Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ НЯ ХОЧА ЗАВОДЗІЦЬ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ПА ФАКЦЕ НАПАДУ НА СЯДЗІБУ ЗБС


Любоў Лунёва, Менск

Разбойны напад на офіс ЗБС 15 лютага па-рознаму ўспрымаюць праваахоўчыя органы. Старшыня ЗБС Крысьціна Вітушка паведаміла Радыё Свабода, што цягам тыдня яна зь некалькімі сябрамі сваёй арганізацыі наведвала Савецкае ўпраўленьне міліцыі, каб даць паказаньні й даведацца, як расьсьледуецца справа — але безвынікова.

Начальнік упраўленьня міліцыі палкоўнік Мікалай Бусло адмовіўся паінфармаваць пацярпелых у справе, а на супрацоўніка міліцыі Аляксандра Ляпюхіна, які прапанаваў юнакам прагледзець картатэку, груба накрычаў, каб той ня лез не ў сваю справу.

Міліцыянты нават адмовіліся выдаць даведку Вользе Кузьміч пра тое, што ў яе скралі пашпарт. Яны матывавалі адмову тым, што крымінальную справу яшчэ не распачалі.

Нагадаем, 15 лютага двое невядомых, адзін у масцы аранжавага колеру, а другі бяз маскі, але з нажом у руцэ, уварваліся ў офіс ЗБС і загадалі ўсім легчы на падлогу. У офісе былі намесьніца старшыні арганізацыі Вольга Кузьміч, дырэктар офісу Андрусь Сухаверхі й сыстэмны адміністратар Юрась Сідун.

Злачынца з нажом пагражаў прысутным, а той, што ў масцы, зьбіраў рэчы. Злачынцы ўкралі мадэм, новы кампутар, скураную куртку, мабільны тэлефон і іншыя рэчы. Сябры ЗБС казалі, што міліцыянты, якія прыйшлі на выклік, ставіліся да моладзі ветліва й спачувальна. Таму іх зьдзіўляе цяперашняе стаўленьне да іх з боку кіраўніцтва міліцыі.

Каб высьветліць ці распачатая насамрэч крымінальная справа, мы зьвярнуліся ў сьледчы аддзел міліцыі. Сьледчы з упраўленьня крымінальнага вышуку адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але паведаміў, што крымінальная справа распачатая, і там нават ведаюць, хто злачынца.

(Сьледчы: ) “Справу завялі. Нават злачынца ўжо высьветлены. Адзін са злачынцаў. Дзяцей, гэтых дзяцей чортавых нідзе ня знойдзеш, гэта па-першае. Па-другое, мы сваімі мэтадамі высьветлілі злачынцу, і гэта сапраўды злачынца”.

Намесьнік пракурора Савецкага раёну Мікалай Платніцкі пацьвердзіў, што крымінальная справа вядзецца.

(Платніцкі: ) “Паколькі матэрыял праходзіць празь мяне, я лічу, што ніякай палітычнай афарбоўкі тут няма. Тое, што адзін са злачынцаў казаў пацярпелым, што ён ваяваў у Чачэніі — гэта хлусьня. Сёньня злачынцы больш дасьведчаныя за пацярпелых. Добра ведаюць псыхалёгію, ведаюць, як запалохаць. Ніякіх палітычных адценьняў ня бачу, а сьледства вядзецца”.

Старшыня ЗБС Крысьціна Вітушка ўпэўненая, што разбойны напад быў замоўлены ўладай:

(Вітушка: ) “Гэтая справа была замоўленая, прычым замоўленая ўладай. Мы маем усе падставы сьцьвярджаць гэта адназначна. Мы патрабуем аб’ектыўнага й тэрміновага расьсьледаваньня гэтай справы, пакараньня вінаватых. Мы ставім у залежнасьць ад гэтай справы свае ацэнкі палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Ад закрыцця арганізацыі сытуацыя пераходзіць да разбойных нападаў і пагрозы жыцьцю грамадзкіх актывістаў. Гэтыя пагрозы скіраваныя ў бок моладзевых арганізацыяў”.

Невядома, як міліцыянты высьветлілі асобу аднаго са злачынцаў, калі пацярпелых нават не выклікалі дзеля складаньня фатаробату. Невядома таксама, чаму ў міліцыю так і не выклікалі трох сьведкаў, якія бачылі злачынцаў, што павольна ішлі па вуліцы Дарашэвіча менавіта ў бок міліцыі.

XS
SM
MD
LG