Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ ПАДСУМОЎВАЮЦЬ ВЫНІКІ ПЯЦІМЕСЯЧНАЙ ВАХТЫ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Спадар Яўген падкідвае ў буржуйку сухія дровы. Ён жыве ў суседнім мікрараёне, часта наведвае абаронцаў Курапатаў.

(Яўген: ) “Дапамагаю хлопцам, усё ж я старэйшы. Зрабіў ім два тапарышчы. Мяне прасілі, бо тут ніхто ня мог зрабіць. Дапамагаю, нейкія парады даю. Трэба закончыць ужо гэтую справу — агароджу каб зрабілі, каб ахова была. Каб уся краіна й горад адчулі, што тут ня месца для выгулу сабак...”

Эпідэмія грыпу ў Курапатах ужо скончылася, але многія валанцёры зараз пакутуюць ад наступстваў хваробы. Антось Шкурынскі пачуваецца сёньня ня вельмі добра.

(Шкурынскі: ) “У Цімура пайшло ўскладненьне на вушы, а ў мяне на лёгкія — бранхіт. Спрабую лекавацца, чым магу. Нам прыносяць розныя вітаміны, прымушаюць есьці мёд. Спрабуем лячыцца, але яшчэ й працаваць трэба”.

У мінулую нядзелю споўнілася роўна пяць месяцаў, як у Курапатах пачалася вахта памяці. Многія прыйшлі павіншаваць валанцёраў з гэтай датай. Бабулькі, як іх называюць валанцёры, прынесьлі пірагоў і прысмакаў. Глеб Вязоўскі, які зь першых дзён бярэ ўдзел у вахце памяці, спадзяецца, што ўвесну да сталых абаронцаў Курапатаў далучацца новыя добраахвотнікі.

(Вязоўскі: ) “Людзей не хапае. Людзі тут ужо маральна стаміліся, дзяжураць ужо вельмі шмат, таму трэба калі-нікалі, хоць раз на два тыдні, выяжджаць у горад, каб крыху разьвеяцца. Я мяркую, што мы тут будзем сядзець да таго, як пачне будавацца мэмарыял. Калі мы на 100 адсоткаў будзем упэўненыя, што мэмарыял будзе пабудаваны, тады, мабыць, сыдзем”.

Пакуль ідзе нашая гутарка, макароны з тушонкай амаль гатовыя. Валанцёрам даводзіцца купляць танныя макароны, якія хутка разварваюцца й ператвараюцца ў месіва. Але за гэтыя месяцы дзяжурства старшы па лягеры Алесь Гетман навучыўся гатаваць так, каб макароны не гублялі форму. Скончыўшы кухарскія справы, Алесь пачынае падсумоўваць вынікі пяцімесячнай вахты:

(Гетман: ) “Шмат чаго мы дасягнулі. Зараз тут будзе пабудаваны мэмарыял. Гэта ўсё цягнецца з 1989 году, амаль што 13 гадоў. А цяпер моладзь паказала, што яна больш працаздольная, хаця мы й працуем са старэйшай ініцыятывай. Але ўсё роўна, я мяркую, што калі б мы тут не сядзелі, тут нічога б не пабудавалі яшчэ дзесяць гадоў”.

Алесь Гетман паказвае мне кнігі, што надоечы зьявіліся ў курапацкай бібліятэцы — гэта “Кар’ер” Васіля Быкава, брашуры пра Курапаты, Хатынь і Трасьцянец, усе творы, прысьвечаныя трагічным падзеям у гісторыі Беларусі. Але мэмарыял створаны пакуль толькі ў Хатыні.


XS
SM
MD
LG