Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША І БЕЛАРУСЬ НЕ ПАРАЗУМЕЛІСЯ Ў ПЫТАНЬНІ НЕЛЕГАЛЬНЫХ ПАСТАВАК ЗБРОІ


Валер Каліноўскі, Менск

Стывэн Пайфэр пасьля сустрэчаў зь міністрамі абароны і замежных справаў Беларусі ды кіраўніком прэзыдэнцкай адмінстрацыі паведаміў, што абмяркоўваліся некаторыя канкрэтныя захады дзеля таго, каб у Беларусі існавала сыстэма кантролю за экспартам зброі.

На ягоную думку, вельмі важна, каб урад Беларусі адсочваў, куды канчаткова трапляе зброя, якую прадае Беларусь. Паводле словаў Стывэна Пайфэра, прадстаўнікі беларускага ўраду адказвалі, што зацікаўленыя й імкнуцца да таго, каб не дапусьціць паставак зброі краінам і арганізацыям, зьвязаным з тэрарызмам.

Стывэн Пайфэр у цэлым ня быў задаволены адказамі беларускага боку, але адзначыў як карысныя сустрэчу і абмен думкамі ў Мінабароны, паведаміўшы, што амбасадар Майкл Козак будзе працягваць гэтыя размовы. Гаворыць Стывэн Пайфэр:

(Пайфэр: ) “Але вызначальным паказчыкам для нас будзе, ці пабачым мы спыненьне паставак зброі зь Беларусі краінам-ізгоям. І ў далейшых кантактах зь беларускім урадам мы таксама будзем надзвычай уважліва сачыць за гэтым”.

Але ў сёньняшнім камэнтары сустрэчы са Стывэнам Пайфэрам беларускае замежнапалітычнае ведамства фактычна абвергла сказанае прадстаўніком Дзярждэпартамэнту. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “У сувязі са зьяўленьнем у СМІ шэрагу краін, у тым ліку і ЗША, публікацыяў аб нібыта незаконным гандлі Беларусьсю зброяй са спасылкамі на спэцыяльныя службы шэрагу заходніх краін, беларускі бок даў вычарпальныя камэнтары па згаданай тэматыцы, адзначыўшы дакладнае выкананьне Беларусьсю адпаведных міжнародных норм, якія дзейнічаюць у гэтай сфэры. Пры гэтым прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША не было прадстаўлена фактаў незаконнага гандлю Беларусьсю зброяй”.

Стывэн Пайфэр казаў, што інфармацыя пра продаж беларускай зброі, якую атрымлівае ўрад ЗША, — гэта зьвесткі з розных крыніцаў, што сапраўды заслугоўваюць даверу. Аднак ЗША, як і іншыя краіны, часам ня могуць раскрываць усе падарабязнасьці дзеля таго, каб абараніць гэтыя самыя крыніцы.

Але як заявіў Стывэн Пайфэр, падчас сваіх сустрэчаў з прадстаўнікамі ўраду Беларусі ён называў некалькі канкрэтных прыкладаў продажу Беларусьсю зброі альбо навучаньня замежных вайскоўцаў, якія выклікаюць занепакоенасьць у ЗША. Амабасадар ЗША Майкл Козак таксама падкрэсьліў, што канкрэтныя выпадкі называліся амэрыканскім бокам.

Яшчэ напярэдадні гэтых дыскусіяў Аляксандар Лукашэнка абверг паведамленні СМІ пра нелегальны продажы беларускай зброі. 19 лютага ў інтэрвію “Wall Street Journal” ён сказаў, што, паводле ягонага распараджэньня, амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак асабіста атрымаў ўсю інфармацыю на гэты конт з афіцыйных беларускіх крыніцаў, і што спадар Козак быў ёю задаволены і ўпэўніўся, што няма ніякіх падставаў для гэткіх абвінавачаньняў Беларусі.

Аднак сам амбасадар Майкл Козак, пацьвердзіўшы факт такіх размоваў з кіраўніцтвам Беларусі, заявіў, што зусім не задаволены гэтымі тлумачэньнямі.

(Козак: ) “Мы не задаволеныя гэтымі адказамі, і доказам таму той факт, што мы вымушаныя былі тыя самыя пытаньні абмяркоўваць і падчас нядаўняга візыту дэлегацыі кангрэсмэнаў, і падчас цяперашніх перамоваў. Такім чынам, сустрэчы такія былі, але мы не задаволеныя адказамі”, — сказаў амбасадар Майкл Козак.

XS
SM
MD
LG