Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛІМПІЙЦЫ РАНЕЙШЫХ ГАДОЎ МЯРКУЮЦЬ, ШТО НАСТУПНЫЯ "БЕЛЫЯ АЛІМПІЯДЫ" МОГУЦЬ БЫЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ЯШЧЭ БОЛЬШ ПРАВАЛЬНЫЯ


Ігар Карней, Менск

І сёньня ж бальшыня нацыянальных камандаў пакідае ЗША. Беларуская зборная адлятае ў Менск са стратамі: скакун з трапліну Андрэй Лыскавец у прызначаны час да самалёту не зьявіўся.

Ранішнія паведамленьні ўсясьветных агенцыяў у разьдзеле "Алімпіяда" распачыналіся напаўкрымінальнай хронікай: у адным з гарадоў Каліфорніі ФБР адшукала беларускага невяртанца Андрэя Лыскаўца. Пакуль нейкіх захадаў да яго не прымаецца, бо тэрмін візы канчаецца толькі пры канцы сакавіка. Але, паводле амэрыканскага заканадаўства, вынікам такой незаплянаванай "камандзіроўкі" можа стаць дэпартацыя. Толькі ў тым выпадку, калі спартовец папросіць палітычнага прытулку, пачнецца працэдура разгляду акалічнасьцяў справы.

Між іншым, ужо зараз вядомая пазыцыя кіраўніка беларускай алімпійскай дэлегацыі, міністра спорту Яўгена Ворсіна, які настроены крытычна прааналізаваць вынікі выступаў беларускіх спартоўцаў. Чакаецца, што першыя захады будуць агучаныя ўжо пры канцы тыдня.

Алімпійскі багаж беларусаў сьціплы: адзін бронзавы мэдаль ды выхад у паўфінал хакеістаў. Зь якім настроем будуць сустракаць калегаў былыя чэмпіёны, якія некалі прыносілі ў скарбонку Беларусі куды больш важкія алімпійскія трафэі? Вось што кажа самая тытуляваная беларуская біатляністка Сьвятлана Парамыгіна:

(Парамыгіна: ) "Плянуюць мэдалі не спартоўцы і трэнэры, а функцыянэры. Гэта розныя рэчы. Ды калі б справа была толькі ў сіле... Ад спартоўца патрабуецца ня толькі дасканаласьць цела, але й духу. З апошнім якраз было ня вельмі... Але калі Грышын паставіў сабе мэту заваяваць мэдаль любым коштам (і ён зрабіў гэта), то застаецца толькі зьняць капялюш.

На хакеістаў ня ставілі, але трэнэр нейкім цудам усё ж "зьляпіў каманду". Ва ўсім астатнім час згублены. Думалі, прыйдзе само сабой, без усялякіх намаганьняў. Само нічога не прыходзіць. Таму дагэтуль, апроч фрыстайлу, усё трымаецца на тым, што было створанае ў часе Саюзу".

Цікаўлюся ў Сьвятланы Парамыгінай, ці не паўторыцца, на яе думку, праз чатыры гады ў італьянскім Турыне стары сцэнар?

(Парамыгіна: ) "Паўторыцца?.. Каб горш не было. Прынамсі, у біятлёне я ня бачу пэрспэктываў... Напярэдадні кожнай Алімпіяды чыноўнікі кажуць: "турыстаў не павязем". Атрымліваецца наадварот. Нехта ж адказвае за фармаваньне камандаў?!

Калі напярэдадні адказных стартаў у зборную “з боку” запрашаюць аднаго-двух лідэраў, як тую ж Цупэр, гэта я апраўдваю: уся каманда пачынае за такім лідэрам цягнуцца, а гэта вельмі важна. Але калі, як у выпадку з лыжнымі гонкамі ў жанчынаў (ды ў біятлёне гэтаксама), запрашаюць каманду — у беларускіх спартоўцаў не застаецца ніякіх шанцаў трапіць у гэтую зборную.

А потым зьнікае ўсялякі стымул працаваць, у тым ліку і ў трэнэраў спартовых школаў. І гэта вельмі сумна... Усясьветная практыка паказвае, што можна запрашаць трэнэраў, калі не хапае сваіх. Стварыць умовы, і няхай рыхтуюць замену".

Трымаць першы адказ перад заўзятарамі беларускія спартоўцы будуць ужо заўтра, калі іхны самалёт прызямліцца ў аэрапорце "Менск-2". А вось хакеістам хвалявацца няма чаго: яны прыляцелі ўжо сёньня, і былі сустрэтыя як пераможцы.

XS
SM
MD
LG