Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДВАКАТА БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА МТЗ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА АДХІЛІЛІ АД АБАРОНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Таксама адваката абвінавацілі ў тым, што гэта нібыта ён арганізаваў зварот трактарабудаўнікоў у абарону дырэктара, і гэтым перашкаджаў сьледзтву. Усе абвінавачаньні пракуратуры Мікалай Шаліма назваў “лухтой і паклёпам”.

(Шаліма: ) “Гэта ўсё паклёп. Ніякіх спробаў Лявонава перадаваць нейкія інструкцыі, як каму сябе паводзіць, не было. У гэтым сэнсе ён вельмі карэктны”, — сьцьвярджае адвакат Мікалай Шаліма.

З абвінавачаньнямі ў падбухторваньні працоўнага калектыву да дзеяньняў у абарону Лявонава адвакат таксама нязгодны. Ён сьцьвярджае, што як абаронца Лявонава ўпершыню зьявіўся на МТЗ больш чым праз тыдзень пасьля таго, як трактарабудаўнікі пачалі зьбіраць подпісы.

Мікалай Шаліма бачыць асноўную прычыну свайго адхіленьня ў тым, што ён “як адвакат разгарнуў актыўную дзейнасьць у справе збору доказаў невінаватасьці Лявонава, і за гэта яго вырашылі адхіліць”.

Дарэчы, пастанову аб адхіленьні адваката падпісаў кіраўнік сьледчай групы ў справе Лявонава сьледчы Іван Бранчаль, вядомы тым, што менавіта ён расьсьледаваў справу аб зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Адвакат Мікалай Шаліма ўжо падаў скаргу на на дзеяньні Івана Бранчаля ягонаму начальству у пракуратуру. Адвакат кажа, што калі ягоны статус як абаронцы Лявонава не адновяць, ён падасьць на сьледчага ў суд.

Мікалай Шаліма практыкуе як адвакат з 1985 году. Напрыканцы 1990-х гадоў узначальваў Рэспубліканскую калегію адвакатаў, адкуль сышоў з прычыны стану здароўя. Цяпер Мікалай Шаліма працуе ў Менскай абласной калегіі адвакатаў. Раней яму ўжо даводзілася аказваць юрыдычныя паслугі Міхаілу Лявонаву.

Паводле спадара Шалімы, Лявонаў “абурыўся, калі даведаўся пра адхіленьне. Ён назваў гэта ціскам на сябе і спробай пазбавіць яго кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі”. Мікалай Шаліма заяўляе, што дагэтуль лічыць сябе абаронцам Лявонава, аднак з учорашняга дня яму не дазваляюць сустракацца з падабаронным у сьледчым ізалятары.

Цяпер экс-дырэктара МТЗ будзе абараняць адвакат Андрэй Невядоўскі з гарадзкой калегіі. У пракуратуры Беларусі заяўляюць, што адхіленьне адваката Шалімы было цалкам законнае і спасылаюцца на 44 артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG