Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АНДРЭЙ КЛІМАЎ МОЖА ПРАЗ ТЫДЗЕНЬ ВЫЙСЬЦІ НА ВОЛЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Шанец на хуткае вызваленьне дэпутату Андрэю Клімаву дала так званая назіральная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі калёніі, дзе адбывае пакараньне Клімаў, і чыноўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёну, на тэрыторыі якога месьціцца калёнія. Камісія вырашыла, што асуджаны Клімаў далейшае пакараньне можа адбываць на волі.

Законам прадугледжаная такая магчымасьць, калі асуджаны адбыў дзьве траціны прызначанага судом тэрміну і пры гэтым не парушаў турэмнага рэжыму. Клімаў адседзеў чатыры гады з шасьці, заўваг да яго няма. Але гэтае рашэньне камісіі яшчэ не азначае, што Клімава абавязкова вызваляць. Бо фармальна яно ёсьць толькі прапановай, адрасаванай суду.

Паводле старшага інспэктара адмысловага адделу менскай калёніі Натальлі Куцянковай, Андрэю Клімаву камісія прапануе прызначыць папраўчыя працы па месцы жыхарства.

Калі суд з гэтым пагодзіцца, то Клімаў наступныя два гады будзе жыць дома, хоць будзе лічыцца, што ён адбывае пакараньне. Увесь гэты час зь ягонага заробку на карысць дзяржавы будуць пералічваць пэўную суму. Памер пералічэньняў вырашыць суд. Супрацоўніца менскай калёніі Натальля Куцянкова сказала, што ў выпадку станоўчага рашэньня суду Клімаў можа апынуцца на волі цягам аднаго–двух тыдняў.

Мне не давялося пагутарыць з жонкай і маці Клімава, бо яшчэ раніцай яны пайшлі да яго на трохдзённае спатканьне і прабудуць зь ім у турэмным гатэлі да панядзелка. Цешча Клімава Валянціна Леановіч распавяла, што спачатку яе дачку з унучкай не хацелі пускаць у турму на спатканьне — маўляў, “Клімаў праз тыдзень і сам выйдзе”, але потым турэмшчыкам давялося выканаць інструкцыю.

Валянціна Еўлампіеўна сьцьвярджае, што ў іхных сем’ях няма эўфарыі наконт магчымага вызваленьня Андрэя. Бо яны ўжо некалькі разоў расчароўваліся ў быццам бы прынятых рашэньнях, а потым усё заставалася як было.

(Валянціна Леановіч: ) “А хіба вы ня чулі, як судзьдзя сказаў, што Клімаў ня выйдзе датэрмінова, пакуль не пакаецца і не кампэнсуе стратаў? Я сама гэта чула па тэлебачаньні. Такім чынам, у нас асаблівых падставаў на добрыя спадзяваньні няма”.

Былы судзьдзя, а цяпер адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла лічыць шанцы Клімава на вызваленьне вельмі вялікімі.

(Паганяйла: ) “Паводле майго досьведу, толькі ў адным зь дзесяці выпадкаў суд адхіляе прапанову назіральнай камісіі на датэрміновае вызваленьне”, — згадвае Гары Паганяйла.

Да того ж ён лічыць, што турэмная адміністрацыя не распачынала б гэтай справы, калі б не атрымала згоду наверсе, бо Клімаў — асоба палітычная. Што да выступаў некаторых уплывовых асобаў адносна ўмоваў вызваленьня Клімава — прыкладам, што ён спачатку павінен прызнаць сябе вінаватым, то Паганяйла назваў гэта адкрытым ціскам на суд. Паводле Гары Паганяйлы, пытаньне пра тое, прызнаць віну ці не, асуджаны мае права вырашаць сам.

XS
SM
MD
LG