Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ХТО ТАКІ ПАСОЛ ЭБЭРГАРД ХАЙКЕН І ШТО ЁН ДУМАЕ ПРА СВАЁ ПРЫЗНАЧЭНЬНЕ Ў БЕЛАРУСЬ?


Алена Панкратва, Прага

Прапанова ўзначаліць місію АБСЭ ў Менску была для Эбэргарда Хайкена досыць нечаканай. Тым ня менш, ён доўга не разважаў прыняць яе ці не. “Званок з МЗС стаў для мяне моцным імпульсам, свайго роду выклікам,” – расказвае 66-гадовы дыплямат журналістцы Барбары Оертэль. Паводле ягоных словаў, дыпляматы называюць крэсла кіраўніка АБСЭ ў Менску гарачым. Хайкен ведае гэта на прыкладзе свайго калегі Віка. Беларускі лідэр неаднойчы выстаўляў Віку абвінавачваньні ў шпіянажы, неаднойчы пагражаў выставіць з краіны. Аднак пэрспэктыва бясконцых і безвыніковых дыскусіяў з настальгуючым па савецкіх часах Лукашэнкам ніколькі не бянтэжыць Хайкена.

Кар’ерны дыплямат, юрыст па адукацыі, які два гады ўжо на пэнсіі, ён адчувае сябе найлепшым чынам гатовым для такой працы. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза Хайкен працаваў у амбасадзе ў Маскве, Напрыканцы 80-х узначальваў аддзел па сувязях з СССР у МЗС ФРГ. Затым зноў была праца ў Маскве. Найвышэйшыя дасягненьні ў дыпляматычнай кар’еры – пасада амбасадара ФРГ у Швайцарыі і ва Ўкраіне. У Беларусі Хайкену даводзілася бываць дзясяткі разоў і нават праводзіць перамовы зь беларускім кіраўніцтвам, у тым ліку з Лукашэнкам. Хайкен ацэньвае сваю будучую працу як цяжкае заданьне, вынікі якой наступяць ня хутка. Ён ня мае вялікіх ілюзіяў адносна цеплыні будучых сустрэчаў зь беларускім кіраўніцтвам. Ён ня больш жаданны ў Менску, чым ягоны папярэднік Вік.

Цяпер Хайкен літаральна сядзіць на валізах. Менск не спяшаецца акрэдытоўваць яго, пакуль АБСЭ ня пойдзе на саступкі. Тым часам Хайкен займацца Ўкраінай. Як адзін з кіраўнікоў прыватнай арганізацыі “Нямецка-украінскі форум”, Хайкен кожныя два месяцы наведвае чарноморскі горад Адэсу, дзе ўзначальвае праект будаўніцтва прытулку для бяздомных сабак.

Калі Менск вырашыць акрэдытаваць яго, Хайкен ня ведае. У любым выпадку ён гатовы прыбыць у Беларусь у кожным часе. “Як толькі –дык адразу,” – гаворыць Хайкен. Жонка Хайкена, якая ўвесь час суправаджала яго ў замежных камандыроўках, на гэты раз хутчэй за ўсё застанецца дома ў Боне. Хайкен ня хоча, каб яна ішла на гэтыя прыгоды. Тым ня менш ён зьбіраецца праводзіць разам зь ёй кожны другі ўік-энд.
XS
SM
MD
LG