Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ 15-ГА ДНЯ ЗІМОВАЙ АЛІМПІЯДЫ




*** Учора адбыліся паўфінальныя матчы алімпійскага турніру хакеістаў. У першай гульні Канада перамагла Беларусь 7:1. Лік у гульні адкрылі канадыйцы, гэта зрабіў на 7-й хвіліне Стыў Айзэрман. Праз 7 хвілін Руслан Салей зраўняў лік, аднак на 18-й хвіліне канадыйцы зноў выйшлі наперад калі беларускі брамнік Мезін неасьцярожным рухам сам скінуў шайбу ў браму. На першы перапынак каманды пайшлі пры ліку 2:1. У другім пэрыядзе Скот Нідэрмаер і Пол Карыя закідаюць яшчэ дзьве шайбы, а ў трэцім Сімон Гань, Эрык Ліндрос і Джэрам Ігінла даводзяць лік да 7:1.



*** У другім паўфінале каманда Злучаных Штатаў перамагла расейцаў зь лікам 3:2. Пасьля двух пэрыядаў амэрыканцы вялі ў ліку 3:0 і былі наважаныя закончыць гульню ў напорыстым і пераканаўчым стылі. Аднак у трэцім пэрыядзе расейцы нібы ажылі і забілі два галы.



Такім чынам у фінале алімпійскага хакейнага турніру сустрэнуцца каманды гаспадароў ­ Злучаных Штатаў ­ і Канады. Гэтая гульня адбудзяцца ў нядзелю. А ў матчы за трэцяе месца сёньня сустрэнуцца хакеісты Беларусі і Расеі.



*** Завершыліся спаборніцтвы ў лыжным двухборстве. Раней спартоўцы выступілі ў скоках са 120-мэтровага трампліна, а ўчора адбыўся спрынтэрскі забег на 7 з паловай кілямэтраў. У выніку залаты мэдаль заваяваў фін Сампа Лаюнэн. Срэбра – у немца Роні Акермана, бронза – у аўстрыйца Фэлікса Готвальда. Беларус Сяргей Захаранка быў 38-мы.



*** Канькабежцы спаборнічалі на дыстанцыі 10 тысячаў мэтраў. Залаты мэдаль заваяваў нідэрляндзец Ёхэм Уйтдэхааге, усталяваўшы ўсясьветны і алімпійскі рэкорд. Срэбра – у ягонага земляка Джані Ромэ на трэцім месцы – нарвежац Ласэ Сэтрэ.



*** Закончыўся алімпійскі турнір у керлінгу сярод мужчынаў. Золата заваявала каманда Нарвэгіі, якая ў фінале перамагла канадыйцаў. Бронза дасталася швэйцарцам.



*** Беларуская ўдзельніца спаборніцтваў у шорт-трэку Юлія Паўловіч атрымала папярэджаньне ў сувязі са спробай пазьбегнуць тэст на допінг, тым часам як яе трэнэр і лекар вымушаныя пакінуць Алімпіяду. Генэральны дырэктар Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Франсуа Карар паведаміў, што Паўловіч абыйшлася параўнаўча лёгкімі санкцыямі, бо сталася ахвярай маніпуляцыяў з боку яе маці і трэнэра Тацяны Паўловіч і лекара Яўгена Ласіцкага.



*** Расея адклікала сваю пагрозу заўчасна пакінуць Солт-Лэйк-Сіты, калі ня будзе разгледжаная праблема судзейства на Алімпіядзе. Віцэ-прэзыдэнт расейскага нацыянальнага алімпійскага камітэту Віталь Сьмірноў заявіў агенцтву Ройтэрз, што Расея возьме ўдзел у астатніх спаборніцтвах і ў цырымоніі закрыцьця гульняў. Сьмірноў зрабіў гэтую заяву пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Жакам Рогэ. У чацьвер расейцы выступілі з пагрозай спыніць свой удзел у Алімпіядзе з прычыны, на іх думку, дрэннага і неаб’ектыўнага судзейства. Учора адбыўся яшчэ адзін інцыдэнт, калі была адхіленая расейская апэляцыя ў сувязі з прысуджэньнем Ірыне Слуцкай другога месца ў спаборніцтве фігурыстак.



*** Харватка Яніца Костэліч увайшла ў алімпійскую гісторыю, выйграўшы залаты мэдаль у спаборніцтвах у гіганцкім слаламе сярод жанчын. Костэліч сталася першай спартоўкай у гісторыі гарналыжных алімпійскіх спаборніцтваў, якая выйграла тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе. Раней яна заваявала золата ў слаламе і ў камбінацыі. Яніца Костэліч таксама першая ў гісторыі гарналыжніца, якая заваявала на алімпіядзе чатыры мэдалі – апрача трох залатых, яна заваявала срэбны мэдаль у супэргіганцкім слаламе.



*** Кіраўнік украінскай алімпійскай дэлегацыі Васіль Карленка паведаміў, што ягоная краіна не плянуе байкатаваць апошнія дні алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіты. Украіна таксама возьме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закрыцьця алімпіяды. Камэнтар Карленкі прагучаў на фоне заяваў расейкіх прадстаўнікоў аб магчымым байкоце пры невыкананьні некаторых іх патрабаваньняў. Расейцы таксама далі зразумець, што разам зь імі алімпіяду пакіне Ўкраіна і некаторыя іншыя краіны. Аднак Карленка сказаў, што Ўкраіна будзе патрабаваць перагляду правілаў правядзеньня допінгавых тэстаў. Адна з украінскіх спартовак была, на думку Карленкі, несправядліва дыскваліфікаваная.



*** А вось якія спаборніцтвы адбудуцца сёньня, у перадапошні дзень алімпіяды:
- Горныя лыжы: слалам у мужчынаў
- Бабслей: фіналы заездаў чацьвёрак
- Лыжная гонка на 50 кілямэтраў сярод мужчын
- Хакей: матч за бронзавы мэдаль – Беларусь-Расея
- Канькі: забег на 5000 мэтраў сярод жанчын
- Шорт-трэк: жанчыны будуць спаборнічаць на дыстанцыі 1000 мэтраў, а мужчыны – 500 мэтраў і ў эстафэце на 5000 мэтраў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG