Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОЧАЯ ГРУПА ПА АБСЭ НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ У ТРАЎНІ


Юры Сьвірко, Менск

Адна зь сябровак адмысловае рабочае групы Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ ў справах Беларусі, кіраўніца дэлегацыі Латвіі ў гэтай асамблеі Хелена Дэмакава сёньня распавяла Радыё Свабода пра далейшыя пляны рабочай групы на чале зь немкай Утай Цапф.

На сёньняшняй ранішняй сустрэчы гэтай групы яе ўдзельнікі вырашылі зноў паехаць у Беларусь 5 траўня. Аднак найбольш нечаканым ёсьць наступнае:

(Дэмакава: ) “Мы едзем 5 траўня туды, а перад гэтым мы едзем у Маскву ў красавіку — усё ж гаварыць пра Беларусь. Мы чакаем усё ж, што Масква зацікаўленая ў дэмакратызацыі Беларусі”.

Спадарыня Дэмакава зазначыла, што ейны прагноз наконт чарговага выступу расейскіх дэпутатаў на карысьць Нацыянальнага сходу быў правільным, хаця старшыня Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын на першым брыфінгу ў Вене заявіў, што беларускага пытаньня ўвогуле ня будзе.

(Дэмакава: ) “Нягледзячы на тое, што Севярын на брыфінгу казаў, усё было так, як я вам сказала: расейская дэлегацыя, Селязьнёў сам падняўся й сказаў, што няма чаго тут увогуле прыкідвацца, а трэба ўключаць Беларусь. Але, разумееце, я не была паінфармаваная, што Севярын даслаў ліст у гэты Нацыянальны сход Беларусі”.

Такім чынам, Лукашэнкаў парлямэнт усё ж атрымаў стандартнае запрашэньне ў Вену. Кіраўніца дэлегацыі Латвіі гэтак характарызуе паводзіны сяброў гэтак званага Нацыянальнага сходу, якія не паехалі на зімовую сэсію ПА АБСЭ:

(Дэмакава: ) “Я ня ведаю — нейкі поўны маразм, калі яны адказалі яму, што ім патрэбнае асаблівае запрашэньне”.

Хелена Дэмакава мяркуе, што Нацыянальны сход згуляў проста супраць сябе і паказаў іншым парлямэнтам сваю сутнасьць:

(Дэмакава: ) “Паколькі яны ўвогуле тут не былі (гэта група), тут не было галасаваньня: даюць ім гэтае месца тут або не. Гэта будзе ў Бэрліне”.

Да бэрлінскай сэсіі ПА АБСЭ летам яшчэ ёсьць час, а пакуль на зімовай сэсіі ў Вене афіцыйны Менск зноў прыцягнуў да сябе ўвагу непрадказальнымі паводзінамі, кажа спадарыня Дэмакава.

(Дэмакава: ) “Было такое хваляваньне наконт таго, што заўжды, калі Міністэрства замежных справаў Беларусі прэсавую канфэрэнцыю арганізоўвае, заўжды ў іх споўксмэн, але гэтым разам, як нам казалі, сядзеў зь ім кіраўнік дэпартамэнту АБСЭ”.

Эўрапейскія парлямэнтары ўбачылі ў гэтым дурны знак, кажа Хелена Дэмакава.

(Дэмакава: ) “Тут нейкія плёткі ходзяць, што яны ўвогуле хочуць выйсьці з АБСЭ”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта абмяркоўваецца неяк у кулюарах?”

(Дэмакава: ) “У кулюарах цалкам абмяркоўваецца, так”.

(Карэспандэнт: ) “І што кажуць?”

(Дэмакава: ) “Кажуць, што “unpredictable” (сьмяецца).

“Непрадказальна” — гэтае слова, на думку большасьці сяброў ПА АБСЭ, найлепш адлюстроўвае беларускую палітыку. Хелена Дэмакава заявіла, што “ўсім у асамблеі гэта вельмі не падабаецца”.

XS
SM
MD
LG