Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРОР ЗАПРАСІЎ ДЛЯ АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА СЕМ ГОД ТУРМЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе над Аляксандрам Чыгіром, які трэці месяц вядзецца ў судзе Ленінскага раёну Менску, сёньня пачаліся судовыя спрэчкі.

Пракурор Ільля Слука заявіў, што віна Чыгіра-малодшага ў выкраданьні аўтамабіляў цалкам даказаная, і запатрабаваў суд пакараць яго сямю гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Для саўдзельніка Чыгіра-малодшага Антона Грышына пракурор запатрабаваў 8 гадоў калёніі, а для Зьмітра Юцкевіча — 11 гадоў, бо ён раней двойчы ўжо быў асуджаны і цяпер лічыцца рэцыдывістам. Паводле сьледзтва, менавіта гэтыя маладыя людзі на замову Чыгіра скралі чатыры мікрааўтобусы "Форд-транзыт", якія потым былі разабраныя на запчасткі ў ягоным загарадным доме.

Заявы Аляксандра Чыгіра, што раней ён нават ня быў знаёмы зь Юцкевічам, пракурор не ўлічыў. Пра заявы Юцкевіча і Яшына аб тым, што ў міліцыі іх катавалі, каб яны агаварылі сябе і Аляксандра Чыгіра, пракурор Слука сказаў: “Падчас судовых слуханьняў доказаў гэтаму знойдзена не было”. А паказаньні сьведкі Алега Сакалова, якія не адпавядалі вэрсіі сьледзтва, пракурор назваў "добрасумленнай памылкай".

Галоўнымі доказамі віны Аляксандра Чыгіра пракурор лічыць часткі скрадзеных аўтамабіляў, знойдзеныя ў ягоных гаражах. Тое, што гэтыя часткі маглі Чыгіру падкінуць, пракурор выключае.

Са свайго боку, адвакаты ўсіх трох абвінавачаных цалкам ня згодныя з вэрсіяй пракурора. Яны настойваюць на тым, што сьледзтва зьбірала доказы незаконнымі захадамі, не спынялася перад катаваньнямі абвінавачаных ды фальсыфікацыяй іхных паказаньняў. Прыкладам, у справе фігуруюць заключэньні мэдыцынскіх аглядаў Юцкевіча і Яшына на той момант, калі іх з Маскоўскага РАУС прывезьлі ў гарадзкі сьледчы ізалятар. Турэмныя лекары зафіксавалі ў абодвух арыштантаў падцёкі крыві на руках, сьпіне і нагах.

Паводле характару гэтых траўмаў адмыслоўцы адназначна кажуць, што да арыштаваных быў выкарыстаны такі надзвычайны від катаваньня, як “ластаўка” — гэта калі чалавека перагібаюць назад, зьвязваюць яму рукі з нагамі і падвешваюць, прыкладам, на сьпінкі крэслаў.

Пасьля гэтых катаваньняў Яшын і Юцкевіч прызналі сябе вінаватымі ў крадзяжах чатырох “Фордаў”, але адвакат Сьвятлана Лабоха лічыць, што калі б у сьледзтва была такая патрэба, яны б прызналі сябе вінаватымі і ў выкраданьні самалёту. Пазьней хлопцы адмовіліся ад сваіх паказаньняў, але пракурор настойвае на тым, каб лічыць сьведчаньні сапраўднымі.

Гаворыць адвакат Сьвятлана Лабоха:

(Лабоха: ) “Галоўная мая прэтэнзія да сьледзтва тая, што сабраныя доказы паводле закону ня маюць юрыдычнай сілы і ня могуць выкарыстоўвацца ў якасьці доказаў. А тое, што нашых падабаронных катавалі, у мяне не выклікае сумневу, пра гэта ёсьць сьведчаньні.

Пракуратура сама павінна была б адмовіцца ад падтрымкі абвінавачаньня, якое грунтуецца на такіх доказах, ды яшчэ разабрацца з тымі, хто зьбіраў гэтыя доказы катаваньнямі і зьбіцьцём. Але гэтага не адбылося. Я спадзяюся, што суд зойме іншую пазыцыю”.

У другой палове дня выступіў з прамовай і адвакат Чыгіра-малодшага Аляксандар Пыльчанка. Паслухаць ягоную прамову ў суд прыйшоў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG