Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОРТ ДЛЯ АБРАНЫХ


Галіна Абакунчык, Менск

Для аматараў здаровага ладу жыцьця заняткі ў лядовых палацах — забава дарагая й маладаступная. У правінцыі магчымасьць займацца хакеем альбо канькамі адсутнічае цалкам.

Далёка ня кожная беларуская сям'я мае грошы, каб заплаціць каля 100 тысяч рублёў толькі за канькі й клюшку для свайго дзіцяці. Хакейная форма па мільёну рублёў за камплект робіць недасягальнай мару пра хакейную кар'еру для тысяч падлеткаў.

Дарагія й заняткі ў спартовых сэкцыях: да прыкладу, для пачаткоўцаў фігурнага катаньня ў Лядовым палацы Менску дзясятак 45-хвілінных заняткаў каштуе 18 тысяч рублёў. Гэта не па кішэні многім бацькам, асабліва, калі ў сям'і ёсьць іншыя дзеці, якія таксама хочуць займацца спортам. У такім становішчы, да прыкладу, апынулася сям'я Голікавых, якія вымушаныя адмаўляць сабе ў самым неабходным дзеля дваіх дзяцей. Гавораць Генадзь і Марыя Голікавы:

(Генадзь: ) "Ня ведаю, наколькі гэта прафэсійна, але дзіцяці падабаецца. Канешне ж гэта накладна: старэйшая дачка ў нас ходзіць у басэйн — 20 тысяч плаціць, тут меншая займаецца фігурным катаньнем — 18 тысяч. Так што сямейны бюджэт пусьцее".

(Марыя: ) "Цяпер таннага нічога няма. У нечым даводзіцца сабе адмаўляць. Так што выбіраем. Гэта перш за ўсё здароўе для дзяцей, таму ахвяруем”.

Для дарослых аматараў адна гадзіна катаньня на каньках, узятых на пракат, каштуе каля пяці тысяч рублёў. Але, нават нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасьці, колькасьць ахвотных значна перавышае магчымасьці лядовых пляцовак сталіцы. Бо Палац спорту ў асноўным працуе з заежджымі поп-зоркамі, на катку ў парку Горкага займаюцца спартоўцы школы "Юнацтва", а ў Лядовым палацы — хакеісты сталічнай каманды "Керамін" й фігурысты школы алімпійскага рэзэрву. Для масавага катаньня выдзеленая толькі адна гадзіна ў будні й па паўдня ў выходныя дні. Так што наўрад ці выпадае казаць пра масавае аздараўленьне беларусаў праз заняткі фізкультурай у новазбудаваных лядовых палацах. Гаворыць адміністратарка менскага Лядовага палацу Людміла Мацэль:

(Мацэль: ) “Людзей вельмі шмат. З панядзелка да пятніцы народ просіць-моліць вячэрні час, каб прыехаць і пакатацца, але ўвесь час заняты школай фігурнага катаньня й хакеістамі. Гэта масавае катаньне мы выбіваем з кроўю. Але ў іх свае правы, а ў нас свае”.

Падобнае становішча таксама ў лядовых палацах абласных цэнтраў: вялікаўзроставыя легіянэры нешматлікіх хакейных камандаў Беларусі займаюць трэніроўкамі львіную долю часу працы гэтых пляцовак. Прычым ніхто ўжо не хавае, што ў пераважнай бальшыні гэта хакеісты замежных — пераважна расейскіх — клюбаў, не запатрабаваныя на Радзіме.

У малых гарадох, а тым больш мястэчках і вёсках, пра заняткі лядовымі відамі спорту нават і ня мараць. Дваровыя каткі пры плюсавых тэмпэратурах цяперашніх зімаў у разьлік увогуле можна ня браць.


XS
SM
MD
LG