалай Гасіеў:

(Гасіеў: ) “Канечне, сьляды засталіся, рубчыкі ўсялякія. А ў цэлым ён даволі добра сябе адчувае. У маральным пляне патрэбна доўга займацца з чалавекам. І псыхалягічная дапамога патрэбная будзе, вядома ж”.

4 сакавіка Мікіту Князева намаганьнямі лекараў, настаўнікаў і бацькоў пераводзяць у школу-санаторый Астрашыцкага гарадку. Паводле іх словаў, хлопчык заяўляе, што ня хоча вяртацца дахаты, але за малога гэтую праблему будзе вырашаць суд.

Канчатковы вэрдыкт адносна таго, ці завядуць крымінальную справу на Тамару Князеву, павінна вынесьці пракуратура.


XS
SM
MD
LG