Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО І КАЛІ АДЗНАЧАЕ ДЗЕНЬ АБАРОНЦАЎ АЙЧЫНЫ?


Ірына Халіп, Менск

У гэты дзень многія адзначаюць ці яшчэ будуць адзначаць Дзень абаронцы Айчыны. Раней ён называўся Днём Савецкай Арміі, і зьявіўся гэты дзень дзякуючы таму, што менавіта 23 лютага 1918 году маладая рабоча-сялянская армія перамагла войска кайзэра пад Псковам. Ірына Халіп размаўляе зь лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Міколай Статкевічам.

(Халіп: ) “Мікола, вы, напэўна, ведаеце: праз стагодзьдзі выявілася, што ўвогуле не было ніякай бітвы пад Псковам, не было ніякай перамогі над кайзэраўскім войскам.

Такім чынам, дзень абаронцы Айчыны можна было б адзначаць і ў дзень Кулікоўскай бітвы, і ў дзень перамогі Пятра І пад Палтавай, і нават у дзень падаўленьня Тухачэўскім паўстаньня пад Тамбовам.

Як вы думаеце, ці ня надта мы заблыталіся у каляніяльнай гісторыі і каляніяльных сьвятах?”

(Статкевіч:) “Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба разабрацца, што такое сьвяты і навошта чалавецтва іх прыдумала.

Сьвяты — гэта геніяльнае вынаходніцтва чалавечага грамадзтва, таму што жыцьцё звычайна цяжкае (раней яно было яшчэ цяжэйшае) і дастаткова аднастайнае. У ім бракуе нейкіх радасных падзеяў. І вось тысячагодзьдзі таму, незалежна ад расы і кантынэнту, у кожным чалавечым грамадзтве зьявіліся сьвяты. Гэта, так бы мовіць, штучнае стварэньне радаснай падзеі.

Найлепш разумелі, што такое сьвяты, тыя, хто працаваў з рэлігіямі. Глядзіце, якія сьвяты найбольш папулярныя: Нараджэньне Хрыстова, нават Новы год — гэта таксама ў савецкай інтэрпрэтацыі нараджэньне. Шукаць лёгіку ў гэтым ня трэба.

За савецкім часам узьніклі новыя сьвяты, гэта зьвязана з асобай Сталіна. Ён усё ж атрымаў царкоўную адукацыю і, мабыць, разумеў гэтыя рэчы. Таму савецкія сьвяты хутка пераўтварыліся: напрыклад, 23 лютага зрабілі мужчынскім днём, 8 сакавіка — днём жанчын.

Вельмі лёгка быў успрыняты ў нашай найноўшай гісторыі дзень Сьвятога Валянціна — людзі хочуць сьвятаў, жадаюць сьвятаў, яны асабліва не разважаюць пра зьмест гэтых сьвятаў. І мы, мне здаецца, не павінны надта строга да гэтага падыходзіць. Калі новы парлямэнт зацьвердзіць нейкае новае сьвята — людзі ўспрымуць і гэта”.

(Халіп: ) “Ці значыць гэта, што асабіста вы, Мікола, сьвяткуеце гэты дзень?”

(Статкевіч: ) “Я скажу, што ў маім жыцьці хапае падзеяў. Маё жыцьцё насычанае, і я зь цягам часу навучыўся ствараць сабе радасныя падзеі, незалежна ад колеру «дня каляндара».

Мы звычайна не сьвяткуем 23 лютага ў маёй сям’і, але калі я сустракаю сваіх аднаслужбоўцаў, мы віншуем адзін аднаго, а бывае, што і вып’ем па 100 грам. Гэта зьвязана з тым, што 18 гадоў я праслужыў у той самай Савецкай Арміі. І, думаю, нельга выкідаць такі кавалак свайго жыцьця толькі з-за таго, што ёсьць сумненьні — мае гэтая дата падставы ці ня мае. Гэта — маё, асабістае”.

(Халіп: ) “Я толькі скажу, Мікола, што жанчыны любяць ваенных незалежна ад таго, якой дзяржаве тыя давалі прысягу. Так што я віншую вас з гэтым сьвятам. І ўсё ж давайце зноў узгадаем гісторыю.

Калі пасьля падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь аказалася ў складзе Расейскай імпэрыі, вельмі часта беларусам даводзілася ваяваць супраць беларусаў — нават на Вялікай Айчыннай. Як вы думаеце, ці можа здарыцца так, што беларусы зноў будуць ваяваць супраць беларусаў?”

(Статкевіч: ) “Спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Я ня вельмі высока ацэньваю верагоднасьць якіх-небудзь войнаў. А вось тое, што беларусы змагаюцца супраць беларусаў унутры краіны, — гэта ўжо бывае.

Паглядзіце на любую масавую акцыю: адны беларусы ідуць, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, другіх, апранутых у ваенную форму, прымушаюць іх затрымліваць, нападаць на іх. Узгадайце першы Марш Свабоды. Беларусы білі беларусаў, і вельмі не хацелася б гэтага зноў.

