Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАБАРАНІЛІ КАТАЛІКАМ МЕНСКАГА МІКРАРАЁНУ ЛОШЫЦА ПРАВОДЗІЦЬ НЯДЗЕЛЬНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ Ў СЯДЗІБЕ ЛОШЫЦКАГА ПАРКУ


Галіна Абакунчык, Менск

У сядзібе Лошыцкага парку вернікі новастворанай парафіі Панны Марыі правялі толькі шэсьць набажэнстваў. Кіраўніцтва Менскзеленбуду, які валодае ўсёй палаца-паркавай гаспадаркай сталіцы, забараніла каталікам наведваць будынак з прычыны быццам бы ягонага аварыйнага стану.

А намесьніку дырэктара Яўгену Церахаву, які дазволіў нядзельныя літургіі, абвесьцілі вымову. Гаворыць ксёндз-пробашч Ігар Лашук:

(Лашук: ) “Сказалі, што палац з дня на дзень увесь заваліцца. Я папрасіў: дайце старожку, што побач. Адказалі, што там трэба разьдзявалку зрабіць. Побач флігель адноўлены стаіць — можна было там разьдзявалку зрабіць. Няхай бы аддалі гэтыя трыццаць квадратных мэтраў людзям, якія ўжо ўсё перацярпелі, няхай бы маліліся. Не. Разьдзявалка больш патрэбная”.

Парафія Панны Марыі была створаная напрыканцы мінулага году, калі пробашчу Ігару Лашуку стала зразумела, што суседні прыход у Серабранцы ня зьмесьціць усіх вернікаў, якія цяпер актыўна прыбываюць з новабудоўлі ў мікрараёне Лошыца.

Дарэчы, ксёндз і парафіяне не пашкадавалі сілаў і сродкаў, каб у гэтым мікрараёне дабудаваць кінутае дзяржавай памяшканьне крамы. Цяпер тут каталіцкі сацыяльны цэнтар, які клапоціцца пра цяжкіх падлеткаў — далёкіх ад Бога й напаўзабытых дзяржавай. Гаворыць сястра Вераніка:

(Вераніка: ) “У асноўным гэта моладзь з вуліцы, з нашых пад’ездаў, якія сядзяць і палохаюць людзей сваімі паводзінамі. Да нас яны прыходзяць кожны вечар: гуляюць у тэніс, валейбол, баскетбол — прычым бясплатна, і гэта іх прываблівае. А раней у гэтым будынку ні акон, ні дзьвярэй, ні столі не было. Усё было закінута”.

Ксёндз Ігар Лашук разам зь вернікамі Лошыцкай парафіі не губляюць надзеі, што яшчэ здолеюць аднавіць старажытную паркавую капліцу, разбураную бальшавікамі, альбо збудаваць новы храм. Ня маючы памяшканьня, спрабуюць цяпер вярнуць для набажэнстваў парафіяльны касьцёл у Раўбічах, у якім месьціцца музэй народнай творчасьці. Але ўлады адмаўляюцца аддаваць прысвоеную бажніцу. Гаворыць ксёндз Ігар Лашук:

(Лашук: ) “Зьвярнуліся мы да Міністэрства культуры. Такое ўражаньне, што гэта Міністэрства без культуры. Сказалі — калі хочаце сабе будынак, дык пабудуйце для нас новы. Мы што, зь месяца зваліліся? Мы ня просім чужога аддайце нам нашае: Катэдру з боем выбівалі, Чырвоны касьцёл. Што, і на Раўбічы з боем трэба ісьці? Як давядуць, дык пойдзем. Павыносім гэты музэй. Але не хацелася б, каб канфрантацыі былі”.

Пакуль ксёндз ходзіць па кабінэтах, шукаючы паразуменьня з чынавенствам, вернікі штонядзелі зьбіраюцца на вуліцы каля руінаў капліцы ў Лошыцкім парку, каб чарговы раз шукаць новага прытулку для малітваў. Пакуль хопіць цярпеньня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG