Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ЗЫЧАЦЬ ПЕРАМОГІ БЕЛАРУСКАЙ ХАКЕЙНАЙ ЗБОРНАЙ НА АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯХ


Ганна Соусь, Менск

Яшчэ ідучы падземным пераходам, чую гук пілы. Падыходжу бліжэй — ля намёту Сяржук Высоцкі й жыхар мікрараёну “Зялёны Луг” спадар Яўген пілуюць дровы.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі дроваў патрэбна вам на дзень і на ноч?”

(Высоцкі: ) “Вось такое бярвеньне, калі пакалоць, то якраз хопіць на цэлы дзень дакладна й яшчэ на частку ночы”.

У валанцёраў нарэшце скончыліся праблемы з ацяпленьнем намёту. Працягвае Глеб Вязоўскі:

(Вязоўскі: ) “Учора спадар Валянцін прывез грузавік дроваў, так што зараз з дровамі асаблівых праблемаў няма. Сёньня ізноў былі замаразкі, мінус дзесяць, але ж пратрымаліся”.

Глеб адчувае сябе не зусім добра, ён быў бадай адзіным з валанцёраў, хто да гэтага не захварэў на грып, але цяпер хвароба, напэўна, адолела й яго.

Валанцёры адзначаюць, што апошнім часам цікавасьць да Курапатаў павялічылася. Надоечы ў лягеры правёў ноч карэспандэнт “Белорусской газеты”, ён цяпер рыхтуе рэпартаж пра абаронцаў Курапатаў. Былі й іншыя наведнікі. Пра іх распавядае актывіст Антось:

(Антось: ) “Учора прыходзіла бабулька з чарнобыльскага раёну, пыталася, ці магчыма атрымаць сьпіс людзей, якія былі расстраляныя ў Курапатах. Прыходзілі міліцыянты, мы прайшлі зь імі да лавы Клінтана, дык яны кажуць: “А гэныя мярзотнікі, як гэта дарогу па касьцях будаваць. Малайцы, што вы тут трымаецеся, удачы вам!”

Большасьць абаронцаў Курапатаў — заўзятары, і яны пільна сочаць за выступамі беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Амэрыцы. Сяржук Высоцкі ўзгадвае, зь якой радасьцю успрынялі валанцёры перамогу беларускіх хакеістаў над швэдзкай зборнай.

(Высоцкі: ) “Ня толькі Аляксандар Лукашэнка любіць хакей. Многія абаронцы Курапатаў любяць футбол, хакей. Нават некаторыя хакеісты зьяўляюцца маімі знаёмымі. Прыкладам, Аляксандар Бяляеў, адзін з трэнэраў беларускай зборнай, браты Панковы. Вядома, што вельмі спачувае беларускаму руху Аляксандар Андрыеўскі.

Мяркую, гэтая перамога — за тыя малітвы, што былі тут у Курапатах і тых людзей, якія былі вакол іх. Гэта адзнака беларускаму народу за мужнасьць на Курапатах, гэтая перамога найвялікшым чынам зьвязаная з барацьбой на Курапатах, калі найлепшыя прадстаўнікі нацыі даказваюць, што Беларусь жыве, Беларусь змагаецца”.

Сёньня ўвечары абаронцы Курапатаў зноў будуць перажываць за беларускую хакейную зборную.


XS
SM
MD
LG