Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

1033 дні таму зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. 891 дзень прайшоў ад зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага шукаюць ужо 607 дзён. Дэпутат Андрэй Клімаў адседзеў у вязьніцы ўжо 1483 дні. Жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў праз высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка перадалі ліст Джорджу Бушу. Кіраўніцтва ПА Рады Эўропы выказваецца за "празрыстае" расьсьледаваньне справаў зьніклых. Дэпутат Андрэй Клімаў атрымаў шанец на датэрміновае вызваленьне. Сьвятлана Завадзкая прагназуе вынік працэсу над групоўкай Ігнатовіча.

На гэтым тыдні ў Менску зь візытам былі вельмі ўплывовыя амэрыканскія чыноўнікі — намесьнік памочніка дзяржсакратара Стывэн Пайфэр і кіраўнік аддзелу Дзярждэпартамэнту па Беларусі, Малдове і Ўкраіне Грэг Пэтам. У праграме візыту сярод іншага была сустрэча амэрыканцаў са сваякамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Ірына Красоўская, якая брала ўдзел у гэтай сустрэчы, распавяла, што ім праз Стывэна Пайфэра ўдалося перадаць асабісты ліст прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу. Вось як Ірына Красоўская акрэсьліла мэту гэтага звароту.

(Красоўская: ) "Паколькі на Беларусь вялікі ўплыў мае Расея, а да Пуціна мы ўжо зьвярталіся, і гэта не дало выніку, было прынятае рашэньне зьвяртацца да ўсіх прэзыдэнтаў краінаў, якія могуць паўплываць на Пуціна. Таму першаму мы напісалі Квасьнеўскаму, каб ён зьвярнуўся да Пуціна з просьбай дапамагчы высьветліць становішча. І вось зараз праз спадара Пайфэра мы таксама перадалі ліст да прэзыдэнта Буша, які хутка таксама будзе сустракацца з Пуціным. У гэтым лісьце мы просім спадара Буша паўплываць на сытуацыю дзеля высьвятленьня абставінаў зьнікненьня нашых родных і таксама высьветліць сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека і палітычным тэрорам".

22 лютага Ірына Красоўская атрымала ліст ад Вольфганга Бэрэндта, адмысловага дакладчыка па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Паводле Красоўскай, уплывовы эўрапейскі парлямэнтар запэўніў, што будзе зноў і зноў падымаць праблему нявызначанасьці лёсу зьніклых палітыкаў. Таксама ён паведаміў, што нядаўна накіраваў ліст міністру замежных справаў Беларусі Міхаілу Хвастову, у якім выказаўся за сапраўды празрыстае расьсьледаваньне справаў зьніклых. Тое, як ідзе расьсьледаваньне гэтых справаў цяпер, адмысловага дакладчыка Парлямэнцкай Асамблеі Вольфганга Бэрэндта не задавальняе.

***

Мінулы тыдзень адзначыўся і іншымі значнымі падзеямі. Першая зь іх тычыцца далейшага лёсу дэпутата Андрэя Клімава. Прыкладна месяц таму ў адным з аглядаў я паведаміў, спаслаўшыся на Тацяну Клімаву, што ў турме, дзе сядзіць яе муж дэпутат Клімаў, пачалі рыхтаваць ягоную справу на разгляд камісіі, якая вырашае, ці магчыма вызваліць вязьня датэрмінова.

Прадстаўнікі калёніі пацьвердзіць гэтыя зьвесткі адмаўляліся, а жонка Клімава настойвала, што гэта праўда. І вось учора стала вядома, што такая назіральная камісія правяла сваё паседжаньне і прыняла ў справе Клімава станоўчае рашэньне.

Цяпер справа за адным з судзьдзяў Фрунзенскага суду, якому даручаць разглядаць справу дэпутата Клімава. Фармальных падставаў не пагадзіцца зь меркаваньнем камісіі ў судзьдзі быццам няма. Андрэй Клімаў адседзеў 4 гады з 6, што ёсьць дзьвюма трацінамі ягонага тэрміну. Нараканьняў на ягоныя паводзіны ў турме няма, ён быў асуджаны ўпершыню. Аднак ягоныя сваякі не перакананыя, што Клімаў выйдзе на волю.

Па-першае, улады ўжо не аднаго разу абяцалі яго вызваліць, і мелі дзеля гэтага фармальныя падставы, але не скарысталіся імі. Па-другое, ізноў ад афіцыйных асобаў прагучала, што Клімава ня вызваляць, пакуль ён не павініцца ды не пакрые страты. Між тым, як патлумачыў былы абаронца Клімава адвакат Гары Паганяйла, прызнаньне віны і пакрыцьцё стратаў паводле закону не зьвязаныя з датэрміновым вызваленьнем. Прызнаньне віны — гэта справа асабістая, а кампэнсацыя стратаў залежыць ня толькі ад жаданьня чалавека, але найперш ад яго магчымасьцяў, патлумачыў адвакат.

***

Істотнай навіной сталі і зьвесткі ад сваякоў былога супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы і актывіста "Краю" Андрэя Жарнасека, якія ўцяклі ў Нарвэгію. Іхныя сем'і жывуць ў Менску, аднак улады, падобна, робяць усё, каб не дазволіць ім злучыцца з мужамі. У жанчын пачаліся праблемы з пашпартамі, ім не даюць дазволу на выезд, а таксама сыплюцца пагрозы ад невядомых асобаў. Жонку Жарнасека Тацяну, прыкладам, невядомы папярэдзіў, што на мужа ў Нарвэгіі рыхтуецца замах. Можна ўявіць, у якім цяжкім псыхалягічным стане знаходзіцца цяпер гэтая жанчына, на руках у якой трое непаўнагадовых дзяцей.

***

І напрыканцы: працягваецца гісторыя са зьнікненьнем адваката Завадзкіх Ігара Аксёнчыка. Нагадаю, пасьля выступу ў судзе з абвінавачваньнямі на адрас генэральнага пракурора і кіраўніка дзяржавы Аксёнчык зьнік. Праўда, журналіст ОРТ Павал Шарамет пераконвае, што з Аксёнчыкам нічога ня здарылася, быццам яны падтрымліваюць сувязь праз тэлефон і адвакат у бясьпечным месцы. Праверыць гэта не ўдаецца, у тым ліку супрацоўнікам пракуратуры, якія шукаюць Аксёнчыка, каб задаць яму свае пытаньні ў межах праверкі ягоных заяваў.

Тое, што прэтэнзіі да Аксёнчыка застаюцца, мне ўчора пацьвердзіў прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў. Між тым, у панядзелак 25 лютага завяршаецца судовы разбор справы групоўкі Ігнатовіча. З апошнім словам выступяць два абвінавачаныя, і судзьдзі пойдуць складаць прысуд. Нагадаю, пракурор патрабуе сьмяротнай кары для ўсіх пяцёх абвінавачаных, аднак Сьвятлана Завадзкая, жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, мяркуе, што для большасьці прысуд будзе мякчэйшым.

(Завадзкая: ) "Зрэшты, я ня думаю, што ўсім дадуць сьмяротную кару, як прасіў пракурор. Максымум — гэта Ігнатовічу. Калі дадуць, то яму. І з выкананьнем прысуду, відаць, зацягваць ня будуць, ня ў іхных гэта інтарэсах".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG