Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ПАРФЯНОВІЧ: СКАНДАЛЯЧЫ, РАСЕЙЦЫ ХОЧУЦЬ АДЦЯГНУЦЬ УВАГУ АД СВАІХ ПАРАЗАЎ У СОЛТ-ЛЕЙК-СЫТЫ


Віталь Цыганкоў, Менск

Учорашні алімпійскі дзень быў даволі спакойным для беларускіх заўзятараў. Беларускія алімпійцы ня маюць рэальных шанцаў атрымаць узнагароды ў тых відах праграмы, што засталіся да канца Алімпіяды. Так, беларускі лыжны дваяборац Сяргей Захаранка ў скачку са 120-мэтровага трампліну заняў учора апошняе, 40-е месца.

Аднак беларуская жаночая лыжная зборная заняла вельмі высокае для сябе пятае месца ў эстафэце 4х5 кілямэтраў. У складзе каманды беглі Алена Калугіна, Сьвятлана Нагейкіна (клясычным стылем), Вера Зяцікава і Натальля Зяцікава (свабодным стылем). Менавіта гэтая гонка стала прычынай вялізнага скандалу, які перарастае ў міжнародны і палітычны.

За 15 хвілін да старту была дыскваліфікаваная расейская каманда — адна з галоўных прэтэндэнтак на залаты мэдаль. Згодна з папярэднімі зьвесткамі, у адной з лыжніц, Ларысы Лазуцінай, выявілі ў крыві павышанае ўтрыманьне гемаглябіну. Былі дыскваліфікаваныя і ўкраінскія лыжніцы.

У гэтай сувязі ў расейскіх СМІ пачалася, безь перабольшваньня, гістэрыя вакол так званай “змовы” супраць расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе. Дзярждума Расеі нават прыняла праект звароту да кіраўнікоў расейскага спорту. У звароце прапануецца дабівацца правядзеньня паўторнай лыжнай эстафэты і адхіленьня амэрыканскіх хакейных арбітраў ад судзейства ў паўфінальным матчы Расея–ЗША.

Прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту Жак Рогі нават даслаў адмысловы ліст прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, у якім запэўніў, што гульні праходзяць справядліва й што расчараваньне расейцаў яму зразумелае.

Ці ёсьць падставы ў расейцаў сьцьвярджаць, што супраць іх ідзе вайна і што існуе змова супраць Расеі? Вось што адказаў на гэтае пытаньне трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Няма ніякай вайны — гэта ўсё надуманая гістэрыя. Трэба выступаць нармальна, не прымаць забароненых прэпаратаў — і ніякай вайны ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, расейскім спартоўцам і грамадзтву цяжка зразумець той факт, што ўпершыню за колькі гадоў з часу СССР яны займаюць у агульным заліку ўсяго толькі 4–5 месца — і яны ня могуць з гэтым зьмірыцца?”

(Парфяновіч: ) “Я думаю, гэта яшчэ дастаткова добрае месца для Расеі. А гэтыя імпэрскія амбіцыі, якія існуюць у Расеі, — гэта пройдзе, гэтая хвароба пройдзе. Яны ж ніякай вартай увагі спорту не надавалі... І захацелі за адзін год атрымаць нейкі вынік.

Надайце ўвагу спорту, як гэта робіцца на Захадзе, і атрымайце вынік — хлопцы, якія праблемы? Надуманая гэта гульня. Хочуць прыкрыць свае агрэхі, дрэнны выступ, дык хлопцы — трэніруйцеся, рыхтуйцеся мацней і выйгравайце!”

Парфяновіч таксама лічыць невыпадковым, што на допінгу найчасьцей трапляюцца спартоўцы постсавецкіх краінаў, якія імкнуцца дасягнуць вынікаў любым коштам. Дарэчы, летась усю фінскую каманду зьнялі з чэмпіянату сьвету па лыжным спорце за прымяненьне рэтрапілітыну, і здаецца, у фінскім парлямэнце не абмяркоўвалася праблемы антыфінскай змовы.

Аднак беларускіх аматараў спорту, безумоўна, больш за ўсё цікавіць хакей, а менавіта паўфінальны матч зборных Беларусі й Канады. Пасьля сэнсацыйнай перамогі беларусаў над швэдамі адмыслоўцы ўжо імкнуцца быць больш асьцярожнымі ў сваіх прагнозах. Вось што кажа пра шанцы беларускай зборнай аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч:

(Карэспандэнт: ) “Беларусаў ужо будуць успрымаць даволі сур’ёзна. Ці магчымы другі беларускі “цуд на лёдзе” ў паўфінале?”

(Аляхновіч: ) “Калі б мы сустракаліся зь якой-небудзь больш хуткай камандай, напрыклад, такой, як Фінляндыя ці ЗША, то я б адказаў адмоўна на вашае пытаньне. Бо гэтыя зборныя выкладаюць даволі хуткі хакей, а нашая ўзроставая каманда ня здолела б зь імі на роўных змагацца. А канадцы — таксама ўзроставы калектыў, таму нейкі шанец ёсьць, асабліва, калі Андрэй Мезін зловіць кураж і адыграе ў браме ня горш, чым са Швэцыяй”.

Сёньня а 21-й гадзіне па беларускім часе Беларускае тэлебачаньне будзе паказваць жывую трансьляцыю паўфінальнага матчу паміж камандамі Беларусі й Канады.


XS
SM
MD
LG