А каб суцешыць тых, каго так раздражняе 23 лютага, дык я скажу, што многія мае знаёмыя сьвяткуюць гэты дзень як дату стварэньня Беларускай краёвай абароны”.

(Халіп: ) “Памятаеце, як усё цудоўна пачыналася ў 1990-я? Прысяга Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, рэформы ў войску... Чаму ж беларускае войска так марудзіла з рэформамі? Было ж зразумела, што кожны дзень прамаруджваньня можа несьці небясьпеку”.

(Статкевіч: ) “Пытаньне значна шырэйшае: гаворка ідзе пра паводзіны тагачаснай беларускай апазыцыі і кіроўчых эліт. Бо зараз, набыўшы палітычны досьвед і аналізуючы паводзіны тагачасных дэмакратычных лідэраў, магу сказаць, што іхныя дзеяньні знаходзяцца па-за межамі ўсякай крытыкі. Гэта былі дзеяньні наіўных рамантыкаў, якія не разумеюць сутнасьці прадмета.

Я тады ўзначальваў Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, і мы зрабілі ўсё, што маглі, нават болей. На другі дзень пасьля ГКЧП ужо былі законапраекты па беларускім войску ў парлямэнце. Але ўсё ішло марудна, у адрозьненьне ад Расеі.

Нават фармальнае падпарадкаваньне беларускай вайсковай акругі Менску — яшчэ не стварэньне беларускага войска. Працэс сапраўды займае гады і гады: па этнічным складзе, па сьветапогляду афіцэраў гэта не было беларускае войска.

А тады ўсё станавілася небясьпечным: Украіна патрабавала сваё войска, потым змова ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, падтрыманая тагачасным начальнікам Генштабу Савецкай Арміі... Але нам усё ж такі ўдалося з чацьвёртага разу «прапіхнуць» празь беларускі парлямэнт рашэньне аб падпарадкаваньні Беларускай вайсковай акругі беларускаму ўраду, і тады Масква «зламалася», і войска было падзеленае.

Калі б не ўдалося падзяліць войска, як гэта здарылася ў Югаславіі, то югаслаўскі сцэнар здаваўся б нам проста дробязьзю ў параўнаньні з тым, што магло тут адбыцца. Мы разумелі гэта, і, пакуль войска стваралася, было прынятае крызыснае пагадненьне аб захаваньні незалежнасьці — гэта быў яскравы сыгнал Маскве, і ён таксама паўплываў.

Нагадаю, што гэтае пагадненьне, якое было ініцыятывай БЗВ, падпісалі і Шушкевіч, і Кебіч, і Пазьняк, і Філарэт — уся палітычная эліта. Войска мы, такім чынам, фармальна стварылі, але яно вельмі марудна ператвараецца ў сапраўды беларускае войска. Яно паціху робіцца беларускім, таму што прыходзяць новыя афіцэры, якія скончылі нашу вайсковую акадэмію. У іх іншы сьветапогляд — яны бачаць у Беларусі сваю Радзіму, краіну, якую яны будуць абараняць”.

(Халіп: ) “Дарэчы, многія зьвязвалі свае надзеі на дэмакратычную будучыню Беларусі менавіта з БЗВ, якое вы ўзначальвалі. Чаму ж вы так лёгка здаліся, падпалкоўнік Статкевіч?”

(Статкевіч: ) “Наіўна ўскладаць спадзяваньні на дэмакратычны лёс Беларусі — на недзяржаўнае аб’яднаньне. Мы ставілі сабе канкрэтную задачу — стварэньне беларускага войска. Мы гэтую задачу выканалі. Але нейкім чынам кампэнсаваць палітычныя памылкі непалітычнай арганізацыі немагчыма.

І не хацелася б узгадваць яшчэ адзін сумны момант, калі ў 1993 годзе беларускі парлямэнт з падачы фракцыі БНФ прыняў пастанову, згодна зь якой сябры БЗВ не маглі заставацца ў войску.

Яно гучала так, што вайскоўцам нельга займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Міністэрства абароны патлумачыла гэта так, што нельга ўвогуле займацца грамадзкай дзейнасьцю: або з войска трэба сыходзіць, або з БЗВ. Мы прынялі самі рашэньне і вывелі ўсіх вайскоўцаў з БЗВ, каб захаваць іх у войску. Акрамя аднаго — мяне.

Празь некаторы час з ганебнай для афіцэра фармулёўкай — «за дыскрэдытацыю высокага званьня афіцэра» — мяне з войска выгналі. Такая вось сумная гісторыя.

А наконт палітычных памылак — я гатовы буду браць на сябе адказнасьць і, думаю, хутка вазьму яе на сябе ў межах усіх дэмакратычных сілаў. І тады можаце мяне папракаць, калі ў мяне што-небудзь не атрымаецца”.

(Халіп: ) “Нагадваю, што ў студыі быў падпалкоўнік Мікалай Статкевіч. Тых, хто сьвяткуе сёньня, віншую, а тым, хто не сьвяткуе, нагадваю: у які дзень мы будзем адзначаць дзень абаронцы беларускай Айчыны, залежыць толькі ад нас з вамі. Каляндар пакуль што свабодны”.

XS
SM
MD
LG